Вы тут

ART-космас Аляксандра Кішчанкі


Існаванне чалавека ў неабдымным свеце


Аляксандр Кішчанка — мастак-інтэлектуал. Яго творы шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Ён здзейсніў сапраўдны прарыў у сферы выяўленчай культуры сучаснасці. Прыродны талент і касмічнае мысленне рэалізаваў у Беларусі, на сваёй другой радзіме, дзе пражыў большую частку жыцця. Мастак стаяў ля вытокаў фарміравання школы манументальнага мастацтва ў Беларусі і быў адным з заснавальнікаў школы нацыянальнага сучаснага габелена. Не меней ярка раскрыўся творца ў станковым жывапісе: бліскуча валодаў усімі законамі малюнка, кампазіцыі, колераўспрымання, што і дэманструецца на выстаўцы «Касмічны пілігрым», якая адкрылася на пачатку верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

У экспазіцыі прадстаўлена жанравая і тэматычная поліфанія станковай творчасці Аляксандра Кішчанкі апошніх дваццаці гадоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і сям’і, а таксама прыватных калекцый. Гэта шматфігурныя кампазіцыі, партрэты, нацюрморты, у якіх закранаецца сацыяльная праблематыка, раскрываюцца тэмы суіснавання ідэальнага чалавека і сусвету, пераасэнсоўваюцца біблейскія і міфалагічныя матывы.

Народнага мастака Беларусі няма з намі ўжо больш за 20 гадоў (пайшоў з жыцця ў 1997 годзе). Нягледзячы на гэта, размовы пра яго творчасць не сціхаюць па гэты дзень, а імя не сыходзіць з газетных палос і часта мільгае ў стужках навін. Творчае жыццё мастак пачынаў у Львове, але затым яго запрасіў у Беларусь заснавальнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва сённяшняй Акадэміі мастацтваў Гаўрыіл Вашчанка. Да 1970 года творца выкладаў на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, і гэта самы прадуктыўны перыяд яго творчасці. За гэты час ён змог наладзіць габеленавую вытворчасць у Беларусі. Дарэчы, яго манументальны філасофскі эпас — знакаміты «Габелен стагоддзя» — у 1999 годзе быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі ў свеце. Работа прызнана нацыянальным здабыткам. На палотнішчы памерам 19x14 метраў аўтар адлюстраваў самых вядомых асоб мінулага і сучаснасці, а таксама падзеі светабудовы: Ноеў каўчэг, Хрыста і Антыхрыста, Крэмль, Папу Рымскага, Чэрчыля, Гарбачова, Сталіна, Хэмінгуэя, Кастра (больш чым 80 партрэтаў). У адным з куткоў габелена аўтар змясціў уласны партрэт. Асноўная задума мастака сканцэнтравана не ў партрэтах палітычных дзеячаў, а ў цэнтральным сюжэце габелена — інтэрпрэтацыі канфлікту Хрыста і Антыхрыста. Работа доўжылася пяць гадоў. Твор выстаўляўся на публічны паказ толькі некалькі разоў.

— Аляксандр Кішчанка — унікальны мастак, педагог, які стварыў сваю мастацкую спадчыну, — упэўнены дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Безумоўна, ён быў пацалаваны Богам. Работы, створаныя ім у манументальным мастацтве, сёння складаюць залаты фонд Беларусі. І наша выстаўка адлюстроўвае толькі малую частку яго творчасці. Ён рана пайшоў з жыцця, а мог бы стварыць яшчэ шмат. Напрыклад, прыняць удзел у працы над Нацыянальнай бібліятэкай. Мне прыемна казаць пра тое, што мы з ім былі блізка знаёмыя. Для мяне гэта сапраўдны гонар. Аляксандр Міхайлавіч аказаў на мяне пэўны ўплыў.

Куратар выстаўкі мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая падкрэслівае, што Аляксандру Кішчанку ўласцівы шырокі жанравы і тэматычны дыяпазон, глыбокае філасофскае пераасэнсаванне рэчаіснасці, грамадзянскасць, вострае адчуванне сучаснасці, характэрныя эмацыянальна-выразныя пластычныя рашэнні. Некаторыя работы мастака на выстаўцы можна ўбачыць упершыню — да гэтага яны захоўваліся ў калекцыі сям’і аўтара. Ёсць у экспазіцыі і хрэстаматыйныя кампазіцыі маэстра. Увогуле, экспазіцыя — поўная карціна «сусветнага рэалізму» Кішчанкі. Менавіта так ён называў свой стыль адлюстравання рэчаіснасці. Але гэта з пункту гледжання філасофіі, а што тычыцца мастацкіх прыёмаў, адметных у работах мастака, то тут пануюць аб’ём і фактурнасць.

— Колькі б мы ні пералічвалі заслуг Аляксандра Міхайлавіча, гэтага будзе мала, каб усвядоміць веліч яго найвышэйшага ўзроўню ў мастацтве, — адзначае старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Мала каго можна паставіць з ім побач па тым унёску, якi ён зрабіў у культуру нашай радзімы. Асабліва прыемна казаць пра яго знакамітыя манументальныя творы. Ён апраўдаў у свеце беларускае мастацтва, закрыў усе пустыя ў дваццатым стагоддзі нiшы творчасці, прыўзняў узровень беларускага нацыянальнага мастацтва. Для мяне ён мастак нумар адзін. Маштаб яго велізарны, намі да канца не ацэнены. «Габелен стагоддзя», аналагаў якому няма ў свеце, спадзяюся, будзе выстаўлены. Гэты твор павiнен быць паказаны шырокаму свету.

Аляксандр Кішчанка быў нястомным і неабыякавым да таго, што адбывалася вакол. Працуючы над любымі кампазіцыямі, ён надаваў колерам сімвалічны сэнс. У яго творчым успрыманні охра — гэта беларуская зямля, чырвоная мазаіка — кроў. Чорныя і цёмна-карычневыя тоны — цяжкая гісторыя беларускага народа ў часы вайны. Жоўтая смальта — вера ў перамогу. Мастака раздражняла шэрасць і манатоннасць, таму ў творчым працэсе галоўным для яго была дынаміка мыслення.

Цікава, што творца ніколі нічога не прыдумваў, яго вобразнасць і выразнасць пабудаваны на рэальных асобах і падзеях. Вялікая колькасць асоб пазіравала майстру. Яму была важная дасканаласць. Таму ўсе рухі, мімічныя рысы герояў былі асэнсаваныя і даведзеныя да максімальнага падабенства.

— Аляксандр Кішчанка падобны на сімфанічны аркестр: страляе з усіх гармат адразу, — адзначае загадчыца аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Кацярына Ізафатава. — Тут і колер, і апавяданне, і сімвалы, метафарычнасць… Гледачу, вядома, даводзіцца добра падумаць, разгадваючы тыя ці іншыя сэнсы, зададзеныя мастаком. У прыватнасці, тая ж работа «Цемрашальства» прадугледжвае адразу некалькі трактовак.

Шматграннасць Аляксандра Кішчанкі праявілася не толькі ў творчасці, але і ў выкладанні. Ён быў патрабавальным выкладчыкам, але ад гэтага не менш цікавым. Вучні вельмі любілі прыходзіць на заняткі да яго не толькі па веды, але і каб зарадзіцца гумарам і натхняльным настроем. Сярод яго вучняў былі такія знакамітыя дзеячы мастацтва, як Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Юрый Багушэвіч і іншыя.

Сын мастака Максім успамінае, што бацька ў дзяцінстве здаваўся яму касманаўтам, таму што ўвесь час шукаў адказ на пытанне, якая асноўная роля чалавека ў нашым неабдымным свеце. Аляксандр Кішчанка не быў абыякавым, увесь час шукаў новыя магчымасці раскрыцця патэнцыялу, спрабаваў адкрыць для сябе новыя грані ўспрымання свету. Таму сёння можна быць упэўненым: адказ на галоўнае пытанне жыцця майстра знойдзены.

Сёння карціны мастака-манументаліста захоўваюцца ў мастацкіх музеях Беларусі і Расіі, у тым ліку ў Траццякоўскай галерэі, а таксама ў прыватных калекцыях. Творы Аляксандра Кішчанкі магутныя па канцэнтрацыі сучаснай праблематыкі. Народны мастак імкнуўся ўзвысіць нашу нацыю ў яе гераічнай нязломнасці, мірным жыцці і ў зацвярджэнні хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.