«Звязда» дапамагла жыхарам мікразоны Падгорная-Падміколле ліквідаваць стыхійную паркоўку каля гарадской бальніцы ў Магілёве.
Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. Менавіта з ім мы ў канцы чэрвеня прайшліся па вуліцы Боткіна, каб упэўніцца ў тым, што ён не перабольшвае, сцвярджаючы, што вуліцу ператварылі ў сапраўдную паркоўку. «Тут дзве машыны не могуць раз'ехацца, не кажучы пра рэйсавы аўтобус. Летась было чатыры аварыі, дзве з якіх з аўтобусам», — абураўся ён, каментуючы і без гэтых слоў красамоўную карціну. Вузкая вуліца з крутым спускам, застаўленая з абодвух бакоў легкавымі аўто, нагадвала хутчэй паласу перашкод, чым праезную частку.
А нядаўна няўрымслівы старшыня патэлефанаваў, каб падзяліцца вынікам нашай сумеснай інфармацыйнай работы. І мы з задавальненнем прайшліся па кардынальна змяніўшай выгляд вуліцы.
Без перашкод
— Наогул мы, жыхары Падгорнай, змагаліся за гэтую вуліцу год і тры месяцы, — кажа скрупулёзны ў такіх справах Аляксандр Пікуля. — Спачатку звярталіся ў гарадскія службы, ДАІ, гарвыканкам. Прыходзілі адпіскі, колькі машын было затрымана, колькі кіроўцаў пакарана, але хутка ўсё вярталася на свае месцы. Толькі пасля звароту ў газету і да новага губернатара Леаніда Зайца праблема вырашылася. Калі ў «Звяздзе» выйшла публікацыя, сюды прыехала камісія з гарвыканкама — усяго 19 чалавек з ліку тых, хто мог неяк паўплываць на сітуацыю. Пасля гэтага дарога з боку бальніцы была цалкам вызвалена ад транспарту. На супрацьлеглым баку, наадварот, стала болей парковачных месцаў. Дадаткова з'явілася яшчэ восем. Магу аўтарытэтна заявіць, што парушэнняў болей не было. Я сам зацікаўлены ў гэтым, бо жыву на Падгорнай і ведаю, што турбуе яе жыхароў. Дарэчы, пасля прыёму ў губернатара адказным работнікам гарвыканкама і гарадскіх службаў было дадзена даручэнне навесці парадак на аналагічных вуліцах па ўсім горадзе, дзе існуе такая праблема. Я вельмі ўдзячны за гэта Леаніду Зайцу.
На вуліцы Боткіна знаходзіцца гарадская бальніца першай медыцынскай дапамогі, і тут заўсёды шмат машын. Але дзякуючы прынятым мерам таго хаосу болей няма. Акрамя паркоўкі ўздоўж дарогі тут стала болей месца і на іншых парковачных пляцоўках і нават з'явіліся новыя. Напрыклад, замест прыватнага дома, які быў нядаўна знесены.
Не паспяваю круціць галавой па баках, каб не прапусціць ніводнага месца, дзе адбыліся змены і добраўпарадкоўваюцца парковачныя месцы. Старшыня мікразоны просіць звярнуць увагу на прыпынак для грамадскага транспарту: глядзіце, маўляў, які парадак.
— Гэта самае галоўнае, за што мы тут змагаліся, — кажа актывіст. — Зараз нашаму аўтобусу нічога не перашкаджае.
Ён кажа, што толькі ўздоўж дарогі за кошт часткова тратуара, часткова дарожнага палатна добраўпарадкавана 55 парковачных месцаў.
Не адразу заўважаю, што насупраць радзільнага дома з'явіліся новая агароджа і тратуар.
Паркоўка збоку будынка на 20 машын пашырылася ўдвая, і цяпер на ёй змогуць размясціцца 38 адзінак транспарту. Усё акуратна і гарманічна. Калі мы праводзілі свой стыхійны «інспектарскі» рэйд, рабочыя якраз малявалі раздзяляльныя палосы.
— Прыгажосць, словамі не перадаць, — не мог нарадавацца Аляксандр Пікуля і з горыччу дадаў: — значыць, можна было зрабіць усё гэта і раней, але чамусьці ігнаравалі. Гэта недапрацоўка мясцовых улад. Адсюль і скаргі ад насельніцтва. Кагосьці праігнаравалі, камусьці далі адпіску, і праблема з маленькай ператвараецца ў вялікую.
Раз прыступка, два прыступка...
Карыстаючыся момантам, Аляксандр Пікуля запрашае паглядзець, як выглядае яшчэ адна вуліца, якая ўжо таксама перастала быць праблемнай, — Катоўскага. Пра яе мы неаднойчы пісалі. Зараз тут робяць доўгачаканы асфальт і зялёную зону.
— Калі я быў у губернатара на прыёме, я падымаў два жыццёва важныя для тутэйшых жыхароў пытанні — па праезнай частцы вуліцы Боткіна і па добраўпарадкаванні вуліцы Катоўскага, якая знаходзіцца на беразе ракі Дзебры. Гэта добраўпарадкаванне вялося там з 2010 года, і канца яму не было відаць.
Па дарозе ацэньваем рамонт драўлянай лесвіцы, якая вядзе з вуліцы Тані Карпінскай на Дзебранскі спуск — гэта прамы шлях на вуліцу Катоўскага. Актывіст гатовы паказаць фота, як яна нядаўна выглядала, але я веру на слова. У мяне пры візуальным аглядзе вынікаў работы камунальнікаў прэтэнзій да рамонту не ўзнікла. Але Пікуля праверыў на трываласць ледзь ні кожную прыступку. У надзейнасці да некаторых у яго ўсё ж такі засталіся пытанні. І пра гэта ён выказаўся пры мне, патэлефанаваўшы, куды трэба. Перыядычна пры гэтым падмацоўваў сваю скаргу словазлучэннем: «Звязда» ўжо ў курсе». Праз некалькі дзён пасля нашага праменаду ён патэлефанаваў у карпункт і даў поўную справаздачу: прыступкі надзейна ўмацаваныя. Пры гэтым змагар за інтарэсы жыхароў Падгорнай панаракаў, што, улічваючы, колькі людзей жыве тут, горад мог бы і металічную лесвіцу паставіць. Яна больш надзейная, і прыступкі не псаваліся б так часта.
Новы твар Дзебры
Вуліца Катоўскага — адна з цэнтральных на мікразоне. Уздоўж яе цягнецца заціснутая ў бетон Дзебра. Па баках ад ракі праезная частка — асфальт тут з'явіўся зусім нядаўна. На месцы развілкі гара зямлі — спецыяльны грунт для будучай зялёнай зоны. Калісьці тут была каналізацыйна-помпавая станцыя, але яе ўжо знеслі. Замест яе ўтварылася пустэча. Але, як запэўнівае Пікуля, налета тут будуць буяць кветнікі.
— Звярнуўся да кіраўніка «Магілёўзелянбуда» Пятра Аляксейчыкава, каб дапамог зрабіць нешта накшталт месца адпачынку, і ён пачуў. Вельмі добрасумленны кіраўнік, яшчэ ніколі не падводзіў. Ён і дэпутат талковы. Глядзіце, як акуратна зроблена работа. Наогул, тут шмат хто сваю руку прыклаў. Дзякуй усім за гэта. Цяпер у нас тут і мосцікі з парэнчамі, і ліхтары, і сметніцы, і дарога.
Пакуль мы аглядалі месца перамен, далучылася жанчына, якая пацікавілася, ці дойдзе асфальт на яе вуліцу Сацыялістычную.
— Не спяшайцеся, — супакоіў яе Пікуля. — Бачыце, ужо пачалі нешта рабіць. І да вас справы дойдуць.
Калі мы ўжо вярталіся назад, старшыня мікразоны звярнуў увагу на мясцовую краму ад райспажыўкааперацыі. Да яе ўладальнікаў у Пікулі таксама ёсць заўвагі. Вакол тэрыторыя не добраўпарадкаваная, агароджы няма. Побач малельны дом, і па нядзелях тут машыны паркуюцца, дзе хто пажадае. Такое бязладдзе толькі раздражняе старшыню вулічкама і тутэйшых жыхароў.
Жанчына з Сацыялістычнай, якая прымкнула да нашай кампаніі, падтрымлівае актывіста, маўляў, ну зусім тэрыторыя недагледжаная.
На развітанне актывіст усё ж такі раскрывае сваю папку, каб паказаць яшчэ некалькі «цікавых» здымкаў. Адно з фота нагадвае чорны квадрат Малевіча з белымі кропкамі збоку.
— Гэта наша вуліца Альхоўская ноччу, — саркастычна каментуе ён здымак. — А белыя кропкі — ліхтары, якія робяць выгляд, што працуюць. Зараз, калі цямнець пачынае вельмі рана, тут можна згубіцца ў цемры. Фатаграфаваў прафесіянал. Вось і я кажу, што жах. А там нашы дзеці ходзяць. Нельга такое пакідаць без увагі...
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».