Вы тут

Анатомія восені


Юлія Шэдзько

нарадзілася 29 ліпеня 1986 года ў Віцебску.



АНАТОМІЯ ВОСЕНІ

* * *

Мы выпраўляемся ў шлях,

караблі і ветразі, усё як след,

дождж ушчэнт залівае палубу

і ўвесь навакольны свет.

Наш дом паволі скрануўся з падмурка,

усе спяць, толькі мы выходзім на нос карабля —

глядзець, як сузор’і змяняюць сузор’і,

як успыхваюць зараніцы за даляглядам,

як час прамінае, пакуль усё спіць.

Лятуць стагоддзі над светам, а мы плывём,

сны калыхаюць людзей, як чоўны,

а мы ўсё глядзім удалячынь і не хочам заплюшчваць вочы.

Срэбнай заслонай дождж, вось ужо і мора паўсюль,

і нічога больш.

Гэта зусім не дом, а каўчэг,

месяц лунае ў нябёсах, і мы у хвалях лунаем,

наш карабель ці дом, ці высокі востраў —

не бачна, бо дождж, дый не важна —

ён плыве па бяскрайняй прасторы, і мы ўсё не спім,

высылаем у свет галубоў,

белыя птахі далёка лятуць, зліваюцца з белаю пенаю хваль.

Мы плывём, як далёка — хто б ведаў?

Але не ў гэтым сэнс.

Нам — пераплыць бы праз мора, праз ноч і сны,

следам за белымі птахамі

пераляцець, нібы выраслі крылы ў карабля белыя,

і каб зоркі ззялі над намі, а што дождж — ну і хай сабе,

гэта толькі прычына шчыльней прытуліцца спінамі.

 

* * *

У неба сёння дэпрэсія —

пярэстая,

як галубы на весніцах,

на лесвіцах,

у падстрэшшы старым і дзіравым.

 

Неба ходзіць па бэльках сусветнага даху,

застылага, засыпанага

жоўтымі фотаздымкамі

пажоўклага лісця

яшчэ з восені.

Ды, зрэшты,

ужо якую вясну

не даходзяць (ці не падымаюцца) рукі

прыбраць прыцярушаны лісцем

колішніх восеняў дах.

 

У неба дэпрэсія —

зрэбная

кашуля, заношаная

процьмаю прошлых

і прышлых гаспадароў.

Яе выкідаюць на сметнік,

ірвуць з трэскам у рыззё,

а яна вяртаецца, пошасць,

напамінкам колішняга або

да болю знаёмымі

лахманамі на чыіхсьці апушчаных

плячах.

 

У неба дэпрэсія —

веснавая,

як закаханая жанчына,

што весціць

аб сваім каханні слязьмі

і сонечнымі промнямі,

халадэчай

і воблакам квецені на вішні.

 

У неба дэпрэсія —

нябесная,

ды што тут скажаш,

чалавеча.

 

Анатомія восені

Анатомію восені крэсляць маршрутамі самалётаў

і праводзяць вачыма ў тузе па ўсім вечным і цёплым:

каханні–свабодзе–жыцці, — выцягні свой квіток на рэйс

і ляці з усіх крылаў да іх — ці ад іх, ужо ўпотай.

Анатомію восені пішуць абдымкамі ля калон

у метро. За Эўрыдыку Арфей коле пікаю парасона

забыццё і самую смерць, каб ўрачыста адзначыць крэс

неапошняга лістападу — і верыць у вернасць да скону.

Анатомію восені вучаць па жылах кляновых лістоў,

іх адчайных далонях, працягнутых раптам, без слоў,

у апошнім «бывай» ад любімых; а ў вогнішчах спрэс

ўсё гарыць і ніяк не згарае іх рэха — а ў памяці дый пагатоў.

 

Дыялогі

Ты кажаш зноў: лістапад — гэта заўсёды цяжка.

І мне лістападнае неба таксама цісне на плечы.

Няпроста з ім гаварыць — такім набрынялым, важкім,

абсурдна ад лістападу па лістападзе бегчы.

Бясконцыя дыялогі наканавана вытрымаць,

і лепей бы мне маўчаць, а я гавару, гавару...

Цяжка стрываць травой, калі столькі трэба выказаць.

Вазьму і на падаконні ў імбрыку пасаджу —

лепей вішнёвую — костку, скрываўленую і цвёрдую,

няхай яна прарасце, калі будзе цемра і ноч,

а раніцай будзе лёгкі вішнёвае кавы водар

і снег, таксама вішнёвы, дзе сонца прайшло наўзбоч.

Спытай яе, чаго вартая поўная шклянка роспачы

і колькі анёлаў змесціцца на вейках тваіх у сне.

Скрываўленая, пунсовая, вішнёвая цвёрдая костачка

пад тонкім празрыстым вэлюмам у сэрцы маім жыве.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.