Вы тут

Валерый Кварацхелія: «Настолькі грандыёзнай “Тбілісобы”, як у Мінску, няма нават у Тбілісі»


Беларусь і Грузія  — краіны з цікавай і яркай гісторыяй, у якіх, з аднаго боку, можа, і не так шмат агульнага, але ж з іншага — шмат павагі адна да адной. Краіны-сяброўкі ўжо 25 гадоў імкнуцца максімальна разгарнуць шматвектарны патэнцыял супрацоўніцтва, і на гэтым шляху неаднаразова сутыкаліся са складанасцямі, але яны яшчэ лепш дапамагалі зразумець: мы крочым у адным напрамку.


Зараз у Мінску актыўна дзейнічае Пасольства Грузіі ў Беларусі. Гэта заўважна па шматлікіх беларускагрузінскіх мерапрыемствах. Толькі на мінулым тыдні адбыўся шэраг сумесных праектаў, адным з якіх стала маштабнае адкрыццё выстаўкі «Пад небам Грузіі і Беларусі» ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Мастакі дзвюх краін аб’ядналіся, каб падтрымаць дыпламатычныя стасункі Беларусі і Грузіі. На адкрыцці выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія адзначыў, што сумеснае развіццё дапамагае шукаць і знаходзіць агульную мову, пазбягаць непаразуменняў.

Выстаўка «Пад небам Грузіі і Беларусі» стала добрай нагодай для размовы з паслом Грузіі наконт развіцця рознабаковых культурных стасункаў і магчымасцяў больш глыбокага вывучэння нацыянальных рыс абедзвюх краін.

— Спадар пасол, Беларусь — краіна, якая дзесяцігоддзі выбудоўвае сяброўскія адносіны з многімі дзяржавамі. Грузія не выключэнне. Як вы ацэньваеце нашы двухбаковыя кантакты? Наколькі максімальна сёння Пасольства Грузіі ў Беларусі рэалізоўвае свой патэнцыял на нашай зямлі?

— За мінулы тыдзень у Мінску прайшло шмат грузінска-беларускіх мерапрыемстваў. Выстаўка «Пад небам Грузіі і Беларусі» стала яркай падзеяй. Вядома, мы хочам, каб палітыка была ўбаку ад культуры, эканомікі і спорту, але яна ўсё ж уплывае, і часам у гэтым адчуваецца пэўная карысць. Як у выпадку развіцця стасункаў Беларусі і Грузіі.

Сёння, на шчасце, паміж нашымі краінамі выдатныя адносіны. Мы ўзаемадзейнічаем па любых пытаннях. І гэта адразу ж адбіваецца на культурным супрацоўніцтве. У нас прайшла выстаўка ў галерэі імя Міхаіла Савіцкага «Грузія  — краіна старажытнай культуры». Гэта вельмі цікавы праект, які выклікаў рэзананс у беларускай грамадскасці. Мы пастараліся дапамагчы дзіцячым дамам, перадалі ім квіткі, каб выстаўку наведалі таксама маленькія госці. Такім чынам хацелі паказаць патэнцыял Грузіі як краіны, якая цяпер адна з вядучых у свеце па турызме. Уявіце толькі: наша краіна налічвае 3,5 мільёна насельніцтва, а мы кожны год прымаем 8 мільёнаў турыстаў. Гэта вельмі добры паказчык. А пасля выставак, якія мы арганізоўваем у Беларусі, бачым, як беларусы загараюцца і таксама хочуць убачыць прыгажосць Грузіі, бо гэта краіна не толькі мора, але і прыгожай незабыўнай культуры. Раней беларусы прыязджалі толькі ў Тбілісі ці Батумі, цяпер з’яўляецца шмат іншых месцаў, якія раскрываюць наш патэнцыял больш шырока.

Нядаўна ў Мінску мы правялі вечар памяці выдатнага кампазітара Гія Канчэлі, які памёр месяц таму. Велізарную падзяку хочацца выказаць беларускай філармоніі і ансамблю «Класік-Авангард», якія зладзілі ўнікальны вечар. Я атрымаў велізарнае задавальненне, думаю, іншыя гледачы таксама. Гэтым мы яшчэ раз даказалі: у Грузіі ёсць цікавыя кампазітары.

На дадзены момант у Беларусі гастралююць два грузінскія тэатры. Гэта вельмі цікавы Тэатр руху і Тэатр кінаакцёра імя Міхаіла Туманішвілі, які пакажа спектаклі ў Мінску і Гомелі. Нядаўна пабываў у вашай краіне Кутаіскі дзяржаўны драматычны тэатр імя Ладо Месхішвілі. А ў рамках форуму «Тэарт» паказалі ўнікальны спектакль «Сталінград» Тэатра Рэза Габрыядзэ з Тбілісі. Гэты спекакль аб’ездзіў увесь свет. І ўсюды яго прымалі выдатна. Дарэчы, беларускія тэатры таксама ў хуткім часе адправяцца ў Тбілісі.

Выстаўка «Пад небам Грузіі і Беларусі» стала завяршэннем яркіх падзей лістапада. Грузінскія мастакі, якія жывуць тут (грузіны па паходжанні), з задавальненнем згадзіліся ўзяць у ёй удзел. Мне было цікава паглядзець на беларускіх мастакоў. Заўважна, што галерэя «Універсітэт культуры» шмат папрацавала. Мы адабралі менавіта тых аўтараў, якія неяк звязаны з Грузіяй.

На гэтым год беларуска-грузінскіх культурных адносін не заканчваецца. 6 снежня чакаецца неверагодная падзея: легендарныя Нані Брэгвадзэ і Вахтанг Кікабідзэ выступяць у Мінску з канцэртам. Іх ніхто не мог аб’яднаць з 1960-х гадоў. Калісьці яны разам пачыналі музычны шлях, а сёння паспяховыя кожны сам па сабе, але вырашылі на некалькі гадзін вярнуцца ў эпоху, калі маладосць бурліла ў крыві, ды, мне здаецца, яна ў іх бурліць і сёння.

Мяркую, што наступны год будзе таксама насычаны сумеснымі культурнымі мерапрыемствамі, бо мы ўжо многае напланавалі. Сіл хапае, магчымасцяў — таксама, таму што дапамагаюць нашы спонсары і беларускія калегі. Для чаго мы наогул усё гэта робім? Хочам, каб беларускі народ добра ведаў Грузію, а грузіны — беларусаў.

Скажу прама: Беларусь і Грузія цяпер знаходзяцца ў такіх адносінах, якіх не было, нават калі мы існавалі ў межах адной краіны. Якраз гэты факт мне як паслу дае магчымасць на любы вектар адносін глядзець больш маштабна: не толькі праз прызму аднаго спектакля, канцэрта або выстаўкі, а якраз праз шэраг падзей. Безумоўна, гэтыя мерапрыемствы патрабуюць падрыхтоўкі, канцэпцыі і ўвагі. Але мы бачым аддачу і хочам гэтым займацца. Ужо прызначаны дзень (20 ліпеня), калі ў наступным годзе пройдзе «Тбілісоба». Пачалі рыхтаваць гэтае свята, маштабнае і прыгожае.

Усе намаганні нашага пасольства накіраваны на стварэнне сяброўскай атмасферы. Калісьці Беларусь падтрымала Грузію, калі нам было цяжка,  — для нас гэта важна. Менавіта таму я ўпэўнены, што магу адказаць на ваша пытанне сцвярджальна: мы працуем з максімальнай аддачай.

— Вы ўжо згадалі «Тбілісобу». Гэта сапраўды грандыёзнае і прыгожае нацыянальнае свята. У сувязі з гэтым хацелася б даведацца, ці праводзяцца падобныя мерапрыемствы беларускай культуры ў Грузіі?

— Няма, але ніхто гэтага не забараняе. Пры жаданні беларускіх сяброў, беларускага пасольства ў нас можна зрабіць такое ж мерапрыемства. У мінулым годзе былі Дні культуры Беларусі ў Грузіі. Прайшлі вельмі насычана. Беларускія прадстаўнікі бяруць удзел у «Тбілісобе», якая ладзіцца ў Тбілісі. Яны там актыўна прадстаўлены, у іх ёсць свой стэнд, дзе можна шмат чаго даведацца пра розныя аспекты беларускай культуры.

Прызнаюся, што настолькі грандыёзнай «Тбілісобы», як у Мінску, няма нават у Тбілісі. Гэта ўжо традыцыя. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вельмі падтрымлівае нас. Гэта важна. Дзякуючы яго падтрымцы ў арганізацыі нашых мерапрыемстваў мы не сутыкаемся з перашкодамі.

Калі з’явіцца жаданне Дзень Мінска або Беларусі зрабіць у Тбілісі, я дакладна ведаю, што ніякіх пярэчанняў не будзе. Пакуль наш бок такіх прапаноў не чуў. Калі ж мы ўбачым цікавасць, я абавязкова дапамагу. Мэр Тбілісі, які кожны год бывае ў Мінску, таксама падтрымае.

 — А ў цэлым культура Беларусі ў Грузіі вядомая? Беларускі бок грузінскую культуру вельмі любіць. Ці ёсць у вашага народа цікавасць да нашай нацыянальнай культуры?

— Нядаўна Беларусь і Грузія адзначалі 25-годдзе нашых дыпламатычных адносін. Здаецца, для гісторыі чвэрць стагоддзя — адрэзак часу маленькі, але за гэты тэрмін мы зрабілі многае. Калі разбурыўся Савецкі Саюз, ніякіх стасункаў не было, усе разышліся...

Імпульс развіццю нашага збліжэння даў візіт у Грузію Аляксандра Лукашэнкі. Ён прыехаў упершыню да нас у Тбілісі, зрабіў вельмі важную для нашага народа заяву. І тады было прынята рашэнне аб стварэнні Пасольства Беларусі ў Грузіі. Менавіта гэтае рашэнне запусціла ўсе працэсы нашай агульнай інтэграцыі. Сёння Грузія вельмі зацікаўлена ў паглыбленні ведаў пра беларускую культуру.

Зусім нядаўна ў нас прайшла выстаўка знакамітага беларускага скульптара Андрэя Асташова. Мне здаецца, яе наведалі ўсе, хто хоць нешта разумее ў мастацтве. Гэтую падзею запомнілі. Хачу, каб у наступным годзе выстаўка скульптара зноў прайшла ў Грузіі. Міністэрствы культуры Грузіі і Беларусі заключылі мемарандум, па якім раз на тры гады дні культуры павінны арганізоўвацца ў нашых краінах. У наступным годзе надыдзе чарга беларусаў прыехаць у Тбілісі і расказаць пра сябе.

Вядома, усё адразу ахапіць немагчыма. Але важна, што мы ўмеем дамаўляцца. Трэба адзначыць, што кансерваторыі Мінска і Тбілісі таксама супрацоўнічаюць. У нас ёсць Фестываль царкоўных спеваў. І музыканты, прафесары, спевакі абменьваюцца досведам у гэтым кірунку. Гэта таксама факт культурных зносін і абмену.

— У кантэксце культуры мы з вамі гаварылі пра мастацтва, тэатр, музыку. А як справы з літаратурнымі кантактамі?

— Актуальнае, дарэчы, пытанне. Я ўжо казаў, што зараз у Мінску знаходзіцца Тэатр кінаакцёра імя Міхаіла Туманішвілі. Загадзя ў вашу сталіцу прыехала яго вядучая актрыса Нінэль Чанкветадзэ. Яна з’яўляецца членам журы фестывалю «Тэатральны куфар». Нядаўна мы з ёй размаўлялі, і яна сказала, што вельмі шмат добрых п’ес пішуць беларускія драматургі. У Грузіі ў гэтым кірунку мы адстаём. Вядома, мы стараемся адраджаць традыцыі, але гэта складана.

Нінэль, знаходзячыся ў Мінску, зрабіла невялікі інтэрактыў: маладыя акцёры расказвалі ёй сваімі словамі сцэнарыі беларускіх аўтараў. Яе гэта вельмі зачапіла. Некалькі сцэнарыяў яна ўзяла на заметку з мэтай паставіць па іх спектаклі ў Тбілісі.

Але раней Пасольства Грузіі ў Беларусі ў літаратурным напрамку працавала мала. Тут таксама патрэбныя людзі, якія б прыйшлі і сказалі: «Гэта трэба рабіць».

Я сустракаўся з вядомымі сцэнарыстамі і кінарэжысёрамі Беларусі. Была ідэя зрабіць добры сумесны праект  — беларуска-грузінскі фільм пра стасункі Грузіі і Беларусі. Бо нас шмат чаго звязвае, асабліва вайна, у якой пацярпелі абодва народы. Я ведаю, што многія грузінскія афіцэры і салдаты ваявалі на беларускай зямлі. Мне вельмі прыемна, калі я бачу, як у вашай краіне ўшаноўваюць іх памяць. Вяртаючыся дадому, заўсёды расказваю, як у Беларусі ўмеюць цаніць подзвігі, дружбу, як умеюць разумець з паўслова.

Мы можам пачынаць рухацца ў напрамку развіцця літаратурных кантактаў, бо тэатры нашы, напрыклад, таксама супрацоўнічалі не заўсёды. Можа быць, нават не трэба чакаць выпадку, каб пачаць дзейнічаць, а проста шукаць самім агульныя вехі сучаснасці і гісторыі, якія дазволяць быць на крок наперадзе. Асабіста я адкрыты для ўсіх. Не трэба да мяне запісвацца, не трэба чакаць сто дзён сустрэчы. Я магу з усімі сустрэцца, для таго і знаходжуся ў вашай краіне, каб актыўна супрацоўнічаць і развіваць наш патэнцыял.

 — Яшчэ адзін напрамак, які варта абмеркаваць, — двухбаковыя турыстычныя маршруты, якія дазволяць паглыбіць вывучэнне нашых культур. Ці ёсць ідэі развіцця абменных кірункаў?

— Ідэі ў мяне ёсць. Беларусь пакрысе адкрываецца для грузінскіх турыстаў, асабліва для паляўнічых. Многія з тых, хто пачаў сюды прыязджаць, вельмі ўразіліся.

Пакуль Грузія кожны год праводзіць інфармацыйныя туры асобна для журналістаў і тураператараў. Ужо 2 снежня ад тураператараў 12 чалавек паляцяць у Грузію. За 10 дзён ім пакажуць тыя месцы, якія малавядомыя нават нашаму народу. Калі вернуцца, будуць ведаць, што прапаноўваць людзям, якім каларытам зацікавіць. Мне здаецца, беларускі бок павінен рабіць тое ж самае, запрасіўшы сюды грузінскіх тураператараў і журналістаў. Гэта дазволіць вам прадэманстраваць свае магчымасці.

 Магу сказаць шчыра, у Грузіі патэнцыял Беларусі як турыстычнай краіны ведаюць мала. Але я бачу, што гэтую сітуацыю можна змяніць. У вашай краіне шмат унікальных месцаў, вартых увагі. Проста пра іх ведаюць мала. Наша пасольства знаходзіцца ў Верхнім горадзе. Калі я гляджу ў акно, бачу, што з кожным годам турыстаў у Беларусь прыязджае ўсё больш, і вельмі хацелася б, каб сярод іх былі грузіны.

У нашым пасольстве працуюць зацікаўленыя людзі. Калі аб’яднаем намаганні з беларускім бокам, атрымаецца магутны тандэм.

— Мы пачалі з вамі размову з думкі, што досыць часта галоўныя вектары развіцця дзяржавы ўплываюць на культуру. Ці перашкаджала гэта калі-небудзь дзейнасці Пасольства Грузіі ў Мінску?

— Мы заўсёды былі настроены на працу, таму перашкоды калі і могуць быць, то ў нас у галаве. Паколькі кожны год мы прыступка за прыступкай даказваем усяму свету, што Беларусь і Грузія — сябры не на словах, а на справе, то маем права ганарыцца сваёй дзейнасцю.

Я ўпэўнены, што мы зможам яшчэ глыбей зразумець і спазнаць характар нашых культур, адчуць усе важныя моманты. Сёння я настроены на поспех ва ўсіх аспектах узаемадзеяння. Як паказвае досвед і практыка, Беларусь ніколі нас не падводзіла ў стратэгічных планах, як і мы яе. Пакуль нам важна працаваць і прыцягваць да гэтай працы ўсіх неабыякавых.

 Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.