Вы тут

Калі ў Іспаніі з'явяцца беларускія электробусы?


Беларускі сцяг у Іспанскім Каралеўстве ўпершыню быў узняты ў 2015 годзе на адным з будынкаў у горадзе Алікантэ, дзе размясцілася першае ганаровае консульства нашай краіны. Мінула фактычна тры гады і толькі тады беларускае пасольства, акрэдытаванае яшчэ ў 2016 годзе, атрымала свой офіс у Мадрыдзе. А з верасня 2018 года ў самабытнай, дзівоснай Барселоне на вуліцы Rambla de Catalunya можна знайсці яшчэ адзін куточак Беларусі ў Іспаніі. Там змяшчаецца офіс другога ганаровага консульства нашай краіны. Яго ўзначальвае Крысціян Балселс. Ганаровы консул — не зусім тыповая дыпламатычная пасада. Імі становяцца грамадзяне Беларусі або замежнікі, якія займаюць значнае грамадскае становішча ў пэўнай краіне.


З ганаровым консулам Беларусі ў Барселоне, уладальнікам юрыдычнай кампаніі, спадаром Крысціянам Балселсам карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася ў Мінску. Крысціян уваходзіў у склад іспанскай дэлегацыі, якая на мінулым тыдні наведала беларускую сталіцу. Узначальваў яе міністр транспарту і інфраструктуры Каталоніі Ісідрэ Гавін. Праграма візіту была досыць багатая: сустрэчы ў Банку развіцця, Нацыянальным цэнтры маркетынгу, Мінскбуду, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, «Белавіа», на «Белкамунмашы» і ва ўрадзе. Нягледзячы на такі шчыльны графік, Крысціян Балселс знайшоў час для інтэрв'ю нашаму выданню.

— Спадар Балселс, як да вас паступіла прапанова стаць ганаровым консулам?

— Па прафесіі я адвакат, маю офіс у Барселоне, які спецыялізуецца на міграцыйным праве. У сувязі з маім вопытам у мяне было шмат кліентаў-беларусаў, якім мы садзейнічалі ў атрыманні віду на жыхарства ў Іспаніі. Дзякуючы гэтым кантактам мы пазнаёміліся з Паўлам Латушкам (у той час Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Францыі, Каралеўстве Іспаніі і Партугальскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве). Ад яго атрымаў прапанову стаць ганаровым консулам вашай краіны, якая стала вельмі цікавай для мяне. Да прызначэння быў у Беларусі некалькі разоў па справах бізнесу.

— Чым вас зацікавіла Беларусь?

— Я быў зацікаўлены ў пасадзе, таму што спачатку гэта было своеасаблівай прыгодай. Мне вельмі падабаецца ваша краіна, здзіўляе гасціннасць, адкрытасць. Ды і размяшчэнне на карце свету мае стратэгічнае значэнне.

— Адна з задач ганаровага консульства ў Барселоне на 2020 год — узмацненне адносін Беларусі з правінцыяй Лерыда. Чаму менавіта гэты рэгіён Каталоніі?

— Мая сям'я, продкі родам з цэнтра правінцыі — горада Лерыда. Як сапраўдны лерыданец, я вельмі добра ведаю гэты край, і заўважыў шмат агульнага паміж ім і Беларуссю. На гэтых землях Іспаніі вельмі развіта сельская гаспадарка. Там вырошчваюць фрукты і гародніну фактычна на ўсю Каталонію.

— Што Іспанія магла б імпартаваць з Беларусі?

— Напрыклад, трактары. Іх вытворчасць — гэта слабае звяно ў Іспаніі. Такой прамысловасці ў нашай краіны няма, таму нам цікава кампанія кшталту МТЗ. У «Белкамунмаша» прадукцыя высокай якасці, якая магла б ісці на экспарт у маю краіну. Хутка будуемыя дамы з драўніны — галіна таксама развітая ў Беларусі, якой няма ў Іспаніі. Інтарэс да такой будоўлі праявілі ўрад Каталоніі і Агенцтва па канкурэнтаздольнасці. Гэтыя кантакты ўяўляюць цікавасць для будаўніцтва сацыяльнага жылля. У вас існуе буйны Парк высокіх тэхналогій, ёсць цікавыя распрацоўкі ў праграмах. Я ганаровы консул усяго год, і гэта тыя кірункі, пра якія паспеў даведацца за кароткі час. Але ўпэўнены: існуе яшчэ шмат разнастайнай прадукцыі, якая можа экспартавацца ў маю краіну.

— Якія кірункі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іспаніяй выйдуць на першы план у гэтым годзе?

— На дадзены момант існуе пяць вектараў, якія б мы хацелі развіваць. Першы — пошук патэнцыйных партнёраў для сумеснага прадпрыемства ў Каталоніі з кампаніяй «Белкамунмаш». Другі — арганізацыя дэлегацыі кампаній ад харчовай прамысловасці ў Беларусь у канцы зімы — пачатку вясны. Наступны праект — па прадстаўленні Каталоніі на выстаўцы «Белагра» ў чэрвені. Ёсць магчымасць на гэтым мерапрыемстве ўпершыню Каталоніі стварыць асобны рэгіянальны стэнд з удзелам прыватных кампаній, іх прадукцыі. Плануецца, што суправаджаць прадпрымальнікаў будзе міністр сельскай гаспадаркі Каталоніі. У адказ мы б хацелі арганізаваць уласны стэнд Беларусі на выставе «Сан-Мігель». Гэта мерапрыемства, аналагічнае «Белагра», якое праходзіць у Лерыдзе. Але самы галоўны кірунак, каб іспанцы больш ведалі пра Беларусь, — прасоўванне турызму.

— Як прайшлі перамовы з «Белкамунмашам»?

— У нас ёсць план дзеяння ў двух этапах, якія ідуць паралельна. Адзін з іх — гэта пошук партнёра па стварэнні сумеснага прадпрыемства ў Каталоніі. У нашай дэлегацыі ўжо прысутнічаюць патэнцыйныя партнёры, буйныя транспартныя кампаніі з Каталоніі, якія б маглі заняцца гэтым праектам. Па-другое, ідзе працэс сертыфікацыі частак беларускіх электробусаў у Іспаніі, амалагацыі ўсёй дакументацыі. У гэтым годзе плануецца прывезці электробус для першапачатковых выпрабаванняў у Каталонію на пэўны эксплуатацыйны тэрмін. Кампаніі жадаюць паглядзець на тэхніку ў справе. Я са свайго боку гатовы садзейнічаць і дапамагаць у любым пытанні, каб гэты праект меў поспех.

— Наколькі для Іспаніі актуальна тэматыка беражлівага стаўлення да прыроды?

— Тэма выкарыстання аднаўляльных крыніц, экалагічных відаў транспарту вельмі актуальная. Перад уладамі востра стаіць праблема забруджвання паветра. На жаль, стварэнне электробусаў у нас не так развіта, як у вас. Менавіта таму нашу дэлегацыю суправаджаў міністр транспарту і інфраструктуры Каталоніі. Ён хацеў на ўласныя вочы пабачыць, як гэты транспарт функцыянуе ў Мінску, наведаць вытворчасць «Белкамунмаш».

— Хто ўвойдзе ў дэлегацыю з прадстаўнікоў харчовай прамысловасці, якая ў хуткім часе прыедзе ў Мінск?

— Яна будзе складацца з прыватных кампаній Каталоніі з розных сектараў — вытворчасць вінаў, шампанскага, кандытарскіх вырабаў, аліўкавага алею. На парадку дня будуць пытанні прамых паставак прадукцыі з Каталоніі ў Беларусь, перапрацоўкі яе на вашых прадпрыемствах. Акцэнт зробяць на разліве ў Беларусі алею, вінаў з магчымасцю рэалізацыі і на трэціх рынках.

— Большасць беларусаў ведаюць курорты Каталоніі як пляжны адпачынак. Але вы рэкамендуеце рэгіён для спартыўнага турызму...

— У гэтай частцы Іспаніі вельмі развітыя гарналыжныя курорты, якія могуць прапанаваць беларускаму турысту шырокі пакет паслуг. Мы правялі перамовы з генеральным дырэктарам кампаніі «Белавіа» аб магчымасці ўзімку арганізаваць прамы авіярэйс з Мінска ў Лерыду. — Для культурнага адпачынку прапаную старажытныя невялікія гарадкі, якія знаходзяцца пад абаронай ЮНЕСКА. І, вядома ж, у правінцыі Лерыда вельмі смачная ежа, напрыклад, знакамітыя смаўжы. Нам ёсць чым здзівіць вас.

— Што іспанцы ведаюць пра Беларусь?

— Калі шчыра, ведаюць вельмі мала. Таму мая работа заключаецца ў тым, каб даць больш інфармацыі пра Беларусь іспанцам. І дэлегацыі, якія мы прыводзім сюды, дапамагаюць у гэтым. Людзі больш даведваюцца пра вас, а потым перадаюць іншым, як усё выдатна прайшло.

— Наколькі цяжка сумяшчаць адвакацкую дзейнасць і працаваць на пасадзе ганаровага консула?

— Няцяжка, гэта вельмі цікава. Трэба атрымліваць асалоду ад жыцця і выкарыстоўваць кожную магчымасць спрабаваць нешта новае. Тое, што я раблю ад сябе, упэўнены: у будучым мне гэта вернецца абавязкова нечым добрым.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Наш чалавек у Барселоне

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.