Вы тут

Забыты раман, адноўлены музыкай


Вядома, што рэпертуар Беларускага музычнага тэатра ў многім перагукаецца з рэпертуарам музычных тэатраў Расіі. І гэта заканамерна, асабліва ў дачыненні да класічнай аперэты і савецкай музычнай камедыі. На гэтым фоне для нас асаблівую значнасць набываюць арыгінальныя творы айчынных кампазітараў, большасць з якіх заснаваны на нацыянальнай тэматыцы, што робіць такія пастаноўкі адметнымі сярод іншых. Але пры гэтым тэатр скіраваны на пошук неардынарных твораў самых розных аўтараў  — пажадана такіх, якіх няма ў рэпертуарнай афішы іншых тэатраў.


Фота Сяргея Чыгіра.

І галоўнаму рэжысёру нашага музычнага тэатра Міхаілу Кавальчыку ў гэтым сэнсе пашанцавала: яшчэ ў 1990-я гады, у перыяд працы ў Стаўрапольскім тэатры аперэты, яму зусім выпадкова трапіў у рукі клавір мюзікла «Яўрэйскае шчасце», напісаны кампазітарам Веніямінам Баснерам з лібрэтыстам Барысам Рацэрам. Пазнаёміўшыся з гэтым матэрыялам, Міхаіл Станіслававіч адразу ім захварэў, але па розных прычынах да пастаноўкі спектакля справа тады не дайшла. А ў мінулым годзе, калі Міхаіл Кавальчык быў запрошаны на пастаноўку аперэты «Марыца» ў тэатр, якім раней кіраваў, ён знайшоў у тэатральнай бібліятэцы той клавір і прывёз у Мінск. «Дакладна ведаю, што сёння ні ў адным з музычных тэатраў Расіі спектакль “Яўрэйскае шчасце” не ідзе, і я з асаблівым задавальненнем вазьмуся за яго пастаноўку ў нас», — адзначыў тады Міхаіл Станіслававіч.

Аўтараў гэтага твора прадстаўляць не трэба. Веніямін Баснер вядомы шырокай аўдыторыі перш за ўсё як кампазітар-песеннік. Дастаткова назваць яго песню «Берёзовый сок» на вершы Міхаіла Матусоўскага, якую так задушэўна выконваў ансамбль «Песняры». Творчасць гэтага кампазітара вызначаецца шматграннасцю. Ён шмат пісаў для кіно (большасць яго папулярных песень прыйшло з кінастужак), а таксама для музычнага тэатра. Мюзікл «Яўрэйскае шчасце», які стаў яго апошнім творам, напісаны ў 1994 годзе.

Пісьменнік, драматург і паэт Барыс Рацэр працаваў з многімі вядомымі кампазітарамі і рэжысёрамі, з’яўляецца аўтарам п’ес і лібрэта для шматлікіх тэатральных пастановак. Лібрэта да мюзікла «Яўрэйскае шчасце» напісана ім па рамане амерыканскага пісьменніка Давіда Фрыдмана «Мендэль Маранц». Імя гэтага аўтара, таксама як і яго твор, сёння практычна невядомы ні ў нас, ні ў Расіі. Дакладней кажучы — забыты. А між тым у 20-х гадах мінулага стагоддзя ў маладой Краіне Саветаў названы раман быў надзвычай папулярны. І толькі на мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў тэатральныя дзеячы і даследчыкі літаратуры зноў пачалі праяўляць да яго цікавасць, знаходзячы пры гэтым шмат нечаканых нюансаў.

Напрыклад, доўгі час заставалася загадкавай асоба перакладчыка «Мендэля Маранца» на рускую мову. Вядомы былі толькі яго імя і прозвішча — Пётр Ахрыменка, — якія ўказваліся ў чатырох выпусках кніжнай серыі «Библиотека “Огонёк”» за 1926 год, дзе друкавалі апавяданні Давіда Фрыдмана пра яўрэя-эмігранта. Гэтыя выпускі суправаджаліся адпаведнай зноскай: «С рукописи автора перевёл П. Охрименко», і іх тыраж складаў 15 000 экзэмпляраў. Аднак мяркуючы па тым, з якой хуткасцю разыходзіўся кожны чарговы выпуск, рэальнае кола чытачоў было значна шырэйшым. Цікава, што ў Нью-Ёрку «Mendel Marantz» выйшаў у тым жа 1926 годзе, прычым ілюстрацыі да гэтага выдання былі выкарыстаны і ў выпусках «Библиотеки “Огонька”», але без спасылак.

Усе апавяданні, што ўвайшлі ў раман, былі аб’яднаны скразным сюжэтам і ў іх фігураваў адзін і той жа галоўны герой — бедны яўрэй Мендэль Маранц, які дзякуючы сваёй вынаходлівасці нечакана разбагацеў, а потым так жа нечакана збяднеў, але зусім аб гэтым не гараваў, бо растраціў увесь свой капітал свядома, зыходзячы з высокіх памкненняў. Гэты герой вызначаўся характэрным яўрэйскім гумарам, самаіроніяй і жыццёвай мудрасцю і вельмі нагадваў Менахем-Мендэля і іншых персанажаў з вядомых твораў Шолам Алейхема. Відавочна, што Давід Фрыдман быў вялікім прыхільнікам і паслядоўнікам творчасці гэтага вялікага майстра.

Як адзначаюць даследчыкі, раман «Мендэль Маранц» у многім аўтабіяграфічны. Яго аўтар быў сынам палітэмігрантаў з Румыніі і добра ведаў асяроддзе яўрэяўэмігрантаў. Але няма дакладных сведчанняў аб тым, якім чынам рукапіс трапіў у рукі Пятра Ахрыменкі.

Затое пра перакладчыка ёсць іншыя цікавыя звесткі. Так, ён быў сацыял-дэмакратам і адначасова апалагетам вучэння Льва Талстога. Прымаў удзел у рэвалюцыі 1905 года, пасля чаго быў вымушаны ўцячы ў Амерыку. Церпячы там нястачу, Ахрыменка звяртаецца да Талстога з просьбай паспрыяць у пошуках работы. І Леў Мікалаевіч даў рэкамендацыю, дапамог яму ўладкавацца на адзін з электратэхнічных заводаў Эдысана, які таксама быў гарачым прыхільнікам яго творчасці і вучэння. Але праз некаторы час Ахрыменка вяртаецца ў Расію, працуе перакладчыкам у канторы амерыканскай кампаніі і іншых месцах, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аказваецца ў Маскве. У 1919 годзе, напярэдадні другой гадавіны рэвалюцыі, Ахрыменка прыносіць у рэдакцыю газеты «Правда» свой пераклад рэвалюцыйных вершаў Эдварда Карпентэра «Англия, восстань!», і член рэдкалегіі Марыя Ільінічна Ульянава ставіць іх у святочны нумар, побач з артыкулам Леніна. А ў хуткім часе Ахрыменка звяртаецца ў высокія дзяржаўныя інстанцыі з уласнаручным пісьмом ад Леніна: «Очень прошу устроить помощь  — одежду, квартиру, продовольствие подателю, тов. Петру Охрименко…» І ўжо ў наступным годзе ён уладкоўваецца на пасаду перакладчыка ў аддзел друку Камінтэрна. На працягу 20—30 гадоў у яго перакладах выходзяць творы Джэка Лондана, Марка Твэна, Эрнэста Хэмінгуэя і іншых вядомых аўтараў. Членам Саюза пісьменнікаў СССР Ахрыменка стаў з моманту яго заснавання ў 1934 годзе.

Даследчыкі мяркуюць, што рукапіс Давіда Фрыдмана Ахрыменка атрымаў па пошце. Аб гэтым сведчыць іх перапіска і нараканні аўтара, што ніякага ганарару за пераклад свайго твора ён не атрымаў і яго здзіўленне тым, што выдавецтва краіны, якая дэманструе прыхільнасць да інтэлектуальных каштоўнасцей, настолькі ігнаруе аўтарскія правы. Сам жа Ахрыменка ў аўтабіяграфіі адзначаў, што пасля публікацыі ў выпусках серыі «Библиотека “Огонёк”» раман «Мендэль Маранц» выйшаў асобным выданнем. І ён зрабіў яго інсцэніроўку, якая ішла ў маскоўскім летнім тэатры «Эрмітаж» (што можна лічыць пачаткам сцэнічнага жыцця гэтага твора). А ў другой палове 20-х гадоў гэтая інсцэніроўка з Леанідам Уцёсавым у галоўнай ролі была пастаўлена ў ленінградскім Свабодным тэатры.

Наступны этап сцэнічнага ўвасаблення «Мендэля Маранца» ўжо звязаны са стварэннем у 1994 годзе мюзікла Веніяміна Баснера на лібрэта Барыса Рацэра. У тым жа годзе ў Санкт-Пецярбургу быў заснаваны яўрэйскі музычна-драматычны тэатр «Сімха», мастацкім кіраўніком якога стаў Баснер. На першым прадстаўленні спектакля кампазітар сам іграў у аркестры на скрыпцы. Але праз два гады Веніямін Яфімавіч пайшоў з жыцця, і тэатр без свайго мастацкага кіраўніка хутка распаўся.

Такім чынам, пастаноўку Міхаіла Кавальчыка ў Беларускім музычным тэатры можна лічыць своеасаблівай эстафетай, перанятай ад стваральнікаў мюзікла «Яўрэйскае шчасце». Як адзначае дырыжор-пастаноўшчык спектакля Юрый Галяс, пры першым знаёмстве з клавірам ён дакладна не мог сказаць, да якога жанру гэты твор адносіцца. Па большасці музычных нумароў ён нагадвае амерыканскі мюзікл, а па шчырасці і лірычнасці — музычную камедыю. І пры гэтым музыка, надзвычай тонкая і гібкая, уся пранізана яўрэйскім каларытам. Дырыжор-пастаноўшчык сам рабіў аркестроўку, выкарыстоўваючы меншы склад аркестра, бо яўрэйская музыка не патрабуе моцнага гучання.

А што датычыць лібрэта, то рэжысёр-пастаноўшчык не скараціў і не перарабіў у ім ні аднаго радка (у нашы дні выпадак не з самых частых). Але тут абавязкова трэба адзначыць майстэрства Барыса Рацэра, які змог інсцэніраваць даволі аб’ёмны празаічны твор, захаваўшы яго ідэю, змест і каларыт. У пэўным сэнсе гэтаму спрыяла кампазіцыйная пабудова рамана, які складаецца з асобных апавяданняўэпізодаў (лічы — асобных сцэн), што раскрываюць розныя грані вобраза Мендэля Маранца. Таму ў спектаклі, таксама як і ў рамане, не назіраецца паслядоўнага развіцця сюжэта. Але Рацэр прыдумаў хітры ход: для сувязі асобных сцэн ён увёў у тэкст лібрэта вобраз вулічнага музыкантаапавядальніка, які адначасова з’яўляецца і ўдзельнікам, і каментатарам падзей. А калі ўважліва прыслухацца да слоў гэтага персанажа, то ў ім можна пазнаць і вобраз самога аўтара.

Назваць рэалістычным гэты твор не выпадае. Ён нагадвае своесаблівую прытчу-казку, падобную на праўду. Яго галоўны герой Мендэль Маранц «по профессии — механик, по своим склонностям — изобретатель, по природе — мыслитель». І аўтар удакладняе: «а по привычкам  — философ и деятельный лентяй». Зэльда, жонка Мендэля, ніяк не магла прымусіць яго знайсці работу і пайшла працаваць сама, усклаўшы на мужа хатнія абавязкі і догляд за дзецьмі. У выніку ён вынайшаў складаны камбінаваны прыбор для хатняй гаспадаркі, які мые посуд, падлогу і бялізну. І на гэтым разбагацеў. Аўтар надзяліў свайго героя яшчэ і здольнасцю да філасофскіх абагульненняў, таму на працягу ўсяго спектакля з яго вуснаў злятаюць яркія афарызмы: «Что такое жизнь? Театр. Разные цены, но одно зрели- ще; что такое любовь? Солнце. Ты можешь получить его даром, но не можешь купить…» Па словах рэжысёрапастаноўшчыка, на гэтую няпростую ролю было складана падабраць акцёра, але ўрэшце ўсе сышліся на тым, што вобраз Мендэля здольны годна ўвасобіць заслужаны артыст Беларусі Віктар Цыркуновіч. У вобразе вечна заклапочанай жонкі Мендэля выступіла Кацярына Дзегцярова, якая выконвае падобную ролю ў мюзікле Алега Хадоскі «Шолам алейхем! Мір вам, людзі!» (таксама пастаўлены Міхаілам Кавальчыкам).

З усёй кучы дзяцей Мендэля і Зэльды ў спектаклі фігуруе іх старэйшая дачка Сара, для якой маці дзе толькі можна вышуквае жаніха. У выкананні Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай гэтая яўрэйская дзяўчына выглядае даволі смелай і незалежнай: сама паступае ва ўніверсітэт, сама знаходзіць сабе мужа… Але напачатку яна паддаецца на ўгаворы маці і згаджаецца пазнаёміцца з завідным жаніхом, сынам банкіра, якому бацька паставіў ультыматум: альбо працаваць, альбо жаніцца на багатай! На справе банкірскі сынок аказаўся вельмі забітым і закамплексаваным і больш за ўсё на свеце баяўся жанчын. Выканаўца гэтай ролі Мікалай Русецкі здолеў стварыць па-сапраўднаму камічны вобраз, напоўнены яркімі рысамі амаль дзіцячай непасрэднасці. Зусім іншым  — разумным, сур’ёзным і абаяльным  — выглядае Мільтан, за якога Сара выходзіць замуж па ўзаемным каханні. Напачатку ён паўстае перад бацькамі Сары ў трох іпастасях: адваката, зубнога ўрача і ветэрынара (так яго прадстаўлялі розныя сваты). Але гэта — калізіі камедыі становішчаў, якая разыгрываецца па ініцыятыве іншых персанажаў. На самай жа справе Мільтан у многім падобны на Мендэля — такі ж мысліцель і вынаходнік. Гэты вобраз, у адрозненне ад іншых, далёка не адназначны, і яго вельмі годна ўвасобіў Арцём Хамічонак.

Сярод іншых персанажаў яркай характарнасцю вылучаецца брат Зэльды Бернард, які лічыць сябе бывалым маклерам і вялікім камбінатарам, хоць на самай справе ні адна з яго камбінацый не завяршаецца здзелкай. Бернард, падобна Мендэлю, любіць выказвацца афарызмамі, але ўсе яны парадаксальныя: «Я такой человек, если да, то — да! А если нет, то — почему?» Гэтая роля не з лёгкіх, але Яўгеній Ермакоў спраўляецца з ёю свабодна і нязмушана.

Вобраз музыканта-апавядальніка стаіць нібыта асобна ад іншых, але без яго дзеянне не было б такім цэласным і зразумелым. У гэтай ролі вельмі пераканаўча выглядае Дзяніс Нямцоў, непасрэдна і даходліва даводзячы гледачу ўсю глыбіню аўтарскай думкі.

У цэлым спектакль вызначаецца жывасцю і дынамічнасцю. Акрамя сольных нумароў і дуэтаў галоўных герояў у ім шмат прыгожых вакальных ансамбляў, змешаных песенна-танцавальных нумароў і разгорнутых масавых сцэн. Адразу звяртае на сябе ўвагу арыгінальнасць пластыкі і харэаграфіі. Балетмайстарпастаноўшчык Юлія Міхайлава, якая нядаўна прайшла стажыроўку ў брадвейскім танцавальным цэнтры, прадэманстравала ўменне спалучыць яўрэйскую нацыянальную пластыку з джазавай тэхнікай, прыўнесла ў пастаноўку стыльны струмень сучаснасці.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.