Вы тут

​Сёння ў Брэсце адкрываецца міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа»


Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа», 27-мы па ліку, адкрые сваю заслону сёння ўвечары. Гэта чаканая падзея для аматараў мастацтва даўно стала адным з брэндаў горада над Бугам. За адрэзак часу больш чым у чвэрць стагоддзя ў фестывалі паўдзельнічалі тэатральныя калектывы з шасцідзесяці краін свету. Было паказана больш за 600 спектакляў. 


Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ларыса Барыскіна, сёлета на фестываль едуць тэатральныя трупы з васьмі краін свету: Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Даніі, Казахстана, Расіі, Славеніі, Узбекістана. Пастаноўкі адбудуцца на чатырох пляцоўках: у вялікай і малой зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Брэсцкім тэатры лялек, Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. 

Адкрые фестываль сёння ў 18 гадзін спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага «Граф Монтэ-Крыста». Гэта работа ў жанры рок-оперы ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка на музыку Цімура Каліноўскага па раману Аляксандра Дзюма асабліва інтрыгуе гледача абяцаннем гісторыі пра каханне і здраду, пра тое, што зло абавязкова будзе пакарана. 

Усяго ў праграме заяўлены 24 драматычныя пастаноўкі. Як заўсёды, будзе прадстаўлена класіка ў прачытанні сучасных рэжысёраў. Новасібірскі драматычны тэатр «Стары дом» вязе спектакль «Галаўлёвы». Па творы Горкага «На дне» пастаноўку пакажа Ніжагародскі дзяржаўны тэатр драмы імя Горкага. Пензенскі тэатр імя А. В. Луначарскага падрыхтаваў «Дзяніскіны расказы». «Мінулыя дні» Самаркандскага абласнога рускага тэатра драмы з Узбекістана — спектакль не толькі аб мінулым, але і аб сучасным.

Цікавай абяцае стаць і лялечная праграма. Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа «Магілу льва». А брэсцкія лялечнікі — «Асенні марафон». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек падрыхтаваў спектакль для дзяцей «Разумная сабачка Соня». 

Асаблівае месца ў афішы займаюць спектаклі ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Напрыклад, «Трыбунал» Гродзенскага драматычнага тэатра, «Васіль Цёркін» «Школы драматычнага мастацтва» з Масквы. 

Актыўным набыццём квіткоў гледачы пацвердзілі асаблівыя надзеі на работу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Камень дурасці», спектакль «Дзеці. Вёрсты» акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа у Віцебска ды іншыя пастаноўкі айчынных тэатраў. Брэсцкі тэатральны тыдзень пачынае сваё шэсце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.