Гэта гісторыя — з маёй маладосці. Даўно яна была, але ж помніцца.
...У пакоі інтэрната нас чацвёра: Лена і Валя — ткачыхі, ім па 25, мы з Анютай — прадзільшчыцы, мне 18, Ані на тры гады больш, але ж змены ў нас супадаюць, і мы ходзім парачкай. Хлопцы тады — як галовы не скруцяць, бо Анюта прыгожая, статная, любіць і ўмее сябе падаць — нават па дарозе на работу ды з работы. Што ўжо казаць пра танцы?!
У адну з субот у Доме культуры здымалі кіначасопіс «Вечар адпачынку фабрычнай моладзі». Я — з той самай моладзі, да таго ж — актывістка! Мне запрашальнік далі ў камітэце камсамола! І вось гэта — мой першы сапраўдны баль!
Яшчэ здалёк я чую музыку, бачу бляск агнёў, паркет... Я лячу туды як на крылах!..
Але ж людзей вакол сябе таксама бачу — хлопцаў, дзяўчат, міліцыянера...
Сяброўцы потым расказваю, які ж маладзенькі тады дзяжурыў, які прыгожанькі, акуратненькі, а ўжо вочы...
— Усё, хопіць, — перапыняе Анюта. — Я за яго замуж пайду.
— Як гэта пойдзеш? Што — ні разу не ўбачыўшы?
— А навошта мне на яго глядзець? Табе ж спадабаўся?
На гэтым жартачкі «ў тэму» скончыліся — як мне здавалася, назаўжды. Аж не: Анюта, як выглядала, адступаць ад свайго не збіралася. У наступную суботу яна ўжо і пабачыла таго прыгажунчыка, і даведалася, як завуць, і нават закадрыла, бо праз тыдзень на танцах Толя ўжо круціўся ля яе ў новай белай кашулі і цывільным адпрасаваным касцюме... (Вось толькі сяброўка на яго — нуль увагі! Чаму?)
...А між тым — канец снежня, хутка Новы год. Аня з'ездзіла ў Маскву па абноўкі. Пахвалілася мне, што па дарозе — і туды, і назад — пазнаёмілася з хлопцамі, запрасіла ў госці.
Факт, што вечарам 31-га мы з ёй (суседкі па пакоі раз'ехаліся па дамах) ужо сустракаем гасцей. Як на падбор усе — відныя, разадзетыя, з шампанскім, з цукеркамі.
Аня прывячае іх, запрашае распрануцца — і аднаго, і другога, і трэцяга... Калі сёмы(?!) зайшоў, мне аж вусцішна стала! Шапчу ёй: «Анька, ты звар'яцела! Яны ж такія культурныя, пакуль цвярозыя, а потым што, калі нечага вып'юць?» Яна ў адказ мне: «А ты не бойся! Моладзі ў будынку шмат. Кожны сабе пару знойдзе».
І праўда, павяла яна хлопцаў на ёлку, на танцы, пазнаёміла з дзяўчатамі...
Гляджу, нехта з гасцей адразу ж сваё паліто ў нас забраў, нехта пазней. Гасцінцы Аня ўслед паразносіла. А да нас прывяла... Толю.
Толькі тут да мяне дайшло, што гэтыя госці былі часткай яе каварнага плана: дзеўка тым самым хацела паказаць, што ў яе ад кавалераў адбою няма, — прымусіць Анатоля раўнаваць і... дзейнічаць.
Трэба сказаць, што гэта ёй удалося: пасля навагодніх свят яны сталі сустракацца ледзь не штодня, хлопец, бывала, заходзіў у наш пакой.
— Пашпарт узяў? — спытала неяк дзяўчына. (Давяла такі Толю да загса!)
...І вось мы там. Рэгістратар — пажылая сур'ёзная жанчына — пачынае сваю завучаную «прамову», а мы з Аняй, як успомнім, з чаго пачалося, не можам стрымацца ад смеху!..
Карацей, адправілі нас з загса — можна сказаць, нават выгналі.
Парагатаўшы хвілін з пятнаццаць на вуліцы, мы яшчэ раз зайшлі. Аня такі выйшла замуж за Толю.
...Дарэчы, пасля вяселля ён мне па-сяброўску сказаў, што я зусім не ўмею хлопцаў кадрыць, таму замуж наўрад ці выйду.
Я тады адмахнулася: маўляў, каму ў голаў зойдзе, той за печчу знойдзе! І — што вы думаеце — праз чатыры гады мяне праўда знайшлі... Але, не за печчу, а ў бібліятэцы, за стэлажом.
Любоў Чыгрынава, г. Мінск.
Аднойчы падчас службы ў войску я назіраў дзве досыць цікавыя сцэны (у арміі, дарэчы, шмат цікавага — толькі назірай. А я гэта любіў. Нездарма ж потым мой начальнік называў мяне назіральнікам, праўда, кітайскім).
Дык вось неяк пад вечар наш полк разгружаўся на чыгуначнай станцыі пад Барысавам. Шум... Рух... Прыцемак... І ў ім — дзве постаці: адзін з нашых камандзіраў, падпалкоўнік, навыцяжку стаіць перад нейкім заезджым палкоўнікам, і той — злы, што гад, — за нешта яго распякае. Усіх слоў было не разабраць, выразна чулася хіба кароткае: «Што ты дрыжыш?! Не дрыжы!»
Не дык не... Ды і казалі гэта не мне. Таму я хуценька пайшоў прэч. І, магчыма, забыўся б, аднак гісторыя мела працяг. Прыкладна праз месяц і ўжо «дома» (на тэрыторыі сваёй часці) я заўважыў таго самага падпалкоўніка. Перад ім навыцяжку стаяў прапаршчык. І я, праходзячы міма, ледзь стрымаўся ад смеху, бо пачуў: «Што ты дрыжыш?! Не дрыжы!»
...Шчыра кажучы, аж дрыжэў тады я — ад жадання ўбачыць, як перад гэтым прапаршчыкам па стойцы «смірна» будзе стаяць салдат!
Шкада, што не ўбачыў.
Яўген Шастакоў, г. Гомель
Не вам казаць: настаўнікі ў школе не толькі выкладаюць дзецям тыя ці іншыя прадметы, але і выхоўваюць іх, працуюць у добрай згодзе з бацькамі.
Дык вось. Набліжалася адно з самых любімых свят — 8 Сакавіка. Дзеці загадзя куплялі паштоўкі, кнігі (найлепшы падарунак!), нешта малявалі, пісалі вершы-прысвячэнні — думалі, чым парадаваць матуль, бабуль, любімых настаўніц...
Хоць у той год, пра які пішу, задача ў вучняў трохі спрашчалася. Школа шмат і задарма, што называецца, працавала ўвосень на ўборцы бульбы і буракоў — дапамагала мясцоваму калгасу. А таму ўрэшце яго праўленне вырашыла неяк аддзячыць: на сэканомленыя сродкі купіць падарункі, уручыць іх кожнаму класнаму кіраўніку (дакладней, вядома ж, кіраўніцы, бо мужчын сярод іх як кот наплакаў)...
Вестка пра гэта дайшла, вядома ж, і да дзяцей. Ім так і сказалі: не хвалюйцеся, маўляў, падарункі будуць... Усім.
— Усім, ды не ўсім, — напярэдадні свята аб'явіў аднакласнікам Віця Сінцоў. — У клубе стаяць тыя скрынкі з падарункамі... У прыгожых абгортках, з надпісамі, каму... Я ўсе пакункі перабраў — нашаму класнаму падарунка няма.
— Як гэта? Не можа быць! — за ўсіх спалохалася стараста.
— А вось так!
— Чаму? Гэта няправільна! Несправядліва! — дружна прызналі пяцікласнікі і, каб выправіць памылку, сталі тут жа страсаць капейкі, якія бацькі давалі ім на абеды.
...У краму па падарунак адправілі самага смелага — Віцю. Што канкрэтна трэба купіць, не сказалі — на што хопіць грошай. А таму ў краме, пачакаўшы, пакуль усе разыдуцца, хлопчык проста падаў прадавачцы грошы і ціхенька сказаў:
— Мне сюрпрыз.
Жанчына, што стаяла за прылаўкам, не пыталася, для каго: ну вядома ж, для маці — прыгожай, вельмі паважанай жанчыны і... яе сяброўкі!
Не пыталася і які: перад святам у краму да яе завезлі страшны дэфіцыт (па тым часе — мару ўсіх вясковых, а мо і гарадскіх жанчын): чорныя капронавыя панчошкі са швом і шчыльнай пяткай (пра калготы ніхто тады і не чуў).
Прадавачка прыгожа іх запакавала і падала Віцю.
Радасць яго (ды і аднакласнікаў...) была бязмежнай: ёсць падарунак для класнага! (Прыгожы банцік на пакунку ніхто і не падумаў развязваць!..)
І вось — свята. Празвінеў званок з урока матэматыкі, якую выкладаў той любімы класны. Стараста скамандавала ўсім устаць, а сама рушыла да дошкі:
— Дарагі Павел Іванавіч! — з хваляваннем звярнулася яна да настаўніка. — Дазвольце нам у гэты прыгожы вясновы дзень ад імя ўсяго класа ўручыць вам сюрпрыз.
Павел Іванавіч нічога падобнага не чакаў: разгубіўся, не зразумеў... Але ж пад шквал апладысментаў... падарунак узяў і падзякаваў.
...Потым, пасля свята, настаўнікі ва ўсіх сваіх класах правялі далікатныя размовы з вучнямі аб тым, як трэба віншаваць сваіх блізкіх, каму, што, калі і як можна падарыць.
А здаровы жаночы рогат у настаўніцкай, калі Павел Іванавіч разгарнуў пакунак з банцікам, застаўся, як кажуць, за кадрам.
Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.
Р. S. Дарэчы, было гэта ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Тады дзяўчынкі не рабілі падарункаў хлопчыкам на 23 лютага, бо дзень лічыўся святам армейцаў і маракоў, а не ўвогуле мужчын...
І на 8 Сакавіка хлопчыкі не віншавалі дзяўчынак, бо свята жаночае, а якія ж яны жанчыны?
Гэта цяпер усе віншуюць усіх!
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.
Ад яе ж усім, хто прымаў і будзе прымаць віншаванні, шчырае:
Кожны ранак ёсць прычына
Дыфірамбы пець мужчынам!
І прасіць іх, дарагіх,
Ад бяды і адзіноты,
Ад нястачы і дурноты
Берагчы найперш малых,
Берагчы сваю Айчыну,
Берагчы сваю жанчыну
І хоць парачку чужых!
Гэтыя радкі былі напісаны некалі перад святам мужчын. А потым лёгенька перапісаліся перад нашым, жаночым, бо (ну, згадзіцеся!):
Кожны ранак ёсць прычына
Дыфірамбы пець жанчынам!
І прасіць іх, дарагіх,
Ад бяды і адзіноты,
Ад нястачы і дурноты
Берагчы найперш малых,
Берагчы сваю Айчыну,
Берагчы свайго мужчыну
І хоць парачку чужых!
Марыць не шкодна? То каб гэтыя словы ды богу ў вушы!
Спадарства, як жа мы зажылі б!
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.