Яшчэ да пачатку прамой лiнii губернатар вобласцi Леанiд Заяц пацiкавiўся ў спецыялiстаў абстаноўкай па каранавiрусе. На 21 сакавiка фактаў выяўлення гэтага небяспечнага захворвання ў Магiлёўскай вобласцi не было. Ажыятажу вакол марлевых павязак, лекаў i прадуктаў першай неабходнасцi таксама няма. За тры гадзiны прамой лiнii прагучала толькi адно пытанне, якое ўскосна датычылася гэтай хваробы: патэлефанаваў мужчына з Мсцiслаўскага раёна, каб спытацца, як цяпер вяскоўцам дабiрацца да райцэнтра. Раней яны пад'язджалi на аўтобусе Магiлёў—Смаленск, але гэты рэйс у сувязi з абвяшчэннем эпiдэмii ў Расii адменены — што рабiць? Аказалася, што падставы для трывогi няма: раённае кiраўнiцтва ўжо паклапацiлася, каб мясцовы аўтапарк увёў так званы кампенсацыйны рэйс i сяльчане маглi без праблем дабiрацца да горада.
Мужчына парадаваўся i задаў яшчэ адно пытанне наконт здачы малака. Ён трымае дзве каровы, малако здае дзяржаве. Крыўдна, калi гэтае малако вяртаюць. «У малакавоз сем вёсак малако злiвае, яго вязуць у лабараторыю, правяраюць i, калi што не так, вяртаюць усё назад. I яшчэ не факт, што менавiта маё малако было дрэннае, але ж тут нiчога не дакажаш», — абураўся заяўнiк. Губернатар паабяцаў разабрацца. Раённыя ўлады таксама думаюць над вырашэннем праблемы.
Двойчы патэлефанавалi наконт новабудоўлi на вулiцы Якубоўскага ў Магiлёве. Дом здалi амаль год таму, а недаробкi застаюцца. Яны ж, як сведчаць уласнiкi, iстотныя — уваходныя дзверы крывыя, дах працякае, прадугледжаная праектам велапаркоўка адсутнiчае. Губернатар паабяцаў, што ў найблiжэйшы час будзе складзены графiк лiквiдацыi недахопаў i дом давядуць да ладу. Аналагiчная праблема ў магiляўчанкi, якая пабудавала сабе кватэру ў шматпавярховiку па вулiцы Льва Сапегi. Ёй абяцаюць, што разбяруцца з недаробкамi, але даты ўвесь час пераносяцца. Маладая жанчына плацiць за камуналку, а жыць у кватэры не можа. Леанiд Заяц даў даручэнне разабрацца ў сiтуацыi i жорстка спытаць з тых, хто дае пустыя абяцаннi.
Адсутнасць цэнтралiзаванага ацяплення, нiзкая тэмпература паветра ў жылых памяшканнях i вады ў кране, грыбок на сцяне пасля капрамонту i сцены, што прамярзаюць зiмой, — сваiмi праблемамi падзялiлiся жыхары Магiлёўскага раёна, Асiповiч i Бабруйска.
Жыхарка вёскi Запруддзе Магiлёўскага раёна паскардзiлася на адсутнасць калодзежа.
У заяўнiцы, якая набыла зямельны ўчастак у Княжыцкiм сельсавеце, бяда з падключэннем да электрасетак. Ёй прапанавалi заплацiць грошы за будаўнiцтва лiнii, але чым гэта абгрунтавана, не растлумачылi. Жанчына хвалюецца, што трэба пачынаць будаўнiцтва дома, а справа застопарылася на электрычнасцi. Губернатар даў даручэнне разабрацца, чаму так адбылося, што ўчастак быў прададзены, а ўмовы для будаўнiцтва на iм не створаны.
Былы малалетнi вязень канцлагера з Магiлёва панаракаў на тое, што сутыкнуўся з цяжкасцямi па прасоўваннi сваёй праграмы наконт патрыятычнага выхавання i папрасiў садзейнiчання ў старшынi аблвыканкама. Той паабяцаў падрабязна з iм пра гэта пагутарыць на асабiстым прыёме. Кiраўнiк Магiлёўскага аддзялення ТБМ Алег Дзячкоў падняў праблему захавання старадаўнiх помнiкаў архiтэктуры i памяцi нашых нацыянальных дзеячаў. У прыватнасцi, прапанаваў зрабiць у горадзе помнiк Янку Купалу.
Усяго на тэлефонную лiнiю дазванiлiся 28 чалавек. Акрамя скаргаў i прапаноў гучалi таксама i падзякi. Гэта, падкрэслiў Леанiд Заяц, адзнака рабоце ўсёй улады. Шмат прагучала пытанняў, якiя патрабуюць дадатковага вывучэння, i губернатар даў даручэннi адпаведным ведамствам прааналiзаваць абстаноўку i лiквiдаваць недахопы ў самы кароткi час.
— Мы павiнны разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку i даць чалавеку вычарпальны адказ. Трэба з павагай ставiцца да людзей i нi ў якiм разе не пакiдаць iх без увагi, — падкрэслiў губернатар, падводзячы вынiкi суботняй прамой лiнii.
Нэлi ЗIГУЛЯ
«Выходзім на фінішную прамую»
Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны