Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, суайчыннікі, людзі добрай волі!
Сардэчна віншую вас са святам Вялікадня — святам нашай веры і надзеі на вечнае жыццё. Гэтая праўда з'яўляецца галоўным пасланнем свята Уваскрасення Хрыста. Пра яе мы, хрысціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасць падкрэслівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавіруса сітуацыя, у якой уваскрасенне Хрыста з'яўляецца промнем надзеі, нават насуперак надзеі (Рым 4, 18). Як Езус выйшаў жывы з цёмнай магілы, гэтак і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганням лекараў і адказных за грамадскі парадак, якім мы бязмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэнне, таксама зможам паспяхова выйсці з цемры эпідэміі, якая ахінула зямлю, у святло жыцця.
Сёння мы павінны засяродзіць нашу ўвагу на тым, што адбылося ў Пасхальную ноч. Праўда ўваскрасення Хрыста азначае, што смерць — гэта не канец, што яна не мае апошняга слова, што гэта толькі дзверы ў будучыню. Таму мы не можам дазволіць, каб гэтая праўда знікла з нашага жыцця. Яна павінна быць яго цэнтрам, і нам нельга страціць яе сэнсу.
Пасха заклікае да пытанняў, на якія неабходна даць адказ. Які сэнс жыцця? Якая яго мэта? Дзе знаходзяцца сэрца і думкі чалавека падчас яго зямнога жыцця? Часовае жыццё на зямлі — гэта падрыхтоўка да вечнасці. Калі мы не імкнёмся да гэтага, то становімся падобныя да карабля, які сеў на мель. Карабель ёсць, але не можа плысці, а яго прызначэнне — перавозіць людзей або грузы. Таксама і мы калі не засяроджваемся на галоўнай праўдзе нашай веры — уваскрасенні Хрыста, — то жывём без яснай мэты.
Сёння перад перспектывай нашай будучыні, якую нам адкрывае праўда ў Уваскрасення, неабходна засяродзіцца на некаторых тэндэнцыях жыцця сучаснага чалавека. Матэрыяльныя каштоўнасці, дух спажывальніцтва, задавальненні і прасоўванне па кар'ернай лесвіцы з'яўляюцца галоўнымі крытэрыямі паспяховасці сучаснага чалавека.
Касцёл не супраць таго, каб чалавек жыў заможна, і шмат робіць для таго, каб свет развіваўся згодна з прынцыпамі сацыяльнай справядлівасці. Аднак імкненне да ўзбагачэння любой цаной, можа нават ідучы па касцях іншых людзей, і абагаўленне матэрыяльных каштоўнасцяў несумяшчальнае з маральнымі нормамі хрысціянства. Успомнім евангельскі аповед пра чалавека, які сабраў багаты ўраджай і казаў сабе, што можа адпачываць, есці, піць і весяліцца. На гэта Бог яму сказаў, што ўжо гэтай ноччу забярэ яго душу, і каму тады дастануцца ўсе яго багацці? (Лк 12, 16—21)
Вялікую заклапочанасць выклікае адыход ад традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў і выбар амаральнага стылю жыцця. Укараняецца секулярызм і вельмі небяспечны маральны рэлятывізм, які не прызнае абсалютнай праўды і ўсё лічыць адносным. Прапагандуецца неабмежаваная свабода без маральнай адказнасці. Такі шлях вядзе да размывання сапраўдных каштоўнасцяў і ўсёдазволенасці.
Вялікай праблемай з'яўляецца заняпад духоўнага жыцця, найперш малітвы. Сучасны чалавек настолькі заняты часовымі справамі, што не мае часу маліцца. Цяжка зразумець таго, хто кажа, што верыць у Бога, але не моліцца і не ставіць малітвы ў цэнтр свайго жыцця.
У выніку, замест таго каб піць з крыніцы чыстай вады Божай ласкі, мы аддаём перавагу бруднай жыжы з дамешкамі секулярных і антыхрысціянскіх інгрэдыентаў. У сучасным прагматычным свеце, скіраваным на спажывальніцтва і задавальненне, дзе ўсё купляецца і прадаецца, няма месца духоўнасці, справядлівасці і маралі. Усё знаходзіцца ў палоне часовасці.
Пасхальная праўда адкрывае перад намі новую перспектыву вечнасці, бо і мы ўваскрэснем, як Хрыстус уваскрос. Запэўнівае нас у гэтым святы апостал Павел, які ў Першым пасланні да Карынфян кажа: «Як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага» (1 Кар 15, 22—23).
Гэтыя словы Апостала народаў схіляюць нас да змены нашага жыцця згодна з Божым законам. У выніку надыходзячай секулярызацыі хрысціяне перастаюць быць соллю зямлі і святлом свету (Мц 5, 13—16). Замест таго каб бруіцца духоўным жыццём, хрысціянства становіцца пасіўнае і абыякавае. Такое хрысціянства з'яўляецца хрысціянствам без Хрыста.
Падчас малітвы аб вызваленні ад эпідэміі каранавіруса 21 сакавіка на пустой плошчы Святога Пятра ў Рыме Папа Францішак звярнуўся да свету з наступнымі пранікнёнымі словамі: «У нашым свеце мы рухаліся наперад на поўнай хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі на ўсё. Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб мітусня звяла нас. Мы не спыніліся перад Божымі заклікамі, не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што заўсёды застанёмся здаровыя ў хворым свеце. Цяпер, калі мы знаходзімся на ўзбураным пандэміяй каранавіруса моры, мы просім Цябе, Пане, дапамажы!»
У сувязі з маральна нездаровай сітуацыяй сучаснага свету ўзнікае пытанне, на якое свята Уваскрасення Хрыста патрабуе адказу: «Ці мы жывём праўдай вечнай славы, якая нас чакае?» Гэта сутнаснае пытанне. Калі так, то клопаты нашага зямнога жыцця набываюць новае вымярэнне. А менавіта — яны не павінны весці ў рабства матэрыяльных каштоўнасцяў і амаральных задавальненняў і не станавіцца нашым «богам».
Мы верым у шчаслівую будучыню і спадзяёмся дасягнуць яе, бо з'яўляемся хрысціянамі. Хрост — гэта сертыфікат нашай прыналежнасці да хрысціянства, гэта нашае хрысціянскае ДНК. А хрысціянства адкрывае перад намі перспектыву шчаслівай вечнасці. У сакраманце хросту мы паміраем для граху і ўваскрасаем да новага жыцця ў Божай ласцы. Менавіта таму ў Пасхальную Вігілію мы аднаўляем абяцанні хросту.
Евангельскія аповеды пра ўваскрасенне Езуса сведчаць пра тое, што камень ад магілы быў адсунуты. Гэтая акалічнасць дазволіла жанчынам, якія прыйшлі намасціць Яго, зазірнуць у грабніцу і ўбачыць, што яна пустая (Лк 24, 1—3). Гэта таксама дазволіла апосталу Яну ўвайсці ўсярэдзіну яе і паверыць ва ўваскрасенне Хрыста (Ян 20, 8).
А як з грахоўным каменем, які блакуе дарогу Езусу да нашых сэрцаў? Ці мы дазваляем, каб ён станавіўся ўсё большы, ці імкнёмся яго адсунуць? Мы павінны ад яго пазбавіцца, інакш Езус не ўвойдзе ў нашы сэрцы і не ўваскрэсіць да жыцця ў Божай ласцы, якая патрэбная для збаўлення.
Святы апостал Павел вучыць: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Клс 3, 1—2).
Неба — гэта наша мэта, якую мы можам дасягнуць толькі праз Хрыста. Таму неабходна дазволіць Яму весці нас шляхам нястомнага ўваскрашэння з грахоўнай магілы да жыцця ў Божай ласцы. Апагеем бязмежнай Божай міласэрнасці з'яўляецца Пасхальная таямніца Хрыста. Даверымся ёй і кінемся ў яе абдымкі, каб велікодная радасць дзяцей Божых запанавала ў нашых сэрцах.
Дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас са святам Уваскрасення Хрыста!
Віншую католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята свят!
Віншую праваслаўных, якія будуць адзначаць Пасху Хрыстову праз тыдзень. Жадаю ім плённага перажывання апошняга этапу Вялікага посту — Вялікага тыдня — і духоўнай падрыхтоўкі да Вялікадня!
Віншую ўсіх людзей добрай волі!
Няхай моц уваскрослага Хрыста дасягне ўсіх нас і дапаможа стаць Ягонымі сведкамі. Няхай стане ўдзелам самотных, пакінутых і тых, хто трапіў у розныя залежнасці, каб убачылі Хрыста, які іх любіць і вядзе да нябеснага Айца.
Няхай уваскрослы Езус адорыць нас надзеяй перад выклікам эпідэміі каранавіруса. Яна паказвае, што мікраскапічны, нябачны вірус здольны перавярнуць сучасны, моцна адукаваны, высокатэхналагічны і ўзброены да зубоў свет з ног на галаву. Чалавек, які ўяўляе сябе «богам», яшчэ раз убачыў, што такім не з'яўляецца. Таму наша адзіная надзея ў Божай міласэрнасці, якая найбольш дасканала праявілася ў пасхальнай таямніцы.
Няхай Езус — Пераможца злога духа, граху і смерці — падтрымлівае намаганні лекараў і службаў грамадскага парадку, каб мы маглі выйсці пераможцамі з гэтай складанай сітуацыі.
Няхай Ён знішчыць непаразуменні, якія існуюць у нашым грамадстве, адорыць пасхальнай радасцю, любоўю, супакоем і патрэбнымі ласкамі, каб мы маглі будаваць нашу будучыню на падмурку евангельскіх каштоўнасцяў!
Бласлаўлёных і поўных надзеі велікодных свят усім вам!
Гэтыя свае віншаванні ўмацоўваю бласлаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.