Вы тут

Рыхтуецца праект указа аб падтрымцы эканомікі


У краіне распрацоўваюцца кропкавыя меры падтрымкі суб'ектаў гаспадарання і людзей, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі з-за каранавіруса.


«Урад бачыць гэтую праблему і ставіць задачы па яе рашэнні. Распрацоўваецца комплекс мер, накіраваных на падтрымку эканомікі і сацыяльнай сферы. Рэальнаму сектару пашыраны асартымент і павялічаны аб'ёмы гарантый па крэдытах, якія даюцца ўрадам. Нямала прапаноў уносяць і дэпутаты, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Леанід БРЫЧ. — Робіцца ўсё неабходнае, каб максімальна захаваць рабочыя месцы, мінімізаваць рызыкі і страты для прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Разглядаюцца варыянты падтрымкі фізічных асоб, чые даходы скараціліся з-за пандэміі».

Парламентарый растлумачыў, што комплекс эканамічнай падтрымкі будзе рэалізаваны ў некалькі этапаў. Вядзецца падрыхтоўка праекта адпаведнага ўказа. У прыватнасці, разглядаюцца магчымасці пераносу тэрмінаў выканання суб'ектамі гаспадарання падатковых абавязацельстваў, надзялення мясцовых Саветаў дэпутатаў правам уводзіць паніжальныя каэфіцыенты да маёмасных падаткаў, «падатковых канікул» для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Яшчэ адной дзейснай мерай у гэтым кірунку можа стаць павелічэнне тэрмінаў знешнегандлёвых аперацый з 180 да 280 каляндарных дзён.

«Мы прапануем прыпыніць выплаты сум асноўнага доўгу і працэнтаў па крэдытах, даць малому і сярэдняму бізнесу канікулы на выплату камунальных паслуг. Яшчэ адзін з варыянтаў падтрымкі — прапанаваць пацярпелым ад пандэміі акцыянерным таварыствам правесці дадатковую эмісію прывілеяваных акцый з наступным набыццём іх дзяржавай з безумоўным правам зваротнага выкупу ў поўным аб'ёме, калі сітуацыя нармалізуецца», — адзначыў Леанід Брыч.

Таксама прадугледжваецца спрашчэнне парадку і ўмоў выдзялення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі сем'ям, якія ў цяперашніх умовах страцілі прыбытак. Сярод прэферэнцый — у тым ліку вызваленне ад налічэння пені (да шасці месяцаў) у выпадку нясвоечасовай аплаты камунальных паслуг.

Асаблівую ўвагу распрацоўшчыкі комплекснага плана звяртаюць на магчымасці забеспячэння аддаленай работы персаналу прадпрыемстваў і дыстанцыйнага навучання школьнікаў і студэнтаў.

Акрамя таго, на працягу месяца ўрад дасць ільготы для турыстычнай галіны, якая найбольш пацярпела ад распаўсюджвання каранавіруса.

«Цяпер вывучаем вопыт іншых краін — тых жа Расіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, таму што краіны, якія былі больш схільныя да каранавіруса, ужо на дзяржаўным узроўні прымаюць нейкія рашэнні, — цытуе БелТА міністра спорту і турызму Сяргея КАВАЛЬЧУКА. — Мы таксама будзем прапаноўваць пакет мер. Патрэбныя падатковыя, крэдытныя, арэндныя льготы. Мы на этапе прапрацоўкі гэтага пытання. У найбліжэйшы час, думаю, рашэнні будуць прынятыя».

Дарэчы, на мінулым тыдні беларускаму боку ўдалося вярнуць на радзіму ўсіх турыстаў-суайчыннікаў, якія адпраўляліся ў іншыя краіны праз турфірмы і затрымаліся там пасля закрыцця граніц. Па тых грамадзянах, якія з'ехалі за мяжу самастойна, рашэнне прымуць у найбліжэйшы час.

Прэв'ю: Depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.