Вы тут

Валерый Рубінчык. Стваральнік першага беларускага трылера


Як Валерый Рубінчык здымаў «Дзікае паляванне караля Стаха»


Фота з сайта vgik.info.

Нядаўна споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння вядомага кінарэжысёра заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Валерыя Рубінчыка, які пайшоў ад нас у 2011 годзе. З 1969 года творца працаваў на «Беларусьфільме», у 1990-м пераехаў у Маскву, дзе выкладаў і працаваў на «Масфільме». У Музеі гісторыі беларускага кіно зараз праходзіць персанальная рэтраспектыва «Для мяне кіно важней за жыццё», прысвечаная творчасці Рубінчыка, а на тэлеканале «Беларусь 3» паказваюць аўтарскія праграмы пра жыццё рэжысёра.

Пачатак

Валерый Рубінчык нарадзіўся ў Мінску ў творчай сям’і Давіда Рубінчыка, які працаваў дырэктарам у знакамітым на ўвесь Савецкі Саюз аркестры Эдзі Рознера, пасля — дырэктарам Рускага тэатра. Ужо ў 4 класе Валерый Давідавіч напісаў у дзённіку: «Я хачу быць кінарэжысёрам». Скончыў тры курсы Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» рознарабочым, памочнікам рэжысёра, асістэнтам. Некалькі разоў штурмаваў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі і нарэшце паступіў у майстэрню Якава Сегеля. Яго аднакурснікамі былі Сяргей Салаўёў і Станіслаў Гаварухін.

У Рубінчыка было некалькі мянушак  — Сапфірчык і Фелінчык. Творца меў добрыя акцёрскія здольнасці. Калісьці ён сам казаў: «Ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі мяне ведалі як таленавітага акцёра і  таму запрашалі ва ўсе дыпломныя спектаклі акцёрскага факультэта». Першы акцёрскі дэбют рэжысёра адбыўся ў  студэнцкай рабоце Станіслава Гаварухіна «Аптэкарка» па апавяданні Чэхава. Пазней ён сыграў адваката ў фільме Гаварухіна «Прыгоды Тома Соера і Гекльберы Фіна».

Пасля заканчэння Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі Рубінчык вярнуўся ў Мінск і зняў карціны «Магіла льва», «Апошняе лета дзяцінства», «Гамлет Шчыгроўскага павета», «Вянок санетаў», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Культпаход у  тэатр». У гэтых фільмах здымаліся Алег Відаў, Марыс Ліепа, Ігар Ясуловіч, Яўгеній Еўсцігнееў, Алег Барысаў, Яўгеній Сцяблоў, Юрый Ступакоў, Валянціна Талызіна, Барыс Плотнікаў, Альберт Фiлозаў, а таксама жонка рэжысёра  — актрыса Валянціна Шэндрыкава. У 1983 годзе выйшаў фарс «Камічны палюбоўнік, ці Любоўныя задумы сэра Джона Фальстафа», дзе ў зусім нечаканым амплуа гледачы ўбачылі Анатоля Папанава.

Беларускі трылер

Крытыкі часцей за ўсё згадваюць карціну Валерыя Давідавіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Пры ўсёй сваёй знешняй кінематаграфічнасці твор рэдка каму з кінарэжысёраў даваўся. Але фільм Рубінчыка, зняты ў 1979 годзе, сабраў па свеце мноства ўзнагарод на разнастайных фестывалях.

— Зняць фільм па аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» тады марылі, напэўна, усе беларускія рэжысёры,  — расказваў Валерый Рубінчык. — Аповесць Уладзіміра Сямёнавіча зіхацела ў беларускай літаратуры як брыльянт. Гэта была з’ява, пра якую гаварылі ўсе. Аповесць такая незвычайная, такая дзіўная і так не падобная на ўсё, напісанае ў беларускай літаратуры, што яе чытаў увесь свет. Думка пра тое, што трэба неадкладна яе экранізаваць, мне прыйшла адразу. І тут здарыўся цуд. Я зняў фільм «Вянок санетаў», які нечакана для нас атрымаў Гран-пры на Усесаюзным фестывалі, потым мы атрымалі прэмію Ленінскага камсамола Беларусі (я, аператар і мастак). І пасля гэтага поспеху мне прапанавалі экранізаваць «Дзікае паляванне...».

Першы варыянт сцэнарыя напісаў сам Караткевіч. Але гэта быў своеасаблівы літаратурны сцэнарый, які рэжысёр адаптаваў да кінематаграфічнай рэальнасці. Многае з аповесці туды не ўвайшло, прычым гэта было зроблена наўмысна. Апусцілі шмат дэтэктыўных ліній. У аснову ставілася, натуральна, інтрыга сюжэта. Але рэжысёрская група шукала і найвышэйшы сэнс. Было зразумела, што такому пісьменніку, як Караткевіч, мала дэтэктыўных перыпетый — там схаваны пэўны тайнапіс, іншы сэнс, які трэба разгадаць. Адзінае, што наўмысна змяніў Рубінчык, — перанёс падзеі, апісаныя ў аповесці, гадоў на 20 наперад. Фільм заканчваецца першым днём ХХ стагоддзя. Рэжысёру здавалася, што так будзе вастрэй.

Самыя страшныя сцэны з балотамі з «Дзікага палявання...» здымаліся на ваенных палігонах ва Уруччы і пад Масквой у Алабіне, дзе раней існаваў спецыяльны кінематаграфічны конны полк. Здымалі нестандартна — праз адмысловую оптыку, каб коні выглядалі пачварамі.

Тэмы і фільмы

Здзіўлялі сваім пластычным рашэннем, выбарам тэм і далейшыя работы Рубінчыка: «Адступнік», «Камедыя пра Лісістрату». Зноў на экране ззяла сузор’е акцёраў: Калягін, Коранева, Сцяблоў... Карціна паставіла і іншы рэкорд — па колькасці аголеных целаў на экране (камедыя Арыстафана гэта дазваляла). Далей была «Нялюбасць» — першы фільм, зняты па сцэнарыі Рэнаты Літвінавай. Гледачы ўпершыню ўбачылі на экране актрысу Ксенію Качаліну. Яе партнёрам стаў Станіслаў Любшын. Пазней з’явіліся работы «Пейзаж з трыма купальшчыцамі», дакументальны фільм пра мастака Барыса Заборава, іранічная карціна «Кіно пра кіно», «Нанкінскі пейзаж». Дарэчы, апошні становіцца для гледача падказкай, які кірунак і творчасць каго з сучасных рэжысёраў натхняла Валерыя Рубінчыка.

Валерый Давідавіч прызнаваўся, што ўсіх сваіх герояў ператвараў у  празрыстых інтэлігентаў. Для яго заўсёды была важная ацэнка ўласнай творчасці. Рэжысёр прымушаў гледача не проста камфортна сядзець ў глядзельнай зале, успрымаючы тое, што адбываецца на экране, як тэлевізійную перадачу, а прымаць актыўны ўдзел у  суперажыванні героям, як бы прайграваць сцэну разам з імі.

Вядомы Валерый Рубінчык і як педагог: у Інстытуце сучаснага мастацтва і  ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі выкладаў разам з  Сяргеем Салаўёвым. Сярод яго вучняў — Ганна Мелікян, Аляксей Сідараў, які зняў легендарны серыял «Брыгада», Алена Корыкава і іншыя рэжысёры і акцёры.

Асабістае жыццё

Валерый Рубінчык быў вельмі шчаслівы ў шлюбе. Яго жонкай стала вядомая актрыса Валянціна Шэндрыкава. І дома, і на здымачнай пляцоўцы ў сям’і панавала паразуменне. Як расказвала ў сваіх інтэрв’ю артыстка, пасварыліся яны толькі адзін раз, калі вярнуліся ў гатэль, стаміліся пасля працы і не маглі вырашыць, каму памыць бялізну.

У сакавіку 1974 года ў Валянціны Канстанцінаўны і Валерыя Давідавіча нарадзілася дачка. Мар’яна Рубінчык пайшла па бацькоўскіх слядах: скончыла акцёрска-рэжысёрскі факультэт Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, майстэрню Сяргея Салаўёва.

Памёр вядомы рэжысёр на 71-м годзе жыцця ў Маскве.

Успаміны:

Беларускі кінааператар Юрый Ялхоў пра работу з Валерыем Рубінчыкам:

— Першым маім фільмам, знятым з Валерыем Рубінчыкам, стаў «Культпаход у тэатр». Гэта адбылося адразу ж пасля здымак фільма «Раскіданае гняздо» з Барысам Луцэнкам, дзе выяўленчаму рашэнню надавалася вялікае значэнне. Я там выкарыстаў спецыяльна для мяне зробленую плёнку без супрацьарэольнага пласта, якая на экране стварала арэол на мяжы светлага і цёмнага. Валерыю Рубінчыку такі малюнак спадабаўся, і ён прапанаваў мне зняць яго фільм «Культпаход у тэатр». Праўда, ад плёнкі без супрацьарэальнага пласта ён адмовіўся і паставіў перада мной і мастаком Уладзімірам Дзяменцьевым задачу зняць чорна-белы фільм на каляровую плёнку. Гучыць гэта парадаксальна і нерэальна, але сэнс такога рашэння заключаўся ў тым, каб адысці ад шматколернасці ў малюнку і давесці яго да монахромнасці. Акрамя таго, каб адысці ад умоўнасці кінематаграфічнага асвятлення, мы ўсе дэкарацыі будавалі пад інтэр’ер са столямі і напаўнялі іх натуральнымі крыніцамі асвятлення. Вынікам нашых сумесных намаганняў рэжысёр у рэшце рэшт быў задаволены.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кашпераў пра работу з Валерыем Рубінчыкам:

— У Рубінчыка я не толькі здымаўся, але і шмат займаўся агучваннем яго карцін. Першая сумесная работа — агучаны для яго дэбюту «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў». Да сёння памятаю гэты чорна-белы фільм, ён ні ў чым не саступае раннім работам Мікіты Міхалкова і ў чымьсці пераклікаецца з яго карцінай «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх». У «Магіле льва» я ўжо здымаўся разам з Марысам Ліепам, Алегам Відавым. Для гэтага фільма першапачаткова быў створаны выдатны матэрыял, але пасля таго, як усе сталі ўмешвацца, вынік атрымаўся крыху іншы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.