Вы тут

Моладзевую канферэнцыю TEDxYouth@Minsk перанеслі на верасень


Але электронная рэгістрацыя на мерапрыемства ўжо пачалася.


19 верасня на маштабнай інтэлектуальнай канферэнцыі для моладзі выступяць 10 фіналістаў сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў TEDxMinsk.

«Першыя» — гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, абвешчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырох тэматычных кірунках — «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура», а таксама бралі ўдзел у крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне. Спецыяльна для канкурсантаў быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў

Журы конкурсу «Першыя» прагледзела больш за сотню відэазаявак і выбрала дзесяць найлепшых ідэй. Іх аўтары і выйдуць 19 верасня ў знакаміты чырвоны круг TED з дзесяціхвіліннай прамовай, якую ўжо зараз рыхтуюць разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Сярод іх:

  • Самуіл Алексін (Мінск, 11 клас, самастойнае навучанне);
  • Павел Ананіч (Магілёў, сярэдняя школа № 21, 11 клас);
  • Лізавета Грынюк (Слуцк, сярэдняя школа № 11, 10 клас);
  • Настасся Кундзір (Віцебск, сярэдняя школа № 12, 9 клас);
  • Канстанцін Муліца (Іўе, гімназія № 1, 10 клас);
  • Дзяніс Рабчук (Брэст, гімназія № 1, 10 клас);
  • Ангеліна Себік (Гомель, гімназія № 10, 10 клас);
  • Вікторыя Сідарэнка (Гомель, сярэдняя школа № 44 імя М.А. Лебедзева, 10 клас);
  • Соф’я Федчанка (Мінск, гімназія № 4, 9 клас);
  • Кацярына Янголь (Крэва, сярэдняя школа, 11 клас).

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk адбудзецца ў Беларусі ў другі раз. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў праекта — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы.

«У беларускай моладзі ёсць шмат незвычайных і карысных ідэй, а глабальная місія TED заключаецца ў тым, каб іх распаўсюджваць. Мы прапануем падлеткам магчымасць падзяліцца сваімі задумамі і быць пачутымі. На канферэнцыі выступяць аўтары сапраўды цікавых праектаў. Яны шмат рыхтаваліся, авалодвалі прамоўніцкім майстэрствам, і іх выступ у сусветна вядомым фармаце можа стаць натхняльным прыкладам для іншых школьнікаў», — адзначыў Мікалай Брэдзелеў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1.

Уваход на канферэнцыю вольны, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Больш падрабязнай інфармацыі можна знайсці на сайце.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.