Вы тут

Лукашэнка: Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў


«Да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў», — заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас ўдзелу ва ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце майстроў мастацтваў «Магістраль нашага жыцця», прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.


«Так, да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў. Амаль ва ўсе часы, пачынаючы з глыбокай старажытнасці, гэта быў шлях барацьбы: барацьбы з суровым кліматам — за ўраджай, з захопнікамі — за зямлю, з прыгнятальнікамі — за свабоду, з інтэрвентамі — за веру, культуру і традыцыі. Але Вялікая Айчынная вайна стала вайной за жыццё, за само існаванне нацыі. Вайной за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Гады акупацыі наглядна і жорстка паказалі людзям праўдзівы сэнс такіх паняццяў, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Гэтыя каштоўнасці маглі быць страчаныя назаўсёды, але былі здабыты ў дзень вызвалення нашай сталіцы, горада Мінска», — нагадаў Прэзідэнт.

Ён зазначыў, што з тых часоў змянілася амаль чатыры пакаленні беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі нам будучыню, жыве ў нашых сэрцах. У ёй шмат болю, але яшчэ больш гонару — у ёй усведамленне, што ўсе мы, сучасныя беларусы, з'яўляемся носьбітамі гена пераможцаў.

«Вытокі нашай незалежнасці бяруць пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў»

Ён адзначыў, што ўспамінаючы герояў вайны, мы заўсёды кажам пра іх мужнасць, гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. І разумеем, што выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны абудзілі ў народа невядомыя раней сілы, але ж і ўзгадавала іх шматвяковая гісторыя несвабоднага жыцця далёкіх продкаў.

«Безумоўна, вытокі нашай незалежнасці бяруць пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў. Яны ў імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на нашай зямлі самага прагрэсіўнага права, у шматлікіх навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў — яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох. Але так адбылося, што амаль тысячу гадоў выразнікамі нашай волі на беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў ХХ стагоддзі на адвечнае пытанне: "А хто там ідзе?" знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ, мудры і цягавіты працаўнік, праўдзівы абаронца і захавальнік Радзімы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Варвара МАРОЗАВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.