Вы тут

Чаму ў вёсках улетку ноччу не асвятляюць вуліцы?


Аграгарадок Гасцiлавiчы знаходзiцца непадалёк ад Лагойска. Тут жыве больш за 500 чалавек. У населеным пункце ёсць сярэдняя школа, Дом культуры з кiназалай, бiблiятэка, аддзяленне сувязi, крама, лазня, вясковы стадыён. Гэта цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства «Лагойскi». Як кажуць, для жыцця i задавальнення бытавых, сацыяльных, культурных запатрабаванняў тут створаны нядрэнныя ўмовы. Аднак мясцовых жыхароў хвалюе адсутнасць асвятлення на вулiцах.


Здымак носіць ілюстрацыйны характар

«Вось ужо некалькi гадоў запар у вёсках i аграгарадках Лагойскага раёна рашэннем райвыканкама практыкуецца адключэнне вулiчнага асвятлення ў летнi перыяд, iнакш кажучы, з 1 чэрвеня да 31 жнiўня ў начныя гадзiны. Прычына — эканомiя сродкаў на гэты артыкул расходаў, — пiша нам жыхар вёскi Гасцiлавiчы Аляксей Андрэеў. — У свой час Генеральная пракуратура выявiла такiя ж парушэннi ў гэтай сферы. Iнфармацыя была надрукавана на сайце i ў сродках масавай iнфармацыi.

Сапраўды, «Звязда» ў свой час пiсала, што ў сувязi са скаргамi жыхароў Мiнскай вобласцi супрацоўнiкi пракуратуры правялi праверку абгрунтаванасцi такiх адключэнняў. Было выяўлена, што на тэрыторыi шэрагу рэгiёнаў Мiншчыны на працягу некалькiх гадоў iснуе практыка спыняць падачу асвятлення на вулiцах у летнi перыяд ноччу. Адзначалася, што райвыканкамы не толькi ведалi пра гэта, але i самi прымалi рашэннi аб адключэннi, матывуючы свае крокi эканомiяй сродкаў. Як паведамляла пракуратура, у вынiку адключэння асвятлення эканомiя нязначная, — у Мiнскiм раёне, напрыклад, удалося сэканомiць толькi 6,2 % ад фактычных затрат.

Разам з тым такая сiтуацыя негатыўным чынам паўплывала на крымiнагенную абстаноўку, колькасць правапарушэнняў. Нязначная эканомiя сродкаў непараўнальная з затратамi на раскрыццё правапарушэнняў i злачынстваў, лячэнне i рэабiлiтацыю пацярпелых, кампенсацыю страт у сувязi з атрыманымi грамадзянамi траўмамi.

Генеральная пракуратура ўнесла прадстаўленне ў Мiнаблвыканкам, дзе патрабавала забяспечыць няўхiльнае выкананне нормаў заканадаўства аб дзяржаўных сацыяльных стандартах.

Дадам, што пытаннi вулiчнага асвятлення не носяць сiстэмны характар. Але тым не менш яны ёсць. Наконт эканомii спецыялiсты падказваюць выхад: калi фiнансавання на асвятленне вулiц не хапае, неабходна распрацаваць i зацвердзiць праграму па эканомii, недахоп сродкаў перакрываць за кошт дзеючых мерапрыемстваў па эканомii энергазатрат, а не элементарнага адключэння. Гэта прамы абавязак сельвыканкамаў — арганiзаваць асвятленне вулiц, што дакладна прапiсана ў артыкуле 43 Закона «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь». Тым не менш, як сцвярджае Аляксей Андрэеў, у пачатку гэтага года ён вусна звяртаўся ў Лагойскi сельскi Савет, дзе пацвердзiлi, што лiхтары адключылi з мэтай эканомii. «А вось за паўкiламетра ад нашага населенага пункта, на ўскраiне Лагойска, у раёне катэджнай забудовы насупраць раённай ветстанцыi лiхтары гараць заўсёды», — кажа Аляксей Андрэеў.

У Беларусi дзейнiчаюць пэўныя мiнiмальныя дзяржаўныя стандарты, да якiх адносiцца i ўдзельная вага асветленых вулiц — не менш за 80 % ад агульнай колькасцi iх у населеным пункце.

Калi сяло або вёска невялiкiх памераў, то на адной вулiцы павiнны гарэць не менш за два лiхтары, а таксама святлакропка каля аб'ектаў сацыяльнага i культурна-бытавога прызначэння. Для зусiм маленькiх вёсак прадугледжаны два лiхтары — на ўездзе i выездзе. Больш за тое, пастановай Савета Мiнiстраў ад 30 мая 2003 года № 724 аблвыканкамам даручалася праводзiць аналiз работы па абслугоўваннi насельнiцтва ў гарадах i раёнах у адпаведнасцi з нарматывамi дзяржаўных сацыяльных стандартаў не радзей, чым раз на паўгоддзе. У пасёлках i сельсаветах — таксама. Верагодна, дзесьцi адсутнiчае магчымасць фiнансавання, умацавання матэрыяльна-тэхнiчнай базы i iншых змяненняў. Заканадаўчая база ў нас дастаткова развiтая i прадугледжвае ўсе магчымыя шляхi выхаду з сiтуацыi, у тым лiку i па недастатковым фiнансаваннi на вулiчнае асвятленне.

Разам з тым такiя звароты — вынiк таго, што выканкамы базавага ўзроўню i сельвыканкамы прымаюць рашэннi, якiя не адпавядаюць заканадаўству.

Пасля таго як карэспандэнт «Звязды» пабывала ў раёне, пагутарыла з людзьмi, лiтаральна праз некалькi дзён уключылi вулiчнае асвятленне. Як паведамiла старшыня Лагойскага раённага Савета дэпутатаў Людмiла Муравiцкая, лiхтары заззялi ва ўсiх 316 населеных пунктах. А не было вулiчнага святла па прычыне правядзення рамонтных работ. Факт пацвердзiлi ў Лагойскiх раённых электрасетках, на балансе якiх знаходзiцца гэтая сфера.

Па словах намеснiка старшынi райвыканкама па пытаннях будаўнiцтва i ЖКГ Яўгена Шабунi, асвятленне было адключана па рашэннi райвыканкама для правядзення балансаўтрымальнiкам прафiлактыкi i рамонту электраабсталявання. «На вулiчнае асвятленне сродкi выдзяляюцца з бюджэту. Яшчэ не падлiчвалi, наколькi iх хопiць. Але пакуль грошай дастаткова. А лiхтары заззялi сапраўды ў кожнай вёсцы i аграгарадку. Скаргаў ад жыхароў на гэтым тыднi не паступала. Калi дзесьцi здарыцца нейкая тэхнiчная непаладка, то яе аператыўна выправiць рамонтная брыгада РЭС», — сказаў напрыканцы Яўген Шабуня.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота ksosvet.ru

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.