Вы тут

Дзмітрый Давідоўскі: Нашымі пастаяннымі чытачамі былі Ніл Гілевіч, Іван Навуменка...


Ці магчыма наталіцца родным словам удосталь? Зайдзіце ў залу беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і адчуйце! Апынуўшыся тут, станеш кнігалюбам і аматарам чытання. І найперш — роднага. Бо перад вачыма разгортваецца непаўторны літаратурны кілім, дзе яркімі ўзорамі ззяюць імёны класікаў. Зала беларускай літаратуры НББ — задавальненне для самых патрабавальных бібліяфілаў. Што да мяне, дык гэта прыстанак для душы, прастора сяброўства. Асабліва калі побач — клапатлівы дарадца — такі, як вядучы бібліятэкар Дзмітрый Давідоўскі. Карыфей бібліятэчнай справы, прызнаны аўтарытэт, ён верны сваёй прафесіі (і аддзелу беларускай літаратуры) вось ужо 40 гадоў! І колькі на гэтым шляху адметнага! Пэўна, як красак на квяцістым кіліме?!


— Дзмітрый Мікалаевіч, 1 жніўня вы адзначыце 40-гадовы юбілей працоўнай дзейнасці. Ці памятаеце свае першыя крокі ў прафесіі?

 — Я працую ў бібліятэцы з 1980 года. Калі скончыў бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры, даведаўся цікавы факт: мой дзед, калі быў рэпрэсіраваны, працаваў у бібліятэцы. Такія паралелі... Мне мая работа заўсёды падабалася. На бібліятэчны факультэт ішоў мэтанакіравана. Па размеркаванні трапіў у Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У. І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі), стары будынак — пачыналася ўсё менавіта адтуль. Тады гэта быў спачатку аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі, потым — проста аддзел беларускай літаратуры (бібліяграфічная група сышла ў аддзел бібліяграфіі), а цяпер — зала. Такім чынам, я не «распыляўся» — не адыходзіў ад свайго асноўнага кірунку — беларускай літаратуры.

— Відавочна, беларуская літаратура для вас не пустыя словы... Хто з айчынных пісьменнікаў асабліва блізкі?

— Так атрымалася ў свой час, што з лёгкай рукі Рыгора Барадуліна я заняўся Уладзімірам Дубоўкам. З Барадуліным мяне звязвала 20-гадовае сяброўства. Трапіў да таварыша на дзень нараджэння, і ён мяне пазнаёміў з такой рознабаковай асобай, як народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Гэты чалавек надзвычайны! З  ім можна было размаўляць на роўных. Ён тады прапанаваў мне скласці збор твораў Дубоўкі ў чатырох тамах. Але здарыліся нечаканасці: спачатку «адправілі» дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Серафіма Андраюка і следам — Рыгора Барадуліна. А ён тады, у 90-х гадах, узначальваў аддзел збораў выбраных твораў. Калі Барадулін сышоў, справа заглохла. Я падрыхтаваў толькі першы том, але ён так і не выйшаў. Ужо потым, у 2002 годзе, на аснове таго першага тома ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» ў маім укладанні выйшла кніга «О Беларусь, мая шыпшына».

— Чым запомніўся Барадулін?

— Барадулін быў хуліганам. Неяк, лежачы ў шпіталі, напісаў сам на сябе эпіграму: «За славай пёр як на ражне — // Аж адусюль свістала полымя, // А слава паказала мне // Свае дзве палавінкі голыя». А калі ўсур’ёз, то трэба адзначыць, што Барадулін не мог без кнігі. Ён з кніг браў матэрыялы для сваіх твораў. І ўвогуле, калі хочаш стаць класікам (узроўню Барадуліна), трэба адштурхоўвацца ад навуковых, гістарычных выданняў. Не так даўно мы арганізоўвалі выстаўку Леаніда Дайнекі. Дык ён карыстаўся і летапісамі, і гістарычнай літаратурай. Такім чынам, гэта абавязковая, неад’емная частка работы пісьменніка, творчага працэсу. Ніякім чынам не абыдзеш кнігу.

— А ці ёсць кніга, якую вы перачытвалі не раз?

— Такіх шмат. Цяпер перачытваю Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом», «Пан Валадыёўскі» ў арыгінале. Таксама Элізу Ажэшку на польскай, Ціта Лівія чытаю на латыні.

— Бібліятэкар-паліглот — выдатная рыса…

— Калісьці я пазнаёміўся з Беньямінам Айзікавічам Мельцэрам і вырашыў з  ім займацца мовамі. Ён быў унікальнай асобай. Працаваў у БДУ, выкладаў. Скончыў Кракаўскі, Сарбону. Падалося мала  — яшчэ і наш БДУ. Гэта былі 1930—50-я гады. Выкладаў гісторыю рымскага права, гісторыю крымінальнага права, сусветную гісторыю, антычную філасофію, лацінскую мову — потым як антысавецкую забаранілі. А яму было ўсё роўна, бо ён ведаў 25 жывых моў, латынь — 26-я. Пасля забароны лацінскай мовы стаў выкладаць нямецкую. Вось такі чалавек. Паяднаў нас сябар сям’і. Мельцэр жыў на Вайсковым завулку, я прыходзіў займацца да яго дадому.

— А што чытаеце цяпер?

— Кнігу артыкулаў беларускага журналіста Рамана Ярохіна «Интонация вздоха». Ён працаваў у Белдзяржвыдавецтве, потым — у аддзеле культуры газеты «Советская Белоруссия» — адтуль і пайшоў на пенсію. Яго меркаванні пераклікаюцца з маімі задумкамі. У  мяне даследаванні па творчасці Дубоўкі, Пэна, крыху ўспамінаў пра дзеда, маці — Ірыну Антонаўну Галубовіч. Яна была хірургам-анколагам, 22 гады ўзначальвала НДІ анкалогіі (цяпер РНПЦ АМР імя М. М. Аляксандрава). Спецыялістам вышэйшай кваліфікацыі прыйшла ўжо з  вайны. На фронце яна была старэйшай аперацыйнай сястрой. Уявіце: аперацыйная — велізарная палатка. Брыгада — два чалавекі: хірург і старэйшая сястра. Забівае хірурга — і, хочаш не хочаш, — станавіся. Таму ў інстытут мама прыйшла паступаць ужо высакакласным хірургам.

— Вы не пайшлі па слядах маці — абралі іншы кірунак…

— Мой бацька — матэматык, сястра — праграміст. А я… гуманітарый! Дарэчы, у маёй маці была выдатная памяць. Нават у 94 гады (незадоўга да смерці) мама на памяць магла чытаць Гейнэ на нямецкай, «Васіля Цёркіна», «Яўгенія Анегіна». Быў выпадак яшчэ на фронце (расказвала мне): ад слупняку паміраў нямецкі салдат, і мама чытала яму на нямецкай мове вершы Гейнэ — хацела, каб чуў у апошнія хвіліны сваю мову (хаця не ведала, што Гейнэ будзе пад забаронай).

— Разам з вамі ў аддзеле пашанотныя калегі: Ніна Касілава, Вольга Шугаева...

— Калі я пачынаў, са мной працавала Раіса Сіпакова, жонка Янкі Сіпакова, бібліёграф з вялікай літары. Ніна Ватацы  — адна з першых маіх настаўніц. Нельга не згадаць Валянціну Баханькову, жонку Адама Баханькова, Людку Сільнову. Так што ў нас была плеяда знакавых асоб. Толькі пералічыць гэтыя імёны — ужо гісторыя. Дарэчы, калі Ніна Ватацы (пайшла на пенсію ў 1990 годзе) даведалася, што Барадулін мне даручыў укладанне Дубоўкі, то была вельмі рада: «Нарэшце вам далі тое, што вам патрэбна». Яна мне адкрыла вельмі шмат.

— Ці памятаеце часы, калі да вас у аддзел заходзілі класікі?

— Нашымі пастаяннымі чытачамі былі Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Сяргей Законнікаў. А яшчэ — Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Разанаў, Арсень Ліс, Уладзімір Міхнюк, мой выкладчык Анатоль Грыцкевіч, Аляксандр Гужалоўскі, Мікола Ермаловіч. Што да апошняга, то ў нас была маленькая зала, дык мы яе называлі ермаловіцкай, бо Мікола Іванавіч там праводзіў часу больш, чым дома. Бывала, яшчэ бібліятэка зачынена, а ён ужо стаіць каля ўвахода. Віталь Скалабан, Сяргей Сергачоў, Генадзь Сагановіч, Леанід Лыч — усіх не ўспомніш, таму што за 40 гадоў прайшло столькі асоб…

— Пэўна, вы ўжо не ўяўляеце сябе ў іншай прафесіі?

— Ніколі не было жадання кудысьці пераходзіць. Бо якія сустрэчы! Ужо нават у гэты будынак прыходзіў Мікола Аўрамчык, якраз у той год, калі яму споўнілася 90. Гэта, праўда, быў апошні яго візіт. А так ён з’яўляўся пастаянным чытачом, хоць жыў у вёсцы. Мы тады падрыхтавалі выстаўку да 90-годдзя, ён паглядзеў і  ўсклікнуў: «Гэта я столькі надрапаў?!» Таму, калі з такімі людзьмі сустракаешся, адбіць ахвоту працаваць тут немагчыма. Перад вачыма прайшло вельмі многа класікаў літаратуры — не такіх, як пісала мая суседка Ліда Арабей: «Зараз вельмі лёгка стаць класікам: дастаткова за свае грошы выдаць кнігу ў серыі “Класікі беларускай літаратуры”». Лідзія Арабей не дажыла да свайго 90-годдзя паўгода. Што самае цікавае — апошні твор датаваны 15 лютага, а памерла 20 лютага 2015 года — да апошняга працавала. Жылі мы на адной пляцоўцы — дзверы ў дзверы, кожны Новы год сустракалі разам.

Добрым сябрам быў пісьменнік Аляксандр Міронаў. Я часта да яго заходзіў. Яго дом быў на рагу Купалы і праспекта. Я жыў побач. Мая левая нага захацела да яго пайсці — я пайшоў без папярэджання.

Пазнаёміўся ў тыя часы і з Васілём Сёмухам (ён і Барадулін — два сябры не разлей вада) — не менш знакавая асоба: перакладчык, ведаў шмат моў, перакладаў з арыгінала. Напрыклад, са шведскай, з усіх прыбалтыйскіх, нямецкай, англійскай, французскай, бельгійскай на беларускую. 154 выданні — усё пераклады (Дзмітрый Мікалаевіч глядзіць у электронны каталог): Брэхт, Шылер, Ніцшэ, Гётэ, Рыльке, «Найвышэйшая песня Саламонава», «Фаўст», Новы Запавет з  царкоўнаславянскай. Трэба сказаць, што, калі класікам перакладу лічылі Семяжона, то Сёмуха пераўзышоў яго па ўсіх параметрах.

— У вашы часы кніга была папуляр­ ная больш, чым цяпер... Наколькі яна губляе пазіцыі?

— Шчыра кажучы, на мой погляд, не губляе. Інтэрнэт не заменіць. Мяркую па сваім досведзе. Я друкуюся, таму наведваю архівы (Нацыянальны архіў, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). Тое, што дае інтэрнэт быццам бы са спасылкай на архівы, — ні ў якія вароты! Працэнтаў на 90 — адсябяціна. А калі трымаеш кнігу — бачыш праўдзівую крыніцу. Інтэрнэту веры асаблівай няма. Так, можна пакапацца, выйсці на алічбаваную кнігу, але колькі патрэбна часу! А ў бібліятэцы бачыш дакумент на свае вочы.

— Такім чынам, кніга будзе жыць і бі­бліятэка застанецца запатрабаванай?

— Канечне. Хоць тэхналогіі, сацсеткі крыху яе адцяняюць. У НББ сёння ёсць свой інтэрнэт-партал з электронным каталогам, алічбаваным фондам. Але бібліятэка анлайн і была даступна ў прынцыпе. Літаратуру заказвалі з іншага горада, прыязджалі і атрымлівалі заказ.

— Раней было больш дыялогу непа­срэднага. А цяпер перашкода ў выглядзе манітораў...

 — Я б не сказаў... Адзінае, што цяпер мы карыстаемся электронным каталогам, дапамагаем у пошуку, а зносіны засталіся тыя ж. Хіба што са з’яўленнем электроннай пошты развучыліся пісаць. Таму я б раіў больш пісаць ад рукі. Бо даказана, што нават пры цяжкіх хваробах мозгу тыя, хто шмат піша, вяртаюць здольнасці. Ведаю выпадак адной жанчыны, якая не так даўно сышла на пенсію. У яе выдалілі лобную частку мозгу: пухліна. Сказалі, што будзе раслінай. І  што яна вырашыла? Пачала перапісваць энцыклапедыю. А пасля абараніла кандыдацкую дысертацыю, узначаліла ў навукова-практычным цэнтры гігіены буйны аддзел!

А як з вершамі? У вершах, напісаных, калі яшчэ не было гэтых цацак, адчуваеш: недзе збіваецца рытм, бо паэт не змог падабраць адпаведнага слова, ці штосьці заменена на рускае, як часам гэта рабіў Дубоўка, каб не згубіць мілагучнасці. (Дзіўна: будучы выдатным мовазнаўцам, ён сабе такое дазваляў.) І гэта перадавала пачуцці, чалавечую душу. А калі пачынаюць падбіраць рыфму праз камп’ютар, атрымліваецца нейкая штучная істота, штосьці незразумелае.

— Вы ўсё жыццё звязаны з чытан­ нем...

— Калі чытаеш, міжволі пачынаеш асэнсоўваць і шукаць свае адказы на пытанні, фарміруецца свой погляд, не кажучы ўжо пра развіццё пісьменнасці.

— Ці здараліся ў вашай практыцы смешныя выпадкі?

— Анатоль Сідарэвіч, як толькі дзверы адчыняе, пачынае спяваць нейкія народныя прыпеўкі ці размаўляць на замежных мовах (я неяк налічыў 12, уключаючы ідыш і арабскую). Калі ён прыходзіць, то здзіўляецца, што я ўжо набраў яго нумар білета і пытаюся, ці ўсё выдаваць і ў якую чаргу.

А вось аднойчы прыйшоў чытач-урач. Патрэбна была кніга. Я накіраваў яго шукаць у алфавітны каталог. Ён хадзіў-хадзіў хвілін 20, потым вяртаецца і кажа: «Каталог пайшоў на абед».

— 15 чэрвеня НББ адкрылася для наведвальнікаў пасля больш чым 2-ме­ сячнага перапынку ў сувязі з эпідэмія­ лагічнай сітуацыяй. Ці быў перапынак у працы кніжніцы выпрабаваннем?

— Кантакт трымалі анлайн. І чакалі, калі бібліятэка адкрыецца. Выпрабаванне ў першую чаргу псіхалагічнае: адчувалі сябе непатрэбнымі. Зусім іншая справа — калі маеш зносіны з чытачом: дапамагаеш, накіроўваеш. Канечне, без справы не сядзелі: работа ёсць заўсёды. Але псіхалагічна гняло. Чытачы самі ўжо тэлефанавалі: «Калі адкрыецеся?» Хочацца пажадаць, каб бібліятэка выстаяла. Думаю, яна будзе жыць, нягледзячы на развіццё тэхналогій, бо сапраўдны даследчык хоча паглядзець рукапіс старадаўні ці летапіс пагартаць, звярнуцца да арыгінала...

— Дзякуй, Дзмітрый Мікалаевіч, за цікавую размову! З надыходзячым 40-гадовым юбілеем вашай працоўнай дзейнасці! Поспехаў, здароўя, удзячных чытачоў!

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.