Вы тут

Памятаць пра любоў


У свеце ёсць феномены, якія вельмі цяжка асэнсаваць, нягледзячы на тое, што кожны з нас сутыкаецца з імі амаль кожны дзень, няхай часцей за ўсё гэта адбываецца ўскосна. І сярод гэтых з’яў вылучаецца адна пара, якая, так склалася, у мастацтве неразлучная: класічная апазіцыя любові і смерці. Парадокс гэтай апазіцыі ў тым, што хаця мы і прызвычаіліся бачыць як любоў, так і смерць у кіно ці літаратуры, нам вельмі цяжка змірыцца з сітуацыяй, калі гіне чалавек, які не толькі любіў (у самым шырокім сэнсе гэтага слова), але і дарыў сваю любоў свету праз мастацтва.


Фота з Facebook

На жаль, рэальнасць не заўсёды дорыць нават самым лепшым людзям шчаслівы канец пасля доўгага і насычанага жыцця. Часам лёс бывае хаатычна жорсткім. Напэўна, таму ён вырашыў што ўвечары 14 мая ў Пухавіцкім раёне на 43-м кіламетры трасы М5 Мінск-Гомель група маладых людзей (двое хлопцаў і дзяўчына на сітраэне) трапіць у аварыю (ім насустрач выехаў аўтамабіль, за рулём якога быў 20-гадовы гамяльчанін), дзе адразу на месцы загінуць трое хлопцаў, а адзіная дзяўчына апынецца ў рэанімацыі. Там яна і сыдзе з жыцця 22 мая, не прыходзячы ў прытомнасць, нягледзячы на тое, што ўрачы будуць змагацца за яе жыццё на працягу цэлага тыдня. Гэта, безумоўна, трагедыя, бо загінулі адразу чатыры маладых чалавека. Яны маглі б яшчэ столькі паспець, што ад думак пра бясконцыя магчымасці, якія так і не будуць рэалізаваны ніводным з іх, слёзы неяк самі сабой выступаюць на вачах. Тым больш, што гэтага можна было б пазбегнуць, калі б на трасе стаялі антыаварыйныя агароджы, якія б не далі аўтамабілю гамяльчаніна вылецець на сустрэчную паласу. Але яшчэ больш страшным гэтае здарэнне робіць тое, што трое людзей, якія ехалі ў сітраэне, былі ледзь не самай перспектыўнай камандай маладых дакументалістаў.

Гукарэжысёр Максім Гаўрыленка, прадзюсар Уладзімір Міхайлаўскі і рэжысёрка Любоў Зямцова вярталіся са здымак дакументальнага фільма пра валанцёраў, якія падчас пандэміі каронавірусу дапамагаюць медыкам спраўляцца з вялікім патокам хворых, асабліва ў тых раёнах, дзе не заўсёды хапае неабходных сродкаў. Гэты праект яны рыхтавалі для канала «Настоящее Время». Любоў Зямцова і раней супрацоўнічала з ім і была аўтарам праекта «Неизвестная Беларусь», у рамках якога, напрыклад, стварыла дакументальныя фільмы пра размеркаванне студэнтаў-бюджэтнікаў, а таксама пра культавую Камароўку. Яна скончыла школу Wajda School Doc Pro ў Варшаве. Яе фільмы ўдзельнічалі ў кінафестывалях Astra Film Festival, «Артдокфест», Watch Docs Belarus і іншых.

Былі ў яе і асабістыя праекты, напрыклад, кінастужка «Про любовь: Ира», якая распавядае цікавую гісторыю жыцця і кахання ў нашым хуткім, звар’яцелым і абсурдным свеце. Фільм «Место любви» таксама пра каханне, але ў гэтым праекце героямі становяцца наведвальнікі дзённай групы для людзей з інваліднасцю. Любоў Зямцова валодала вельмі рэдкім талентам: яна магла ўбачыць любоў там, дзе, здаецца, яе быць не можа. Менавіта гэтае пачуццё і ўпэўненасць, што любоў заўсёды перамагае смерць ці іншыя беды, стала асновай яе фільмаў. Калі шматлікіх іншых беларускіх дакументалістаў цікавяць гістарычныя тэмы ці, напрыклад, палітыка, Любоў Зямцова паказвала гледачам, што няма нічога больш моцнага за шчырае каханне, бо яно пераадолее любыя сацыяльныя і эканамічныя недарэчнасці, што гэта найлепшая абарона ад любога зла, якое можа абрушыць свет на маленькага чалавека. Рэжысёрка шукала гісторыі, якія бы пацвердзілі гэтую пазіцыю, і знаходзіла іх у рэальнасці, што даказвае — яе аптымістычны погляд на жыццё мае дачыненне да нашай з вамі рэчаіснасці. На жаль, яна ўжо ніколі не здыме новы фільм, але тым важней, каб мы засвоілі яе філасофію і працягнулі справу самой Любові. Трэба шукаць у свеце светлае пачуццё , таму што, калі нечакана прыходзіць смерць, акрамя любові нічога не застаецца.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.