Вы тут

Па-дзіцячаму наіўная, па-даросламу разважлівая


Мне б вельмі хацелася запытацца ў вясковага настаўніка з Сербіі Мілаша Ефціча: чаму ў свеце, багатым на разнастайныя заняткі, ён настойліва раіць сваім вучням займацца паэзіяй?


Фота з сайта anypics.ru.

З  2012  года пачаўся адлік творчых здабыткаў юных паэтаў з некалькіх вёсак і мястэчак паўночнай Сербіі. Спярша гэта была так званая спроба пяра, на якую выхаванцы Мілаша ахвотна адгукнуліся. І ў хуткім часе юныя творцы напоўніцу адчулі смак пошуку паэтычных вобразаў, і іх перамогі сталі набываць усё больш шырокі размах. У  2013  годзе пра таленавітых школьнікаў з Сербіі даведаліся ў Франкфурце, праз год у Маскве, потым  — Мілане, Вене… Цяпер ёсць нагода гаварыць пра тое, што і Мінск гатовы ўганараваць лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў і прэмій: зборнік твораў 25 аўтараў перакладзены на беларускую мову. Не выклікаць захаплення кніга не можа. Яна, па-дзіцячаму наіўная і па-даросламу разважлівая, абуджае яркую палітру жывых пачуццяў.

Ажыццяўленне гэтага міжнароднага праекта стала магчымым дзякуючы сустрэчы Мілаша Ефціча з нашым земляком Мікітам Супрунчуком, які на той час працаваў на філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта. Мілаш, заклапочаны перакладам кнігі на розныя мовы свету, размясціў аб’яву ва ўніверсітэце з надзеяй, што знойдзе паплечнікаў-валанцёраў. Мікіта Супрунчук адгукнуўся адразу. Паўгода ён прысвяціў таму, каб паэзія сербскіх дзяцей загучала на беларускай мове. Так атрымаўся зборнік, дзе аўтары прадстаўлены як «Літаратурная сям’я». Назву кнізе яе рэдактар Мілаш Ефціч і іншыя стваральнікі далі ўзнёсла-рамантычную — «Лебядзіная чарада».

Цяпер у нас ёсць магчымасць даведацца, як жывуць дзеці ў блізкай нам па духу славянскай краіне, пра што яны мараць, які ў іх светапогляд.

Чыстыя, спагадлівыя дзіцячыя душы не церпяць падману, няшчырасці. Таму відавочна, што многія гісторыі, пакладзеныя ў аснову вершаў, рэалістычныя. Дзеці з уласцівым іх узросту разуменнем жыцця дапамагаюць дарослым больш глыбока ўспрымаць яго праявы.

Напрыклад, Крысціна Арсеніевіч назвала свой верш «Няма ад гэтага карысці». Што мае на ўвазе юная аўтарка? «Вечарам учора тата ў восем прыйшоў // суп еў і плоў халодным знайшоў»  — так пачынаецца расповед пра набалелае ў сямейных адносінах. Дзяўчынка вельмі сумуе з прычыны вечнай занятасці свайго таты. Малая назірае, як сівеюць бацькавы валасы ад хвалявання за сямейны дабрабыт.

Наўрад ці гэты і іншыя падобныя яму вершы сербскіх дзяцей не крануць любога з бацькоў. На жаль, праблема стасункаў у сям’і  — сусветная. Дарослыя мяркуюць купіць за грошы ўсё найлепшае для дзяцей, не зважаючы на тое, што для малых пяшчота роднага чалавека каштоўнейшая за любыя падарункі. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе вершы, што распавядаюць пра свавольствы ці штукарствы. Уладзімір Ёвіч апісаў «Паход па курыныя яйкі»: «Узялі мы абодва спайдэрмэнавы маскі, // каб куры выпадкам нас не пазналі; // каб не разарвалі нас // звяры гэтыя раз’юшаныя, // мяцёлкі мы прыхапілі // і некалькі ахапкаў прэсаванай саломы». Чытаеш верш і ад душы смяешся.

А вось гісторыя пад назвай «Неразбярыха», якая здарылася з Катарынай Гоіч: «Аднойчы нечакана // адбылася драма: // Я ў хаце засталася, // малая, зусім сама! ...На паліцы адной, // Той, не для мяне малой, // У прыгожай скрынцы, // Мама штосьці // лоўка // хавае!» Далейшы ход падзей прадказальны.

У той жа час, дзеці ўмеюць ставіцца да сябе і вельмі крытычна. Вось што Нікала Кнэжавіч распавядае ў сваім вершы: «Калі я хачу што-небудзь сказаць, // Спачатку нахлыне глупства! // Таму я разяўлю рот // і пачакаю, пакуль глупства вылеціць».

Дзеці аналізуюць і ацэньваюць тое, што з імі адбываецца, вучацца несці адказнасць за свае ўчынкі. Так выхоўваецца ў іх сумленнасць, спагадлівасць.

З верша ў верш адчуваецца, як сталеюць іх аўтары, а разам з тым і адкрываюцца перад імі новыя жыццёвыя прасцягі. Юных паэтаў пачынаюць хваляваць новыя тэмы. Хіба можна абмінуць палкасць нязведанага пачуцця з таямнічай назвай «каханне»? Алена Джагула яднае паняцці «любоў» і «жыццё»: «Пра любоў пісаць не перастануць… // Заўсёды нанава // любоў… І зноў, // любоў… Толькі праз любоў адкрываецца // жыццё!»

Каханне, як вядома,  — гэта не толькі агністая радасць, але часам і горкае расчараванне. Ёвана Станіслаўлевіч знайшла сваё ратаванне ад непадзеленых пачуццяў: «Табе ж я // дарую халодных начэй пагляды, // адлегласць, якую змяншаць // ты не стаў; // дарую табе, што ты // мне казаў “кахаю”, // але не кахаў».

Чытаючы вершы сербскіх школьнікаў, усё больш пераконваешся ў сугучнасці памкненняў людзей у розных кутках нашай планеты. Своеасаблівым праграмным творам хочацца назваць верш Катарыны Мілкіч «Веруйце, дзеці, ў лепшае заўтра»: «Часта я слухаю матчыны словы: // “Не дазваляй, дачушка, каб табе дурылі гловы! // Не падае, дзеці нічога з неба, // Трэба сумленна зарабіць сабе хлеба!”» Гэтым простым жыццёвым, але такім важным ісцінам павучае сербская жанчына. Гэтага зычаць і ўсе матулі Зямлі: «Працавітымі будзьце, веруйце ў Бога. // Заўсёды блізкаму дапамажыце. // Нельга ніколі красці і лгаць, // ніхто вас іначай не зможа ўратаваць. // Веруйце, дзеці, ў лепшае заўтра, // кожнае ночы і кожнае рання!»

З захапленнем прачытаўшы зборнік, я падумала, што нават і не сустрэўшыся з настаўнікам-энтузіястам, вялікім аматарам паэзіі Мілашам Ефцічам, я дазналася пра яго шчырыя памкненні і яго цвёрдую ўпэўненасць: паэзія выхоўвае асобу.

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.