Вы тут

Няспынны пошук. Успаміны пра Ніну Ватацы


З імем Ніны Барысаўны Ватацы звязана амаль уся гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (раней Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна). Ніна Барысаўна — самая першая мая настаўніца ў аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі, дзе працавала, з невялікімі перапынкамі, усё сваё сумленнае жыццё. Гэта быў прафесіянал, якому не было роўных за ўсю гісторыю бібліятэкі. Да ўвагі чытачоў «ЛіМа» — асобныя старонкі жыццяпісу Ніны Ватацы. Сярод яе здабыткаў  — бібліяграфічны паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры, апублікаванай з 1908 па 1976 год, «Максім Багдановіч» (Мінск, 1977), бібліяграфічныя паказальнікі «Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі (1961—1968)» (Мінск, 1971), «Беларуская савецкая драматургія» (Мінск, 1967) ды іншыя.


Ніна Ватацы.

Асабістае

Нарадзілася Ніна Барысаўна ў 1908 г. у Вендэне Ліфляндскай губерні (цяпер г. Цэсіс, Латвія). Дзяўчынка была вельмі слабая, і тагачасныя лекары лічылі яе нежыццяздольнай: у яе ад нараджэння была атрафія ікраножнай мышцы абедзвюх ног. Маці, выслухаўшы парады нейкай знахаркі, рабіла ёй кампрэсы з цялячай парной пячонкай. І ў выніку адбыўся найвялікшы цуд: дзяўчынка стала на ногі і спакойна пайшла ў свой час у школу. Так ніхто і не даведаўся аб тым, што ў дзіцяці былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Праўда, у апошнія гады жыцця старая хвароба ўспыхнула з  новай сілай. Ніна Барысаўна пакутавала, але ўсё роўна сама хадзіла на працу і ў краму. Ужо пазней нашы дзяўчаты, ідучы з працы, абавязкова забягалі да яе, па дарозе куплялі неабходныя прадукты. А яна лічыла сябе вінаватай у тым, што нагружае сваімі праблемамі былых супрацоўнікоў.

У 1933 выйшла замуж за аспіранта Аляксандра Саўчанку, але сямейнага шчасця амаль не зведала. Толькі паспелі адгуляць мядовы месяц, як Аляксандра Іванавіча рэпрэсіравалі і ў 1941 г. ён быў накіраваны як вораг народа ў штрафбат, на фронт, дзе і загінуў у 1942 г. Юрыдычна Ніна Барысаўна была замужам 9 гадоў, а насамрэч усяго толькі месяц. Рэпрэсіраваны Аляксандр Іванавіч быў па даносе сябра. Больш замуж не выходзіла: рана засталася на ўсё жыццё. З гэтай прычыны ў Ніны Барысаўны не было дзяцей. Але яна не зламалася, не страціла дабрыню і павагу да людзей, з задавальненнем дапамагала нават тым, хто пасадзейнічаў арышту яе мужа.

Працуючы побач

Напрыканцы 50-х Ніна Ватацы звярнулася да даволі нераспрацаванай на той час тэмы — жыццё і  творчасць цудоўнага песняра Максіма Багдановіча. Апантаная гэтай справай, яна пісала лісты да родных і знаёмых Максіма Адамавіча. Ялта, Уладзімір, Сочы — далёка не поўны пералік расійскіх гарадоў, куды ішлі лісты Ніны Барысаўны з адной толькі мэтай: знайсці рукапісы славутага песняра, яго фотаздымкі, архіўныя дакументы. Яе грунтоўныя доследы пачалі прыносіць адпаведныя здабыткі. У суаўтарстве з Алегам Лойкам быў створаны цудоўны альбом «Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць» (Мінск, 1968). Пазней — «Шлях паэта» (1975), «Песня Максіма» (1981), «Шляхі» (1986). Ніна Барысаўна сабрала столькі найкаштоўнейшых матэрыялаў, што на аснове яе фондаў у Мінску быў адкрыты Дзяржаўны музей Максіма Багдановіча, які паспяхова дзейнічае і сёння.

Працуючы побач з Нінай Ватацы, маладое пакаленне толькі дзівілася, як яна можа трымаць у памяці поўныя біяграфіі ледзь не ўсіх творцаў Саюза пісьменнікаў. Часцяком за яе сталом сядзеў які-небудзь класік беларускай літаратуры, які прыйшоў па даведку для пенсіі, а яна называла яго першы твор, а таксама дзе і калі ён быў надрукаваны. Пасля абавязкова правярала сваю памяць па каталогах, картатэках ды бібліяграфічных паказальніках літаратуры, і не было такога выпадку, каб памылілася. Толькі пераканаўшыся ў сваёй правільнасці, выдавала неабходную даведку. Памятаю: як ні зойдзеш у службовы пакой, абявязкова пачуеш пяць-шэсць пытанняў да старэйшага бібліёграфа Ніны Ватацы. А яна ўсім і ўсё падрабязна тлумачыла.

Нас здзіўляла яе працаздольнасць. Здавалася неверагодным: як яна магла адказваць на пытанне ці тлумачыць нешта незразумелае якойнебудзь супрацоўніцы і адначасова займацца сваёй справай. Менавіта гэтаму яна нас і вучыла. Бо бібліятэкар павінен умець адначасова трымаць у полі зроку некалькі чалавек, думаць над вырашэннем іх пытанняў ды мець у галаве свае планы і тэмы, шукаючы шляхі іх рэалізацыі. Ніна Барысаўна вучыла не толькі ўсяму пералічанаму, але і, самае галоўнае, даводзіць пачатую справу да канца, ніколі не кідаць яе на паўдарозе. Калі ўзяўся — абавязкова скончы. Як цяжка б ні было, якія б сумненні ў правільнасці зробленага кроку ні ўзнікалі б. Калі ты працягваеш ісці наперад, то абавязкова адкрыецца другое дыханне, і распачатая табой справа пойдзе лягчэй, а сумненні здадуцца такой дробяззю, на якую і не трэба было звяртаць увагі.

Ніна Барысаўна вучыла нас правільнай методыцы бібліяграфічнага пошуку. Па-першае, калі выконваеш чытацкі запыт, неабходна шукаць не толькі па аўтары, але і па назве. Таму што чытач мог памыліцца ў прозвішчы, яго ініцыялах, некаторых словах назвы. Па-другое, неабходна было праверыць спіс рекамендаванай выкладчыкам літаратуры. У ім таксама маглі быць вялікія памылкі. І ў далейшым практыка паказала правільнасць такога падыходу ў бібліятэчна-бібліяграфічным абслугоўванні чытачаў. Дарэчы, гэтая жанчына лёгка падзяляла нас па здольнасцях і  з  кожным займалася зыходзячы толькі з гэтай пазіцыі.

Акадэмік бібліятэчнай справы

Пасля выхаду Ніны Барысаўны на пенсію ў 1990 г. у нас аўтаматычна выпрацавалася звычка прыходзіць да яе дамоў менавіта у дзень яе нараджэння —14 мая. Яе ўтульная аднапакоёвая кватэра знаходзілася над тагачасным кафэ «Вясна» (сёння «Связной»). Прыходзілі мы да яе па магчымасці ўсім аддзелам, і абавязкова да нас далучаліся супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча. Гэта было святам і для яе, і для нас. Усе прысутныя лічылі за шчасце паразмаўляць і паслухаць дасведчанага, эрудзіраванага і разам з гэтым высокаінтэлігентнага чалавека. Нездарма мы, маладое пакаленне беларускага аддзела, называлі яе не інакш, як «акадэмікам бібліятэчнай справы». І  няхай гэта быў просты жарт, але напалову з праўдай. Мы вучыліся прафесіі менавіта ў Ніны Барысаўны: сістэма пошуку, выкананне і правільнае афармленне бібліяграфічных даведак і г. д. Без асаблівай сціпласці можна сказаць, што, прайшоўшы школу Ніны Ватацы і беларускага аддзела, мы і  сёння зможам працаваць у  любым аддзеле бібліятэкі, які тычыцца бібліятэчна-бібліяграфічнага абслугоўвання.

У той час Ніна Барысаўна пачала катастрафічна губляць зрок. Калі яна працавала над другой часткай свайго паказальніка «Беларуская драматургія», то ўжо амаль нічога не бачыла. Мы напераменку падбіралі ёй павелічальныя шкельцы адпаведнага памеру, але яны не вельмі дапамагалі. Нягледзячы на гэта, яна здолела скласці не толькі другую частку «Беларускай драматургіі», але і разам з Яфімам Садоўскім стварыць і выдаць кнігу ўспамінаў пра Паўлюка Труса. Яна нават атрымала свае аўтарскія экзэмпляры, але на той час канчаткова аслепла. Пры гэтым лічыла сябе вінаватай і  вельмі саромелася свайго недахопу. Кніжкі яна падпісвала навобмацак і, што дзіўна, не рабіла граматычных памылак. Такое ў яе было граматычнае адчуванне. Аб гэтым сведчыць артыкул Міколы Труса «Шляхамі Максіма Багадановіча. Даследчыцкі плён Ніны Ватацы», надрукаваны ў часопісе «Роднае слова» № 7 за 2011 год. Але за энцыклапедыю «Максім Багдановіч» Ніна Барысаўна «дзякуй» Міколу Трусу не сказала б. Бо кніга, мякка кажучы, не атрымалася. Зроблена яна на ляту. Менавіта з гэтай прычыны ў энцыклапедыі адсутнічае артыкул пра газету «Наша ніва», якая была для паэта як царква для верніка. Ніна Барысаўна не баялася казаць праўду ў вочы, якая б яна горкая ні была. У гэтым не маглі спыніць ні высокія чыны, ні пасады, ні званні. Далёка не кожны ўспрымаў яе словы як трэба. Адзін казаў шчыры «дзякуй», а другі на ўсё жыццё забываў дарогу да яе дому.

Напрыклад, калі Ніна Барысаўна сказала народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну, што ён гарэлкай толькі губіць свой непаўторны і  самабытны талент, то ён сабраў усю волю і ўсю моц духу ў кулак і змог у рэшце рэшт кінуць згубную звычку. А вось Уладзімір Караткевіч не змог... І вельмі рана пайшоў з жыцця. А мог бы напісаць шмат найцікавейшых прыгодніцка-гістарычных раманаў.

Памятаю, як аднойчы зайшоў я да Ніны Барысаўны з чарговым павелічальным шклом і расказаў пра сустрэчу з Рыгорам Барадуліным, які прапанаваў мне ўкладанне збору твораў Уладзіміра Дубоўкі ў 4 тамах, 5 кнігах. Трэба было бачыць твар гэтай жанчыны: ён свяціўся радасцю і  дабрынёй. Яна, як малое дзіця, якому падарылі на дзень нараджэння прыгожую цацку, ледзь не ўскрыкнула ў  нейкім парыве шчасця за мяне. Яна нават так і сказала: «Дзмітрый! Я так рада, што ў рэшце рэшт вам даручылі па-сапраўдаму сур’ёзную справу. Але вы павінны ведаць: лёгка не будзе. Будуць і падводныя камяні, і рытвіны, і нават расчараванні. Але вы не павінны спыняцца, а ісці толькі наперад. Тады будзе поспех». Гэтыя словы я памятаю і сёння, бо яны спраўдзіліся.

Фонд Ніны Барысаўны Ватацы падзелены на тры часткі: першая — Дзяржаўны музей Максіма Багдановіча, другая — Нацыянальная бібліятэка Беларусі і трэцяя — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Паставіў на першае месца музей М. Багдановіча толькі таму, што гэта галоўная тэма яе даследаванняў. Закончыць гэты сціплы артыкул хочацца словамі гісторыка Віталя Скалабана: «...засталіся Памяць, Кнігі і Музей».

Зміцер ДАВІДОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.