Вы тут

У новы навучальны год — з новымі школамі


1 верасня за школьныя парты сядуць 114 тысяч першакласнікаў. Агульная ж колькасць школьнікаў перавысіць 1 мільён 55 тысяч чалавек. Гэта на 25 тысяч больш, чым у папярэднім навучальным годзе. Тэма першага ўрока — «Я вырас тут, і край мне гэты дарагі».


Фота БелТА.

У 2020-2021 навучальным годзе ў Беларусі будзе функцыянаваць 2990 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для падвозу 66 тысяч навучэнцаў задзейнічаюць каля 1,6 тысячы школьных аўтобусаў, у тым ліку 289 спецыяльна абсталяваных для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Запланавана таксама адкрыццё трох новых сучасных школ. Так, новая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі прыме вучняў у Віцебску, у мікрараёне Білева. Яе з'яўленне стане доўгачаканай падзеяй для мясцовых жыхароў, якія да гэтага часу былі вымушаныя адпраўляць сваіх дзяцей на вучобу ў іншыя раёны горада. З улікам вострай патрэбы ў школьных месцах 1 верасня парог новай навучальнай установы пераступіць, паводле папярэдніх звестак, каля 1,2 тысячы навучэнцаў, у тым ліку сфарміравана 12 першых класаў. Заняткі будуць арганізаваны ў дзве змены. У школе прадугледжаны спецыяльныя класы для заняткаў музыкай, арганізацыі гуртковай работы, ёсць добрая бібліятэка, дзве абедзенныя залы і вялікая сталоўка. Таксама створана развітая інфраструктура для заняткаў спортам: на прышкольнай тэрыторыі ўзведзены стадыённы комплекс з пляцоўкамі для валейбола, баскетбола, хакейная каробка, футбольнае поле і тэнісны корт.

Новую сярэднюю школу адкрыюць 1 верасня і ў мінскім мікрараёне Каменная Горка — 3. Установа адукацыі разлічана на 1020 месцаў, але дакументаў пададзена амаль на дзве тысячы дзяцей, таму навучанне тут таксама будзе арганізавана ў дзве змены. Сёлета плануецца адкрыць 10 першых класаў. Сучасны адукацыйны цэнтр мае добрую спартыўную базу, якая ўключае, у прыватнасці, басейн з малой і вялікай (на 10 і 25 метраў) чашамі. Яго паслугамі змогуць скарыстацца і дарослыя. На тэрыторыі школы абсталяваны баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, а таксама пляцоўка для страявой падрыхтоўкі.

А школу, якая прыме сваіх першых вучняў у сталічным мікрараёне Новая Баравая яшчэ да пачатку будаўніцтва называлі «першай школай будучыні», самай інавацыйнай пляцоўкай для школьнікаў. Яна складаецца з навучальных карпусоў для пачатковых і старэйшых класаў і спартыўнага цэнтра з басейнам і спартзалай.

У холах рэалізаваныя ідэі з навуковых інтэрактыўных музеяў — напрыклад, ёсць люстэрка з эфектам «падману зроку». У калідорах — панарамныя вокны. Падваконнікі зроблены так, каб на іх можна было сядзець. Усе кабінеты разлічаны на 20 чалавек, і ў кожным празрыстыя дзверы — для адчування свабоды.

У бібліятэцы прадугледжана шмат зручных месцаў для адпачынку. З бібліятэкі ёсць выхад на эксплуатаваны дах, дзе таксама можна адпачываць: для бяспекі школьнікаў там усталяваная высокая агароджа.

У Міністэрстве адукацыі кажуць, што навучальны год стартуе ў звычайным рэжыме, але на выпадак росту захваральнасці на каранавірус быў распрацаваны дакладны алгарытм дзеянняў — як працягваць вучэбны працэс у складаных эпідэміялагічных умовах.

Пачынаючы з 2015 года ў беларускіх школах распачаўся паэтапны пераход на абноўлены змест навучання. За гэты перыяд ужо выдадзена 217 навучальных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым годзе іх колькасць павялічыцца на 50, з іх 17 былі створаны для вучняў 10-га класса, якія будуць займацца па новых навучальных праграмах.

Усе дапаможнікі прайшлі ліцэнзаванне метадыстамі, навукоўцамі, настаўнікамі, абавязковую псіхолага-педагагічную экспертызу. Асаблівасцю новых навучальных дапаможнікаў з'яўляецца наяўнасць электронных дадаткаў, якія забяспечваюць засваенне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Пераход беларускіх школ на новыя вучэбныя праграмы завершыцца ў наступным навучальным годзе.

У Беларусі вельмі кваліфікаваны настаўніцкі корпус. 35 % настаўнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і 40 % — першую. Ёсць яшчэ такая катэгорыя, як настаўнікі-метадысты — гэта сапраўдная педагагічная эліта. Іх каля 400 чалавек: яны працуюць непасрэдна з калегамі і дзеляцца з імі сваім досведам. Таксама сёлета ў навучальныя ўстановы былі накіраваны 4722 маладыя спецыялісты.

У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што ў сістэме адукацыі адзін з самых высокіх паказчыкаў па замацавальнасці маладых спецыялістаў: на першым месцы застаюцца і надалей працаваць не менш за 80 працэнтаў выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Алімпійскія гульні ў Токіа стануць выпрабаваннем не толькі для спартсменаў, але і для медыцынскага персаналу. 

Культура

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!

...4 кастрычніка 1941 года рэзідэнт савецкай разведкі ў Японіі Рыхард Зорге адправіў у Маскву сваю апошнюю радыёграму.

Палітыка

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Малатком па міне: куды рушыць Літва?

Нелегалы адмовіліся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі.

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.