Вы тут

Жыццё ў мільёнах адлюстраванняў. Расказваем аб сёлетніх намінантах Нацыянальнай літаратурнай прэміі


Літаратура ў Беларусі заўсёды мела асаблівае значэнне. Гэта моцны падмурак, на якім фарміравалася грамадства на нашай зямлі. Нават не асабліва паглыбляючыся ў стагоддзі, дастаткова спытаць у любога сучасніка, якіх знакамітых беларусаў ён ведае. З вялікай верагоднасцю, як мінімум траціну гэтага спіса будуць складаць імёны пісьменнікаў. Хутчэй за ўсё, не сучасных.


Сучасная літаратура мае меншую папулярнасць у грамадстве. Гэта ўжо не столькі праблема, колькі прыкмета часу — сёння людзі чытаюць менш кніг. Але пісьменнікі працягваюць сваю працу. І яе і цяпер, як і стагоддзі таму, нельга ўспрымаць проста як абстрактны від мастацтва. Літаратура мае грамадскае значэнне, бо, па-першае, гэтае грамадства адлюстроўвае, па-другое, з’яўляецца часткай іміджу сучаснай Беларусі. У гэтым ракурсе становяцца аднолькава значнымі ўсе сферы літаратурнай дзейнасці: непасрэдна пісьменніцтва, даследаванні, пераклады і г. д.

Таму нядзіўна, што склалася традыцыя: у Дзень беларускага пісьменства адзначаюць найлепшыя кнігі, напісаныя ў Беларусі за мінулы год. Раней да свята кнігі было прымеркавана абвяшчэнне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, але з мінулага года імёны пераможцаў становяцца вядомы раней, за некалькі тыдняў да ўрачыстага ўзнагароджання.

Сёлета ў Нацыянальнай літаратурнай прэміі першы юбілей: яна праводзіцца з 2015 года. Тады яна ўручалася ў шасці намінацыях. Першымі лаўрэатамі прэміі сталі Уладзімір Саламаха за аповесць «І няма шляху чужога» («Лепшы твор прозы»), Тамара Краснова-Гусачэнка за зборнік паэзіі «Встреча» («Лепшы твор паэзіі»), Ганна Скаржынская-Савіцкая за кнігу казак «Надзейка-чарадзейка» («Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»), Наталля Голубева за цыкл сцэнарыяў для перадач «Обратный отсчет» («ОНТ») («Лепшы твор драматургіі»), Дзяніс Марціновіч за кнігу «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча» («Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства») і Міхаіл Шыманскі за кнігу нарысаў «Мы этой памяти верны» («Лепшы твор публіцыстыкі»). Заснавальнікамі прэміі выступаюць тры міністэрствы  — інфармацыі, адукацыі, культуры, а таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Мэты найбуйнейшай дзяржаўнай прэміі па літаратуры вызначаны так: падтрымка развiцця беларускай мастацкай лiтаратуры i творчасцi пiсьменнiкаў Рэспублiкi Беларусь, стымуляванне стварэння iмi новых высокамастацкiх твораў у галiне паэзii, прозы, драматургii, публiцыстыкi, лiтаратурнай крытыкi i лiтаратуразнаўства для дарослых, дзяцей i юнацтва, папулярызацыя кнiгi i чытання ў грамадстве.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца аўтары (або аўтарскія калектывы складам не больш за чатыры чалавекі) арыгінальных мастацкіх твораў на рускай або беларускай мове, якія былі ўпершыню выдадзены ў выглядзе асобных кніг або надрукаваны ў СМІ ў Беларусі на працягу года, які папярэднічае ўручэнню прэміі. Таксама патрабаваннем конкурсу з’яўляецца грамадскае прызнанне твораў, пра якое, паводле Палажэння аб правядзенні прэміі, сведчаць колькасць і змест водгукаў у СМІ і пісьмовых водгукаў ад чытачоў, пераклады твора, запатрабаванасць у кнігарнях і бібліятэках.

Цяпер прэмія ўручаецца ў сямі намінацыях, адпаведных мэтам конкурсу. Адзначаюцца найлепшыя кнігі прозы, паэзіі, публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, твораў для дзяцей і юнацтва, а таксама дэбютныя кнігі. Дарэчы, намінацыя «Лепшы дэбют» уручаецца толькі з  2017 года. Перамога ва ўсіх намінацыях прадугледжвае выплату грашовых прэмій — 100 базавых велічынь для ўсіх намінацый, акрамя «Лепшага дэбюту» (грашовае ўзнагароджанне складае 50 базавых велічынь).

У 2020 годзе пераможцаў шэсць. Справа ў  тым, што ў намінацыі «Лепшы твор драматургіі» было прадстаўлена толькі адно выданне. Астатнія намінацыі аказаліся значна больш папулярнымі: у намінацыі «Лепшы твор паэзіі» да конкурсу было дапушчана дванаццаць кніг, у намінацыі «Лепшы твор прозы» — трынаццаць, на званне «Лепшай кнігі публіцыстыкі» таксама прэтэндавалі трынаццаць выданняў. Але найбольш намінантаў налічвае раздзел «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» — дваццаць адна кніга. «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» вызначалі з трох прэтэндэнтаў, а «Лепшы дэбют» — з чатырох.

Першапачаткова на прэмію было пададзена каля 80 кніг, але экспертны савет дапусціў да разгляду журы не ўсе выданні.

Пераможцы гэтага года сталі вядомыя яшчэ 18 жніўня. У кожнага з іх было дастаткова часу, каб маральна падрыхтавацца да ўзнагароджання, якое адбудзецца ў Бялынічах падчас Дня беларускага пісьменства, а ў чытачоў — магчымасць прачытаць кнігі, названыя найлепшымі творамі беларускай літаратуры 2020 года.

«Галоўная мэта Нацыянальнай літаратурнай прэміі — прыцягненне цікавасці чытачоў да кніг Бацькаўшчыны, бо ў іх адлюстраваны беларуская мова, нацыянальны характар і любоў да Радзімы. У  кожнай з шасці намінацый прадстаўлены найлепшыя творы сучасных аўтараў. Гэта паказвае, што ідзе развіццё нашай літаратуры», — адзначыла падчас прадстаўлення пераможцаў першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

 Намінацыя «Лепшы твор прозы»

Пераможцам у намінацыі «Проза» названы Уладзімір Сцяпан з кнігай «Хвалі», выдадзенай і прадстаўленай да конкурсу выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

Уладзімір Сцяпан спалучае ў сваёй працоўнай біяграфіі некалькі відаў мастацтва: мае мастацкую адукацыю і  досвед у гэтай галіне, працаваў на беларускім тэлебачанні ў  творчым аб’яднанні «Тэлефільм», дзе выступаў не толькі як мастак, але і як вядучы і аўтар праграм, сцэнарыст дакументальных і мастацкіх фільмаў.

 Пачатак літаратурнай дзейнасці прыпадае на 1982 год, калі яго творы ўпершыню з’явіліся ў друку, дарэчы, на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». З тых часоў вершы з’яўляліся амаль ва ўсіх літаратурных выданнях Беларусі, у некалькіх калектыўных зборніках. Аўтар уваходзіў у літаратурную суполку «Тутэйшыя».

Хаця Уладзімір Сцяпан пачынаў, як і многія, з вершаў, але сёння ён вядомы найперш як майстар прозы. На рахунку пісьменніка — зборнікі «Адна капейка», «Вежа», «Сам-насам», два раманы, напісаныя ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам, — «Цень анёла» і «Тэолаг» і інш. Апошнія выдадзеныя кнігі Уладзіміра Сцяпана — зборнік хайку «Папяровая шапка», што выйшла ў 2018 годзе ў «Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”», і кніга-пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі — «Хвалі».

«Хвалі» — зборнік прозы, які складаюць мастацкія апавяданні і цыклы мініяцюр, што хутчэй адносяцца да нон-фікшн. У зборніку выявіліся галоўныя рысы творчасці Уладзіміра Сцяпана: майстэрства менавіта кароткай прозы, уменне перадаць у мінімуме слоў максімум сэнсу, «выяўленчасць», візуальнасць вобразаў, своеасаблівая кінематаграфічнасць.

Мастацкія тэксты ў зборніку рэалістычныя і праблемныя, засяроджаныя на актуальных для сённяшняга грамадства пытаннях, што выдатна спалучаецца з самім жанрам кароткай прозы. Так сюжэты атрымліваюцца вастрэйшымі — без марнавання часу і слоў на экспазіцыю і дакладнае апісанне вобразаў.

Але ж большая частка тэкстаў — гэта тыя самыя лірычныя мініяцюры, у якія аўтар запакоўвае найбольш цікавыя і каштоўныя кавалачкі аўтабіяграфіі. Рэдкая аўтабіяграфія атрымліваецца неэмацыянальнай. Толькі ад майстэрства аўтара залежыць, ці будуць гэтыя эмоцыі спрацоўваць на стварэнне атмасферы, раскрываць характары і значэнне падзей або толькі забіваць прастору тэксту і перашкаджаць сюжэту. Уладзімір Сцяпан праблем з авалоданнем эмоцыямі не мае.

Насамрэч узнагароды і павінны падкрэсліваць майстэрства лаўрэата.

Намінацыя «Лепшы твор паэзіі»

Найлепшай кнігай паэзіі прызнаны зборнік «Застаюся назаўсёды...» Валерыя Грышкаўца, выдадзены і прадстаўлены да конкурсу выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Валерый Грышкавец — пісьменнік і журналіст з цікавай і шматграннай біяграфіяй, аўтар паміж рускім і беларускім культурным кантэкстам і літаратурнай традыцыяй. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Літаратурным інстытуце імя Горкага, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, яго вершы друкаваліся і ў беларускіх, і ў расійскіх літаратурных выданнях, сярод якіх — «Литературная газета» і  часопіс «Наш современник». «Застаюся назаўсёды...» — ужо восьмая кніга паэта. Дзве папярэднія — зборнік эсэ і дзённікаў і зборнік выбраных вершаў і  артыкулаў — выходзілі ў 2018 годзе ў Екацерынбургу. Акрамя асабістай творчасці, Валерый Грышкавец мае некалькі кніг перакладаў: кніга «Паэзія Брэстчыны» і творы польскага пісьменніка Рышарда Капусцінскага пераствораны на рускую мову.

Валерый Грышкавец таксама вядомы як журналіст, аўтар палемічных артыкулаў пра грамадскае і літаратурнае жыццё Беларусі. Шмат гадоў пісьменнік прысвяціў працы ў Брэсцкай абласной газеце «Заря» уласным карэспандэнтам па Пінску і Пінскай вобласці. Акрамя гэтага, паэт з’яўляецца аўтарам гімна горада Пінска.

Цяперашняя ўзнагарода дапоўніць шэраг дасягненняў пісьменніка: ён з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Андрэя Платонава (1998), гадавых прэмій часопісаў «Масква» (1997), «Нёман» (1991) і «Беларуская думка» (2004), Брэсцкай абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2007). У 2011 годзе Валерый Грышкавец атрымаў літаратурную прэмію «Залаты купідон», якая лічыцца своеасаблівай папярэдніцай Нацыянальнай літаратурнай прэміі, за найлепшую кнігу года ў намінацыі «Пераклад».

«Застаюся назаўсёды…» — зборнік твораў выбраных вершаў Валерыя Грышкаўца, яго журналісцкіх артыкулаў і эсэ пра кнігі і пісьменнікаў, якія паўплывалі на яго паэтычны і агульначалавечы светапогляд.

Намінацыя «Лепшы твор публіцыстыкі»

Найлепшай прызнана кніга Ігара Пракаповіча «Пастаўшчына», якая выйшла ў серыі «Падарожжа па родным краі» выдавецтва «Беларусь» і прадстаўлена да конкурсу Віцебскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ігар Пракаповіч — пісьменнік, педагог і краязнаўца, узнагароджаны літаратурнай прэміяй часопіса «Маладосць» (1994) і літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Караткевіча (2015). Акрамя гэтага, з’яўляецца пераможцам конкурсу «Настаўнік года — 2009» і мае званне «Чалавек года Віцебшчыны 2009».

Пад яго аўтарствам выпушчана ўжо больш чым 50 кніг прозы, паэзіі і публіцыстыкі. Ігар Пракаповіч скончыў геаграфічны факультэт БДУ, спецыялізаваўся на фізічнай геаграфіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам. У 1999 годзе скончыў магістратуру па спецыяльнасці «Агульная педагогіка» і падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Арганізацыйна-педагагічныя асновы пабудовы сістэмы краязнаўчай работы ў агульнаадукацыйнай школе».

Асноўны кірунак літаратурнай творчасці І. Пракаповіча — паэзія. Ён дэбютаваў у друку ў 1986 годзе ў пастаўскай раённай газеце, у 1993 годзе выдаў першы зборнік «Рэха малітваў» і працягвае пісаць вершы дагэтуль. Краязнаўствам Пастаўскага раёна аўтар займаецца з пачатку творчай дзейнасці: першая кніга «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» выйшла ў 1994-м.

У кнізе «Пастаўшчына» чарговы раз спалучыліся два галоўныя захапленні Ігара Пракаповіча, якія ён захоўвае на працягу многіх гадоў: літаратура і  краязнаўства. Кніга можа стаць даведнікам-правадніком па невядомых або малавядомых мясцінах, помніках прыроды, гісторыі і культуры Пастаўшчыны. Аўтар расказвае і пра знакамітых людзей Пастаўскага раёна. У кнізе сабраны трыццацігадовы досвед вывучэння гэтай мясцовасці, якой аўтар прысвяціў сваю даследчыцкую дзейнасць.

Магчыма, кніга Ігара Пракаповіча справакуе павышэнне турыстычнай цікаўнасці ў бок Пастаўшчыны. Дзякуючы такім кнігам у чытачоў з’яўляецца магчымасць вандраваць, не сыходзячы з месца, адкрываць розныя мясціны Беларусі, як старонкі кнігі. Але любоў, з якой напісана «Пастаўшчына», лёгка можа стаць матывацыяй для чытачоў убачыць прачытанае на свае вочы.

Намінацыя «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»

Найлепшы твор тут хутчэй скіраваны менавіта на дзіцячую аўдыторыю і з’яўляецца прыкладам таго, з якой фантазіяй пісьменнікі і выдаўцы рэалізоўваюць задачу папулярызацыі чытання сярод дзяцей.

Гэта кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці», выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда» і прадстаўленая да конкурсу Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтарка добра ведае, як будаваць камунікацыю з дзецьмі, па-першае, таму, што гэта — далёка не першая з яе дзіцячых кніг. Яна з’яўляецца лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы твор 2012 года» ў галіне дзіцячай літаратуры, Мінскай абласной прэміі ў  намінацыі «Дзіцячая і падлеткавая літаратура» (2015).

Па-другое, прыцягваць увагу дзяцей і перадаваць ім інфармацыю — яе праца (Кацярына ХадасевічЛісавая — настаўніца малодшых класаў).

Яна пачала пісаць даволі рана, у 10-гадовым узросце, а дэбютавала ў друку ў 1996-м у часопісе «Першацвет». З тых часоў яе творы з’яўляюцца ледзь не ва ўсіх літаратурных выданнях Беларусі і ўваходзяць у многія калектыўныя зборнікі. З-пад пяра пісьменніцы выйшла ўжо каля 20 кніг, дзве траціны з якіх — дзіцячыя. Аўтарка часта сустракаецца са сваёй аўдыторыяй у школах, бібліятэках, летніках. Яе сын стаў прататыпам для некаторых герояў кніг.

«Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» — кніга незвычайная. Гэта кніга-квэст. Яна дазваляе чытачу стаць адным з галоўных герояў гісторыі, пабудаванай на беларускай міфалогіі. Аўтарка стварае з міфалагічных істот вобразы для сучаснай казкі, крыху змяняе ім характары і знешнасць, робіць дзеючымі асобамі прыгодніцкага падарожжа, якое чакае маленькіх чытачоў. Асілак і Прыгажуня выпраўляюцца шукаць ключ ад Вялікай Каштоўнасці ў Злавесны лес, Ведзьміна балота і Таямнічае возера. Што за Каштоўнасць схавана ў скарбонцы, дзе насамрэч трэба шукаць ключ ад яе, чытачы змогуць даведацца, далучыўшыся да герояў.

Гэта далёка не першы эксперымент Кацярыны Хадасевіч-Лісавой з дзіцячымі кнігамі. Дастаткова згадаць хаця б інтэрактыўную кнігу «Вухуцік», у якую было два «ўваходы» — для дзяўчынак і для хлопчыкаў. Але зразумець, як працуе кніга-квэст, што вядзе не па рэальным горадзе, а па чароўнай краіне, складана. Але «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» здольны «адчыніць» і фантазію чытачоў.

Намінацыя «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства»

Колькасць прэтэндэнтаў на перамогу была невялікай, але гэта цалкам зразумела: звязана са спецыфікай жанру. Найлепшай кнігай літаратуразнаўства і літаратурнай крытыкі названа «Магія слова» Івана Саверчанкі, выдадзеная і прадстаўленая да конкурсу выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

Іван Саверчанка — доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца і  палітолаг. З 2015-га года ўзначальвае філіял «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Яго асноўныя навуковыя інтарэсы звязаны з гісторыяй і тэорыяй літаратуры, гісторыяй Беларусі, сучаснымі пытаннямі дзяржаўнасці і міжнароднымі адносінамі. Іван Саверчанка з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра (1999), літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2012), Міждзяржаўнай прэміі «Зорка Садружнасці» (2017). Працы даследчыка ў большасці прысвечаны знакавым асобам беларускага Рэнесансу і беларускай літаратуры XVI—XVII стст.

«Магія слова», такім чынам, з’яўляецца своеасаблівым канцэнтратам даследаванняў аўтара, бо змяшчае гістарычныя творчыя партрэты многіх яскравых дзеячаў беларускага пісьменства XII—XVII стст. Усебакова разгледжаны і ацэнены ўнёсак гэтых майстроў слова ў пашырэнне тэматычных і жанравых гарызонтаў беларускай літаратуры. У кнізе таксама раскрываюцца мастацкія стратэгіі, творчы метад і ідэйныя пошукі пісьменнікаў-інтэлектуалаў часоў Готыкі, Рэнесанса і Барока.

Узнагароджанне аўтара такой кнігі ў Дзень беларускага пісьменства падаецца даволі сімвалічным.

Намінацыя «Лепшы дэбют»

Вылучаецца сярод астатніх тым, што ў ёй (няважна, прадстаўлены тут твор паэзіі, прозы або публіцыстыкі) імёны намінантаў нярэдка яшчэ невядомыя чытачам, а біяграфіі гэтых аўтараў даволі кароткія.

Перамога ў  намінацыі «Лепшы дэбют» Нацыянальнай літаратурнай прэміі часта бывае другім значным эпізодам у гэтых біяграфіях.

Узнагарода ў гэтай намінацыі ўручаецца ўсяго толькі чацвёрты год. Папярэднімі пераможцамі сталі Маргарыта Латышкевіч за кнігу «Яблыкі» (2017), Юлія Алейчанка за кнігу «Пад чароўным шкельцам» (2018) і  Станіслава Умец за кнігу «Сэрца Сакры» (2019). Сёлетні лаўрэат працягвае чаргаванне прозы і паэзіі сярод пераможцаў. Найлепшым дэбютам 2020 года названы зборнік Вольгі Нікіценкі «Сузор’е птушкі», выдадзены ў  «МінКаПрынт» і прадстаўлены да конкурсу Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Маладая паэтка скончыла Ліцэй БДУ і цяпер навучаецца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім факультэце.

У 2018 годзе стала пераможцай Фестывалю цікавай паэзіі «Сабака Керуака» ў Санкт-Пецярбургу (3 месца). Таксама з’яўляецца лаўрэатам міжнароднага літаратурнага конкурсу «Першацвет» (2019). Вершы Вольгі былі прадстаўлены ў некалькіх калектыўных зборніках, а ў пачатку 2020-га пры падтрымцы Мінскага гарадскога аддзялення СПБ выйшла яе асабістая кніга «Сузор’е птушкі». Рэдактарам выступіў Мікола Шабовіч.

«Сузор’е птушкі» — зборнік наіўных рамантычных вершаў, поўных захаплення прыродай, філасофскіх разваг на тэмы, якія заўсёды хвалююць маладых. Месцамі ён падаецца занадта эмацыянальным, часам — даволі разнародным, але функцыю дэбютнага зборніка — стварыць уяўленне пра стыль канкрэтнага аўтара — цалкам выконвае. Вольга яшчэ шукае сябе ў літаратуры, але ўжо з упэўненасцю кажа пра тое, што яе лёс належыць паэзіі. Хаця гэта не адзінае захапленне аўтаркі — яна малюе і  сама стварыла ілюстрацыі і вокладку для сваёй першай кнігі.

«Сузор’е птушкі» — ідэальная дэбютная кніга: узнёслая, настроем накіраваная ў далёкую светлую будучыню.

Вядома, што любая прэмія або конкурс у сферы мастацтва так ці інакш не могуць быць цалкам пазбаўлены суб’ектыўнасці. Але ўзнагарода такога ўзроўню дакладна выконвае свае мэты — падтрымлівае творцу, заахвочвае да далейшай прадуктыўнай творчасці і павышае цікаўнасць грамадства да кніг, названых найлепшымі ў беларускай літаратуры за мінулы год.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.