Вы тут

Выдатны сербскі славіст — шчыры сябра Беларусі. Прафесару Міядрагу Сібінавічу на адвітанне


Імклівы і няўмольны рух часу на гэтым свеце ўсё часцей і часцей вымушае казаць апошняе «бывай» дарагім сябрам, блізкім прыяцелям. А тут яшчэ той выпадак, калі жалоба і скруха абумоўліваюцца не толькі асабістым сяброўствам: у лепшы свет адышоў шчыры прыхільнік і актыўны папулярызатар нашай літаратуры і культуры за мяжой — вялікі сябар усяго беларускага народа. Гаворка ідзе пра Міядрага Сібінавіча, аднаго з самых аўтарытэтных славістаў Сербіі, усёй Югаславіі, а таксама Еўропы.


Хоць і грэшную, але, тым не менш, любімую, зямлю пакінуў ён 24 ліпеня, адышоўшы раптоўна. Прынята лічыць, што такі адыход шчаслівы. І пэўны сэнс у распаўсюджанага меркавання ёсць. Ды ад гэтага не менш горычы і болю ў душах блізкіх людзей, якія нябожчыка любілі і якіх ён любіў, а таксама ўсіх тых, хто яго добра ведаў асабіста ці нават па кнігах, заслужана цэнячы і паважаючы. Ну а ўзмацняюцца горкія адчуванні яшчэ і дадатковымі акалічнасцямі, як у аўтара гэтых радкоў: пры тым, што наша знаёмства, сяброўства і досыць актыўнае супрацоўніцтва доўжылася амаль сорак гадоў, я не меў магчымасці адвітацца непасрэдна, вочна і нават не змог напісаць своечасова развітальныя словы. Так што раблю гэта вось толькі цяпер, на саракавіны.

З тымі, каму не давялося ведаць гэтага вялікага навукоўца і выдатнага чалавека пры жыцці, дзялюся асноўнымі звесткамі.

Міядраг Сібінавіч (1937—2020), доктар філалагічных навук, прафесар, выпускнік аддзялення ўсходнеВыдатны сербскі славіст — шчыры сябра Беларусі Прафесару Міядрагу Сібінавічу на адвітанне і заходнеславянскіх моў філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта, усё сваё працоўнае жыццё звязаў з  гэтай навучальнай установай, паслядоўна праходзячы ступені ад выкладчыка-асістэнта да прафесара і прарэктара, кіраўніка цэнтра па навуковай дзейнасці. Не разлучаючыся з універсітэтам, прафесар доктар Сібінавіч заснаваў часопіс «Гісторыя літаратуры», выконваў абавязкі галоўнага рэдактара перыядычных выданняў «Жывыя мовы» і «Зборнік Маціцы Сербскай па славістыцы», на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў Камітэт славістаў Югаславіі, а ў дадатак яшчэ быў і міністрам асветы Рэспублікі Сербія ажно два тэрміны.

М. Сібінавіч — вучоны з на дзіва шырокім колам інтарэсаў і вельмі значным унёскам у асэнсаванне развіцця як сербскай, іншых югаславянскіх, так і  ўсіх усходнеславянскіх літаратур, у тэорыю і  практыку літаратурна-мастацкага ўзаемаперакладу, у гісторыю культурных сувязей між славянскімі народамі, у  славістычную кампаратывістыку. Адпаведна, паводле рэальных сваіх заслуг, з’яўляўся сапраўдным членам Маціцы Сербскай (як найважнейшай навуковаасветнай структуры Сербіі), і ганаровым доктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (як славіст агульнаеўрапейскага маштабу).

Будучы асобай, якая сцвярджалася праз творчую працу не менш, чым праз навуку, Міядраг Сібінавіч не проста меў членства ў Саюзе пісьменнікаў і Саюзе перакладчыкаў Сербіі (Югаславіі таксама), але і выбіраўся неаднаразова ў склад іх кіраўніцтва.

Вельмі вялікія заслугі выдатны славіст СФРЮ мае ў развіцці югаслаўскай русістыкі і непасрэдна сербска-рускіх літаратурных сувязяў свайго часу. Так, ён выконваў адказную функцыю ўкладальніка сербска-харвацкамоўных збораў твораў Міхаіла Лермантава і  Сяргея Ясеніна, быў аўтарам больш за 400 навуковых прац адпаведнай праблематыкі, у тым ліку кніг: «Лермантаў у сербскай літаратуры» (1971), «Руская літаратура. І — ІІ» (1976—1978, у суаўтарстве), «“Яўгеній Анегін” Аляксандра Пушкіна» (1982), «Паэтыка і паэзія» (1990), «Руская паэзія ад барока да авангарда» (1995), «Пушкін і сербская культура» (1999), «Пушкінскі сербскі “Яўгеній Анегін”» (1999), «Рускія літаратурныя крыніцы» (2000), «Памнажэнне светаў: Рускія пісьменнікі ў сербскай перакладной літаратуры» (2015) і шэраг іншых. Вялікую, пакуль што недаацэненую вагу мелі таксама яго працы перакладазнаўчага характару: «Арыгінал і пераклад: Уводзіны ў  гісторыю і  тэорыю перакладчыцкай справы» (1979), «Пра пераклад» (1979), «Новы арыгінал: Уводзіны ў пераклад» (1990), а таксама даследаванні славянскіх узаемакантактаў: «Славянскія імпульсы ў сербскіх літаратуры і культуры» (1995), «Між сусветамі: Новыя аспекты творчасці Дэсанкі Максімавіч» (1999), «Славянская вертыкаль: сербскія, рускія, беларускія і ўкраінскія літаратурныя тэмы» (2008).

Што датычыцца заслуг прафесара Сібінавіча перад нашай культурай і літаратурай, то нельга не ўлічваць такой істотнай акалічнасці: у рэспубліках былой Югаславіі на працягу ўсёй другой паловы ХХ стагоддзя прафесійных беларусістаў увогуле не было. І вось з пачатку 1980-х гадоў такім стаў фактычна ён адзіны. Гэта менавіта дзякуючы яго творчай актыўнасці і высокаму аўтарытэту ў Сербіі паступова пачала прыцягвацца ўвага да літаратуры беларускай (а таксама і да ўкраінскай). Ніхто іншы, як шаноўны прафесар Сібінавіч, з уласцівай толькі яму прафесійнай адказнасцю, узяўся перакладаць «Анталогію беларускай паэзіі» (Бялград, 1993) і пісаць прадмову да яе — першай, між іншым, не толькі на мове сербскай, але і на ўсіх югаславянскіх. Не пабаімся перабольшвання, ставячы акцэнт, што аўтарытэтнасць яго асобы забяспечвала ў значнай ступені і выхад кнігі ў шырока вядомай серыі самага старога і прызнанага выдавецтва краіны, і прыязнае стаўленне крытыкі, а затым і перавыданне ў дапоўненым выглядзе тым самым прэстыжным выдавецтвам. Варта падкрэсліць, што анталогія перавыдадзена была ў 2012 годзе. І нашы чытачы правільна здагадваюцца, што прымяркоўвалася яна да 130-х угодкаў найзначнейшых песняроў Беларусі, а таксама што зместам сваім перавыдадзеная анталогія рознабакова прадстаўляла іх творчасць. Вядома ж, у перакладзе шаноўнага М. Сібінавіча.

Карыстаючыся нагодай, вельмі прыемна адзначыць і заслугу тагачаснага Пасольства Беларусі ў Сербіі, а пасла У. М. Чушава — непасрэдна. Гэта дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь ініцыявала юбілейнае перавыданне, прычым арганізавала фінансавую падтрымку яго сербскімі спонсарамі. Такога, на вялікі жаль, не было раней і няма апошнім часам. Калі  ж згадваць пра публічныя прэзентацыі абодвух выданняў гэтай кнігі і, адпаведна, беларускага прыгожага пісьменства ўвогуле, зноў жа ніяк нельга абмінуць ролю калегі Сібінавіча. Ён стараўся арганізоўваць іх у такім фармаце, каб збіралася публіка самая што ні ёсць сур’ёзная, элітная. Немагчыма выкасаваць з памяці — пра гэта я ўжо выказваўся неаднойчы і вусна, і пісьмова, — як хораша на вечары, арганізаваным у  рамках міжнароднага форуму перакладчыкаў, былі прадстаўлены нашы цудоўныя паэты двух пакаленняў — Максім Танк і Анатоль Сыс. Годнае і прыкметнае месца беларускім паэтам М. Сібінавіч адвёў і ў сваёй арыгінальнай па задуме анталогіі — «Вецер у грыве: Конь у паэзіі славянскіх народаў» (2011). Канкрэтызуючы, адзначу, што мой дарагі сябар даволі многа перакладаў тых сучасных беларускіх паэтаў, з кім у Беларусі ці ў Сербіі пазнаёміўся. Перш і больш за ўсё — Алеся Разанава. Наколькі мне вядома, у яго назапасіліся пераклады на цэлы зборнік. Уласна, большасць перакладзенага з сучаснай беларускай паэзіі ён аддаваў для публікацыі ў чытэльных часопісах.

Сербскія беларусісты: Міядраг Сібінавіч і Даяна Лазаравіч

Беларуская праблематыка з часам пачала займаць не апошняе месца таксама ў навуковых працах Міядрага Сібінавіча. Дастаткова звярнуць увагу на прыведзеныя вышэй назвы яго кніг, а таксама на тэматыку дакладаў, навуковых артыкулаў, публікацый у перыядычным масавым друку. Некалькі яго тэкстаў гэтага роду перакладаліся ці анансаваліся і ў нас.

Між іншым, повязі сербскага славіста і перакладчыка з Беларуссю дадаткова ўмацаваліся пасля прыезду ў  Мінск на Першы кангрэс беларусістаў, пасля чаго ён на працягу 1995—2010 гг. уваходзіў у склад кіраўніцтва МАБ. Можа, гэта і не зусім дарэчы, але ўсё ж такі дазволім сабе прыгадаць, што каля дваццаці гадоў таму ў нас выказваліся прапановы адзначыць заслугі прафесара Міядрага Сібінавіча дзяржаўнай узнагародай — медалём Францыска Скарыны, а таксама званнем ганаровага прафесара БДУ. Ні адна з гэтых прапаноў, на жаль, так і не здзейснена пры яго жыцці. Што ж, мы, беларусы, як звычайна засведчылі, якую ўвагу здольны праяўляць да сваіх адданых ды сціплых сяброў і наколькі ўмеем быць удзячнымі. Зрэшты, калега Сібінавіч дзесяцігоддзі шчыраваў на ніве беларусістыкі і сербска-беларускіх літаратурных кантактаў і без такой падзякі. Як, дарэчы, таксама яго пераемніца — руплівая Даяна Лазаравіч.

Ну а цяпер, калі трэба адвітвацца, для аўтара гэтых радкоў прыдатным можа быць сербскае слова «опроштај». Яно з двума значэннямі: «развітанне» і «прабачэнне». І хоць з-за нагоды абодва напаўняюцца сэнсам цяжкім, правільней будзе мець на ўвазе іх сукупнасць.

Іван ЧАРОТА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.