Вы тут

Маргарыта Латышкевіч: Люблю марыць, а часам і падурэць


Яна — паэтка, пісьменніца, даследчыца, фалькларыстка, аўтарка шэрагу кніг («Яблыкі», «Наш дом», «Там, дзе сэрца»), а да таго ж лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Але гэта ўсё фармальнасці, бо ў яе творах вы акуняцеся ў магію і шчырасць у розных формах, жанрах і відах. Дзе шукаць беларускую міфалогію, як выйсці за межы кнігі, расказала суразмоўніца.


— Сацыяльныя сеткі часта вельмі добра характарызуюць чалавека. Ваша старонка сустракае надпісам: «Тэксты. Малюнкі. Кепскія жарты». Чаму менавіта так?

— Справа ў тым, што калі стварала «прэзентацыйную» старонку колькі часу таму, вырашыла: для наведвальнікаў варта пакінуць нейкія ўмоўныя маркеры. Каб ведалі, чаго чакаць, і не пужаліся. Ну і, паколькі ад пачатку меркавала, што выкладваць буду сваю творчасць — тэксты і малюнкі, так і напісала. А кепскія жарты — так бы мовіць, прыемны бонус. І стан душы.

— На вашай старонцы часам з’яўляюцца фотаздымкі, якія адразу выклікаюць усмешку. Там вы з дапамогай плюшавай цацкі ката-авакада паўтараеце матывы карцін Пабла Пікаса, Дыега Веласкеса і г. д. Як да вас прыйшла задума такога постмадэрнісцкага пераасэнсавання мастацтва?

— Насамрэч, яна не мая. Падчас каранціну і самаізаляцыі амстэрдамскі Рэйксмузей запусціў арт-чэлендж з капіраваннем твораў мастацтва любымі даступнымі сродкамі (хэштэг #tussenkunstenquarantaіne). Да акцыі падключыліся інтэрнэт-карыстальнікі з усяго свету, бо акцыя цудоўная: аддаецца даніна павагі майстрам жывапісу і адначасна ў людзей з’явілася аддушына. А гэта было важна. Датычна авакоціка — ён наш дамашні ўлюбёнец, таму, падумаўшы, вырашылі скарыстаць яго незямную фотагенічнасць.

— Цікавая ідэя! Зыходзячы з назваў дзвюх вашых кніг, у вас, здаецца, такіх багата. Празаічны зборнік «Наш дом» (2018) і лірычны «Там, дзе сэрца» (2020) разам утвараюць каламбур і як бы дыпціх. Як вам такое прыдумалася?

— Гэта сапраўды дыпціх, калі можна так іх назваць. У «Дом» першапачаткова меліся пайсці вершы, цэлы блок. Але кнігі ў выдавецтвах праходзяць цэлы шэраг пераўтварэнняў, і блок, які мне дужа падабаўся, выпаў. А творы засталіся, цягам часу дапісваліся новыя. І, у рэшце рэшт, утварылі новую кнігу, маленькую. Але генетычна звязаную з папярэдняй. Датычна назваў — мне заўжды хацелася, каб у чытача была магчымасць «выйсці за межы». Нават — за межы кнігі. Каб творчасць аўтара ўяўлялася нечым цэласным звязаным. І — так. Наш дом там, дзе сэрца, мне падаецца.

— Не выпадкова, што паэзія змешчана пад назвай больш эмацыянальнай (сэрца як крыніца пачуццяў), а проза пад больш прыземленай і фундаментальнай (дом як сімвал асновы, упарадкавання)?

— Тэхнічна «Там, дзе сэрца» — не зусім зборнік паэзіі, бо вершы чаргуюцца з кароткімі лірычнымі замалёўкамі ў прозе. І, зноў жа, канцэпцыя кнігі — гэта суладдзе прозы і верша. Як у японскіх майстроў хайку, што былі аматары даць да трохрадкоўя празаічнае тлумачэнне. Так і тут: адно што прамога тлумачэння няма, ёсць сугучны па настраёвасці абразок. Проза, як і паэзія, бывае розная. І фундаментальная, і не дужа. І гэта добра — бо літаратура павінна адгукацца на патрэбы чалавека.

— У часопісе «Бярозка» вы ведзяце цыкл літаратурных майстар-класаў. Напрыклад, «Як напісаць раман за пяць крокаў». Існуюць універсальныя схемы, каб напісаць варты твор?

— Так, «бярозкаўцы», якіх шчыра люблю як сяброў і творцаў, прапанавалі паўдзельнічаць у іх «майстар-класным» праекце, куды яны прыцягваюць больш-менш спрактыкаваных аўтараў часопіса. На той момант я якраз закончыла свой першы вялікі (праўда вялікі — 1,5 мільёна знакаў) раман і займела сякі-такі вопыт. Ясна, што ўніверсальнай схемы, якая пасавала б усім і кожнаму, няма, і гэта, уласна, і даводжу ў першай публікацыі з серыі. Але падказаць, як структураваць свой час, як аперыраваць словам і складнікамі мастацкага свету, — гэта, на маю думку, цалкам магчыма. А яшчэ трэба працаваць. Шмат. Без гэтага ніяк.

— У вашых творах шмат адсылак да міфалогіі і казак. Як вы збіраеце чароўныя вобразы і матывы?

— Увогуле, па спецыяльнасці я фалькларыст, даследчык. Пэўны час працавала ў Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору ў БДУ (дарэчы, адзінай такой у краіне). А міфалогіяй цікаўлюся з маленства — хоць хто ў свой час не зачытваўся пераказам старажытнагрэчаскіх міфаў ад Мікалая Куна. Беларускую ж міфалогію люблю шчырай і трапяткой любоўю. Напэўна, дзякуючы Баршчэўскаму і Караткевічу. Ну і, канешне, дзякуючы беларускім казкам, якія таксама любіла чытаць у маленстве. Што да літаратуры, дык заўжды згадваю як прыклад адзін выпадак. Студэнткаю другога курса напісала артыкул пра вобраз Кашчэя Бессмяротнага ў беларускіх казках (параўноўваючы яго з Вотанам-Одзінам са скандынаўскай міфалогіі).

А праз дзесяць гадоў назапашаныя веды «пераварыліся» ўжо ў творчую інтэрпрэтацыю вобраза — у аповесці фэнтэзі. Неяк так яно працуе, мусіць.

— Ці можна вас назваць летуценніцай?

— Напэўна, не болей за каго-небудзь яшчэ. Як і ўсе, люблю марыць, а часам і падурэць. Але ёсць шэраг рэчаў, да якіх заўжды стаўлюся сур'ёзна. Да якіх, мабыць, і нельга ставіцца несур'ёзна. Да творчасці, скажам, у якую трэба ўкладацца напоўніцу. Да кахання. Да сямейнага ачага — дома. Да Дома ў больш шырокім, агульным разуменні — Радзімы.

Ну і фэнтэзі, па вялікім рахунку, няхай і забаўляльны, але не летуценны жанр. Забаўляючы, тут можна многае сказаць — і многае даць чытачу. З самым падступным пісьменніцкім разлікам.

— У інтэрв'ю Навуму Гальпяровічу вы сказалі, што больш чым пісаць, любіце толькі маляваць. Адчуваеце перш за ўсё сябе мастачкай, нягледзячы на тое, што лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

— Не, я зусім не мастак. Не прафесійны дакладна. Аматар памаляваць — гэта ёсць. Проста, як і літаратурныя студыі, маляванне прыносіць мне асалоду, падбадзёрвае. Дапамагае разгрузіць галаву. А часам дапамагае парадаваць блізкіх і сяброў. Таму — так, люблю маляваць.

— У часопісе да вашых твораў змяшчаюцца і ілюстрацыі. А вы малюеце сваіх герояў?

— О, у «Бярозцы» зараз маю аповесць «Першая песня» ілюстрыруе — як і раман «Век людзей» у «Маладосці» — мастачка Валерыя Дзяткова, яна ж Бестрамвайнасць. Звяла нас некалі агульная сяброўка, намесніца галоўнага рэдактара часопіса Света Курганава. І аказалася, што стылістыка, у якой Валерыя бачыць тэксты, вельмі мне блізкая. Менавіта Валерыя стварыла «партрэтную» ілюстрацыю для зборніка «Там, дзе сэрца», і ёй жа належыць дызайн рэкламных картак для гэтай кнігі. Валерыя малайчына, адным словам.

Я сама рабіла шэраг малюнкаў да публікацый, напрыклад, у «Маладосці», і сваіх, і чужых. Мне ўвогуле заўжды прасцей візуалізаваць персанажаў і свет вакол іх. Як толькі ўбачу — «ідзе». І ўсё складваецца.

— Аднойчы я брала інтэрв'ю ў Алеся Бадака пра конкурс «Першацвет». І калі папрасіла згадаць найбольш выдатных удзельнікаў, «надзей беларускай літаратуры», першым імем, якое ён назваў, было ваша. А як вы ставіцеся да крытыкі сваіх твораў?

— Мне, безумоўна, прыемна, што Алесь Мікалаевіч прыгадаў маё імя ў шэрагу першых. Датычна надзей беларускай літаратуры — пачакаем яшчэ хоць бы гадоў пяць, пабачым, што атрымаецца ды напішацца. Крытыка ж — гэта нармальная з'ява, як мне падаецца. Дасканаласці не існуе, і таму хораша, калі нехта можа паказаць табе на твае хібы. Скажам, я нядаўна заканчвала новую аповесць, і мой каханы чалавек рабіў вялікую справу: вычытваў кожны раздзел, пазначаючы, што яго насцярожвае або напружвае. Шчыра магу сказаць: так працаваць куды прасцей, тэкст на выхадзе значна лепшы.

Напэўна, усялякай крытыкі хапала, усяго і не прыгадаць. Можа, Пушкін казаў правільна: «хвалу и клевету приемли равнодушно». Што камусьці падабаецца, не пад густ іншаму, і наадварот. Таму дагадзіць усім і ўсім спадабацца немагчыма. Што магчыма — дык гэта працаваць над сабою і над тэкстамі. Адпрацоўваць уласны стыль, уласнае майстэрства. Быць сабою.

— Дарэчы, а каго з сучасных літаратараў лічыце найбольш выдатнымі, магчыма, будучымі класікамі?

— Калі шчыра, ніколі дужа не задумвалася пра такую катэгорыю. Думаю, нават самым геніяльным творцам не варта спяшацца «бранзавець» і трапляць у яе.
А ўвогуле, у нас ёсць шмат таленавітай моладзі — мне пашчасціла працаваць з многімі з іх, калі была рэдактарам у «Маладосці». І сёння, калі бяру іх кнігі ў рукі, адчуваю гонар. Таму што яны ўсе розныя, адметныя, з уласнымі галасамі. Гэта крута. Яны крутыя.

— Яшчэ Алесь Бадак тады адзначыў, што ў літаратуру пачало прыходзіць надзвычай шмат дзяўчат. Вы, як сучасная пісьменніца, як думаеце, з чым гэта звязана?

— З тым, напэўна, што дзяўчаты, як і хлопцы, таксама пішуць. А некаторыя яшчэ і някепска пішуць. Ну і з цягам часу мяняюцца прыярытэты: цяпер жанчына, якая хоча нечага дамагчыся ў творчасці, у кар'еры, не выклікае такога здзіўлення. Не толькі «Kіnder, Küche, Kіrche» на павестцы дня. Ва ўсіх свае мары, ва ўсіх ёсць магчымасці для рэалізацыі сябе як асобы. Магчымасць выбіраць.

— На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў вас ёсць «Блог прафесійнага чытача». Але да таго ж вы і прафесійная літаратарка. Як ацэньваеце кнігу: усё ж як чытач ці як творца?

— «Блог» ад пачатку задумваўся як шэраг чытацкіх уражанняў ад розных кніг. Без маралізатарства, без навязвання сваіх ацэнак. Проста пункт погляду, меркаванне, з якім можна пагадзіцца або не пагадзіцца. І мне гэта падабаецца, таму што для «Блога» магу перачытваць кнігі не па-рэдактарску, наўскос, а ў сваю асалоду, смакуючы. Мая мэта — найперш прыцягнуць увагу да кнігі і падштурхнуць наведвальнікаў сайта да чытання. А што яны вынесуць з таго чытання — ужо іх асабістая справа.

Што наконт водгукаў на Караткевіча, дык ён заўсёды актуальны. Люблю яго і карыстаюся магчымасцю рэкламаваць як толькі можна. Да таго ж, юбілейны год. Словам, хто-хто, а Караткевіч заслугоўвае ўвагі.

Ганна ВАРОНКА

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.