Вы тут

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»


Уладзімір Мікалаевіч БОРБАТ

Набор студэнтаў на фізмат заўсёды быў праблемны. Конкурс — 1,1—1,2 чалавека на месца. Але сярэдні бал атэстата для паступлення на гэты факультэт заўсёды заставаўся самы высокі ў параўнанні з абітурыентамі іншых факультэтаў, нават з гістфакам, дзе конкурс быў пяць чалавек на адно месца. Калі я працаваў старшынёю экзаменацыйнай камісіі па матэматыцы, пасля пісьмовага экзамену мне даводзілася выкладчыкаў літаральна за руку трымаць, інакш бы яны гэтулькі двоек наставілі, што адразу склаўся б недабор. А так мы прапускалі абітурыентаў на вусны экзамен і тым самым выратоўвалі абстаноўку.

Вучоба на фізмаце заўсёды была няпростай. Для гэтага патрэбны былі пэўныя здольнасці, пры гэтым школьныя поспехі далёка не заўсёды ў інстытуце пацвярджаліся. Той аб'ём матэматычнага матэрыялу, які з першых дзён абрушваўся на студэнта, не кожны мог вытрымаць. Адлічэнняў за непаспяховасць на фізмаце традыцыйна было шмат. Таму мы ўсямерна падтрымлівалі ранні школьны набор для наступнай вучобы на факультэце, у прыватнасці, работу профільных фізіка-матэматычных класаў. Але гэтыя класы былі ў горадзе Магілёве, а гараджан пасля заканчэння фізмата накіраваць у сельскую мясцовасць было складана. Нават адпрацаваўшы там два гады па размеркаванні, яны абавязкова ізноў вярталіся ў горад. І тады дэкан Ягор Ягоравіч Сянько з прафесарам А. А. Столярам вырашылі адкрыць фізіка-матэматычны клас для сельскіх школьнікаў. Вызначылі для гэтага Княжыцкую школу ў Магілёўскім раёне. Яна была з інтэрнатам, што нас задавальняла. Распрацавалі вучэбныя праграмы, адабралі школьнікаў з усёй вобласці, знайшлі добрых настаўнікаў і нават новага дырэктара школы. Настаўнікам запрасілі Валодзю Борбата. Мы яго ведалі як добрага студэнта-матэматыка, і ён ужо меў да гэтага часу некаторы вопыт работы ў школе. Я, як і ўсе дацэнты фізмата, вёў спецкурс у гэтым класе і таму быў з Валодзем у пастаянным кантакце. Знешне Борбат прыгажуном не выглядаў: сутулаваты, паўнаваты, у акулярах, ды яшчэ і гаварыў спецыфічна, бубніў. Але дзеці яго адразу палюбілі. Ён цудоўна адчуваў матэматыку, у гэтым прадмеце ў яго не было цёмных плям, а для дзяцей заставаўся адкрыты і даступны. Быў яшчэ не жанаты, таму ўвесь свой час прысвячаў вучням.

Вучні ў Княжыцкую школу прыйшлі сапраўды добрыя. І працавалі мы з імі з вялікім задавальненнем. Але нашы задумкі пра якасны набор на фізмат з дапамогай гэтай ініцыятывы ўсё ж не ажыццявіліся. Ужо з першага выпуска класа да нас на факультэт паступілі ўсяго толькі тры вучні. Астатнія з поспехам вытрымалі ўступныя экзамены ў ВНУ Масквы, Мінска, ваенныя вучылішчы, тэхнічныя і медыцынскія інстытуты. Так паўтаралася некалькі гадоў, мы ўсе выкладваліся ў гэтай школе, вынікі нашай працы былі відавочныя і, безумоўна, увогуле для грамадства карысныя, але яны на наш фізмат ніяк не працавалі. І мы вырашылі адмовіцца ад гэтай ідэі. А як жа Валодзя Борбат?

У гэты час я загадваў кафедрай алгебры і геаметрыі і, ведаючы здольнасці Валодзі, запрасіў яго да сябе асістэнтам, але пры ўмове, што ён пойдзе ў аспірантуру па тэорыі лічбаў.

Кандыдацкую дысертацыю Борбат пісаў пад кіраўніцтвам вядомага беларускага матэматыка, прафесара Інстытута матэматыкі АН Беларусі Васіля Іванавіча Берніка. Васіль Іванавіч мне расказваў, як да яго ў лабараторыю першы раз прыйшоў Борбат. Валодзя заўважыў, што пры ўваходзе стаіць двухпудовая гіра, запытаўся, навошта яна тут? Яму жартам адказалі: «Калі здолееш яе выжаць хоць бы адзін раз — ты наш!» Борбат стаў моўчкі падымаць гіру. Гэты рэкорд у лабараторыі не пабіты да сённяшняга дня!

Абараніўся Валодзя паспяхова. Вярнуўся працаваць на кафедру. Разважаючы пра яго перспектыву, я запытаўся ў Берніка, ці зможа Борбат зрабіць доктарскую дысертацыю? Васіль Іванавіч адказаў без разваг: «Захоча — зробіць!»

Валодзя ажаніўся, у яго нарадзіўся сын. Жылі яны ў інтэрнаце. Борбат друкаваўся, чытаў курс лекцый па алгебры і тэорыі лічбаў, студэнты ўспрымалі яго добра. Не магу сказаць, што па характары ён быў душой кампаніі. Хутчэй наадварот — болей замкнуты, чым адкрыты. Але ад яго сыходзіла надзейнасць. Ён не адмаўляўся ад вучэбных нагрузак, ні з кім не ўступаў у канфлікты, адгукаўся на просьбы. Валодзю я і вырашыў даверыцца ў адной справе і тым самым дапамагчы яму ж самому ў вырашэнні жыллёвага пытання.

У нас у Магілёўскім педінстытуце быў геаграфічны факультэт, яшчэ даваенны. З прафесурай, з аспірантурай. Але ў 1970-я гады кіраўніцтва рэспублікі вырашыла яго закрыць, палічылі, што геафак БДУ падрыхтуе настаўнікаў геаграфіі для ўсёй Беларусі. Але не зусім так атрымалася, як меркавалі «наверсе»... Ужо ў 1980-я гады рэгіёны адчулі вострую запатрабаванасць у гэтых настаўніцкіх кадрах. Нам далі даручэнне тэрмінова аднавіць факультэт. Але гэта аказалася досыць няпроста. Праблема была перш за ўсё ў выкладчыцкіх кадрах. Ранейшыя прафесары і дацэнты разляцеліся па ўсім Савецкім Саюзе. Вярнуць іх ужо было немагчыма. Давялося выкарыстоўваць тыя сувязі і метады, што меліся ў нас, каб выйсці з сітуацыі, каб укамплектаваць штат выкладчыкаў па асноўных раздзелах геаграфіі. Так мы выйшлі на прафесара Б. М. Нешатаева. Яго бацька некалі працаваў у нас дацэнтам, а сам Барыс Мікалаевіч выкладаў у Сумскім педінстытуце, быў спецыялістам у галіне фізічнай геаграфіі. Ён паставіў дзве ўмовы: забяспечыць яго кватэрай і даць яму магчымасць самому вызначыць свой далейшы лёс пасля сямі гадоў работы ў Магілёве. Мы пагадзіліся. Нешатаеў адпрацаваў сем гадоў сумленна. І кватэру мы яму выдзелілі. Але ў Магілёў адмовілася пераязджаць яго жонка, і ён вырашыў вярнуцца ў Сумы. Прыйшоў да мяне як да рэктара, і сказаў: «Я стрымаў сваё слова — сем гадоў у вас добрасумленна адпрацаваў. І вы сваё слова стрымалі — выдзелілі мне кватэру. Ад'язджаючы, я магу аддаць сваю кватэру ва ўласнасць гарвыканкама. І тады інстытут яе згубіць. Я ведаю, што вы ў добрых адносінах з мэрам горада В. І. Шорыкавым, таму прапаноўваю такі варыянт: няхай выкладчык, які жадае атрымаць кватэру, заплаціць мне пяць тысяч долараў, а вы, Аляксандр Міхайлавіч, дамовіцеся з мэрам, каб гэту кватэру пакінулі за інстытутам. І гэтак чалавек атрымае добраўпарадкаванае жыллё!..»

Я задумаўся... Падняў спіс чаргавікоў на атрыманне жылля. Першым там стаяла прозвішча загадчыцы кафедры рускай мовы дацэнта Т. М. Міхальчук — выдатнага чалавека, вядомай паэтэсы, але... жанчыны. А другі ў гэтай чарзе стаяў Валодзя Борбат! І я вельмі хацеў яму дапамагчы. Таму пайшоў да губернатара вобласці Барыса Васілевіча Батуры, праўдзіва выклаў сітуацыю і папрасіў выдзеліць інстытуту кватэру. І ён пагадзіўся! Пасля гэтага я паклікаў Валодзю і расказаў яму аб прапанове Нешатаева. Борбат заўсёды вызначаўся здаровым розумам, і яму я вырашыў даверыцца ў гэтай справе. Яна ўсё ж такі была рызыкоўная. Валодзя не толькі пагадзіўся, але ён не хаваў сваёй радасці. Я толькі папярэдзіў і Нешатаева, і Борбата, што ўвогуле нічога не ведаю пра іх дамоўленасць. У выніку і Тамара Міхальчук, і Валодзя Борбат атрымалі кватэры.

Борбата спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай работы. Старавойтаў паклікаў яго да сябе ў намеснікі дэкана, але работа ў дэканаце ў Валодзі не склалася. Ён быў досыць вольны ў сваіх рашэннях і ўчынках. Мог, напрыклад, у абед зачыніць дэканат на ключ і пайсці праз вуліцу ў бар выпіць куфаль піва...

Я ўспамінаў Борбата і яго работу ў фізіка-матэматычным класе Княжыцкай школы ўжо ў той час, калі працаваў першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. У той год мы заўважылі недабор практычна на ўсе фізіка-матэматычныя факультэты рэгіянальных універсітэтаў. На фізматы не пайшлі нават дзяўчаты. Мяне гэта здзівіла. На прафесію настаўніка матэматыкі, інфарматыкі, фізікі дзяўчаты заўсёды ішлі ахвотна. Праца ў школе з дзецьмі, навучальны прадмет сам дысцыплінуе, за сваім знешнім выглядам трэба сачыць, начных змен няма, а выхадныя дні ёсць заўсёды, ды яшчэ канікулы, рэгулярны і немалы адпачынак. Чым не работа для разумнай жанчыны? Але — недабор! Гэтую сітуацыю мне растлумачыў рэктар БДУІРа, прафесар Міхаіл Паўлавіч Батура. Пасля гэтыя тлумачэнні я дакладваў Прэзідэнту.

У мой час, калі мы паступалі ў інстытуты, студэнтаў цікавіла, што на ўваходзе. Паступіў ці не? Куды — не так і важна. У Інстытут! А цяпер студэнтаў цікавіць, што на выхадзе? Дзе ён будзе працаваць і, галоўнае, колькі будзе зарабляць? Міхаіл Паўлавіч мне паказаў, што 83 студэнты, якія праходзілі ва ўніверсітэт для вучобы за бюджэтныя сродкі, перайшлі на другі факультэт, каб вучыцца на платнай аснове. І там, і там — ІT-спецыяльнасць, але ў першым выпадку — размеркаванне на завод «Інтэграл» з сярэднім заробкам у 500 долараў, а ў другім выпадку можна ўладкавацца ў Парк высокіх тэхналогій з сярэднім заробкам у 1500 долараў. Вось яны, думаючы пра будучыню, і перайшлі на платную форму. Законы рынкавай эканомікі няўмольныя, і трэба іх паўсюль улічваць. Праблему набору студэнтаў на фізмат праз профільныя класы цяпер не вырашыш, патрэбны іншыя падыходы. Ды і ў ранейшыя часы мы з Уладзімірам Мікалаевічам Борбатам яе не рашылі, але набыты ў Княжыцкай школе вопыт нам па жыцці спатрэбіўся.

На фізмаце заўсёды былі ў пашане шахматы. Борбат лічыўся сярод моцных шахматыстаў. Увогуле, яго студэнты любілі, хоць на лекцыях ён працягваў бубніць. Памёр Уладзімір Мікалаевіч нечакана, у поўным росквіце сіл. Мой фізмат яго шчыра аплакваў, разумеючы, што згубіў высакакласнага дацэнта і добрага чалавека.

Пераклаў з рускай мовы Максім Веяніс

(У пачатак)

(Працяг)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.