Вы тут

Пуцін: Адносіны Расіі і Беларусі не залежаць ні ад часу, ні ад кан’юнктуры


У сваім відэазвароце ўдзельнікам пленарнага пасяджэння VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Уладзімір Пуцін пацвердзіў, што ў Сочы была дасягнутая дамоўленасць больш энергічна стымуляваць рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў суб’ектамі Расійскай Федэрацыі і ўладамі Беларусі.


«Кіраўніцтва Расіі і Беларусі зацікаўленая ў тым, каб надаць дадатковы імпульс развіццю міжрэгіянальных сувязяў, якія з’яўляюцца адным з найважнейшых кампанентаў па-сапраўднаму брацкіх, добрасуседскіх, сапраўды саюзніцкіх адносін Расіі і Беларусі, адносін, якія пабудаваныя на прынцыпах раўнапраўя і ўліку інтарэсаў адно аднаго», — запэўніў Прэзідэнт Расіі.

Ён адзначыў, што Расія і Беларусь не толькі паслядоўна паглыбляюць шматпланавыя двухбаковыя сувязі, але і мэтанакіравана рэалізуюць Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці ЕАЭС, сумесна вырашаюць пытанні абароны, супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам, у тым ліку ў рамках АДКБ.

Беларусь знаходзіцца ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску

«І зараз, з улікам той няпростай сітуацыі, у якой аказалася Рэспубліка Беларусь, у тым ліку, ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску пасля прэзідэнцкіх выбараў хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: адносіны Расіі і Беларусі не залежаць ні ад часу, ні ад кан’юнктуры, маюць пад сабой трывалы падмурак, бо нашы дзяржавы аб’ядноўваюць трывалыя культурныя і духоўныя сувязі, якія сыходзяць каранямі ў стагоддзі, шырокія сваяцкія і сямейныя вузы, агульная сумесная гісторыя».

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў важнасць лейтматыву пленарнага пасяджэння Форуму — 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён згадаў удзел Беларусі ў святочных мерапрыемствах у Маскве і сумеснае з Аляксандрам Лукашэнкам адкрыццё Ржэўскага мемарыялу.

Прыярытэт супрацоўніцтва — гандлю і інвестыцыям

Прыярытэтнымі абласцямі супрацоўніцтва расійскіх і беларускіх рэгіёнаў ён назваў гандаль і інвестыцыі. У гэтым ключы былі названы наступныя лічбы: леташні тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй склаў 35,5 мільярда долараў, у Беларусі працуюць больш за дзве тысячы кампаній з расійскім удзелам, кошт найбуйнейшага высокатэхналагічнага інвестпраекта — пабудова Беларускай АЭС — каля дзесяці мільярдаў долараў, на долю расійскіх кампаній прыпадае амаль палова ўсіх прамых замежных капіталаўкладанняў у Беларусь.

Разам супраць каранавіруснай інфекцыі

Уладзімір Пуцін нагадаў пра крэдытна-фінансавае садзейнічанне беларускай эканоміцы з боку Расіі, пра тое, што Беларусь стане першай дзяржавай, якая атрымае расійскую вакцыну супраць каранавіруснай інфекцыі.

«Цяпер робяцца намаганні па нармалізацыі перапыненых карантынам транспартных зносін паміж Расіяй і Беларуссю. Разлічваем, што гэта паслужыць актывізацыі прамых міжрэгіянальных абменаў па ўсіх напрамках, стане важным крокам да аднаўлення поўнамаштабных кантактаў у культурна-гуманітарнай сферы», — дадаў ён.

Кіраўнік Расіі пажадаў усім удзельнікам Форуму рэгіёнаў плённай працы, карыснага абмену думкамі і вопытам і выказаў упэўненасць, што дасягнутыя імі дамоўленасці і пагадненні паслужаць далейшаму ўмацаванню двухбаковага стратэгічнага ўзаемадзеяння ў інтарэсах брацкіх расійскага і беларускага народаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.