Вы тут

Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Омскай вобласці


Перш чым абмеркаваць пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і вызначыць перспектыўныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менш за тыдзень прайшло пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. У асобе Віталя Хацэнкі кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх губернатараў Расійскай Федэрацыі з паспяховым вынікам, які наўрад ці быў бы магчымы без падтрымкі рэгіёнаў. 


«Але, як час паказвае, расслабляцца нам ні ў якім разе нельга, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нас будуць нахіляць, хістаць, ставіць на калені. Аб гэтым мы гаварылі з Прэзідэнтам Пуціным яшчэ напярэдані прэзідэнцкіх выбараў. Спакойнага жыцця нам не дадуць. І гісторыі ўсё больш і больш будуць заблытанымі, складанымі, як паказалі, на жаль, апошнія падзеі ў Падмаскоўі». 

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, у гэты складаны час і на губернатарах ляжыць асаблівы груз адказнасці, перш за ўсё па забеспячэнні нашай агульнай бяспекі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пасля трагедыі на працягу сутак ён быў на сувязі са сваім калегам, Уладзімірам Пуціным. «Вельмі шчыльна працавалі, чым гэта скончылася, вы ведаеце. Гэта акурат сведчыць аб тым, як павінны працаваць у нашай Саюзнай дзяржаве два прэзідэнты і нашы спецслужбы», — канстатаваў беларускі лідар.

«Рэзерваў звышдастаткова»

Вяртаючыся да тэмы двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Омскай вобласцю, Прэзідэнт адзначыў, што губернатару і членам дэлегацыі добра знаёмая наша краіна. «І гісторыяй сваёй, і знакамітымі людзьмі, і флагманамі нашай прамысловасці, — канкрэтызаваў ён. — Вы добра ведаеце сельскую гаспадарку Беларусі, паколькі сваю вельмі прыстойна развіваеце. І мы можам без усялякага прамаруджвання прыступіць да нашай справы. Мы можам многае зрабіць, — сведчаннем гэтаму з’яўляецца ваш прыезд. Гэта перш за ўсё мы расцэньваем як цікавасць да нашай краіны і цікавасць да развіцця будучыні паміж дзвюма дзяржавамі».

За 2023 год аб’ём узаемнага гандлю склаў звыш 110 мільёнаў долараў. «Досыць невялікі паказчык, і мы яго павінны сур’ёзна падцягнуць. Рэзерваў звышдастаткова», — лічыць беларускі лідар.

Кажучы аб канкрэтных пунктах росту гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, Аляксандр Лукашэнка спыніўся на магчымасцях Беларусі для супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. Прэзідэнта інфармуюць: у апошнія гады Омская вобласць дасягнула вельмі сур’ёзных поспехаў у аграрным сектары і ўваходзіць у лік рэгіёнаў-перадавікоў па вытворчасці прадукцыі АПК у Сібірскай федэральнай акрузе.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэты расійскі рэгіён таксама з’яўляецца адным з лідараў у Расіі па вырошчванні лёну-даўгунцу. «Сам Бог загадаў нам тут працаваць разам, паколькі, як вы ведаеце, у Беларусі гэтаму напрамку ўдзяляецца велізарная ўвага, — канстатаваў ён. — Мы заўсёды будзем удзяляць яму ўвагу, бо на гербе нашай краіны — у тым ліку і лён». 

Прэзідэнт паведаміў, што Беларусь мае ўсе магчымасці закрыць патрэбнасці гэтага расійскага рэгіёна ў сучаснай і надзейнай тэхніцы па ўборцы лёну. У поўнай меры гэта адносіцца і да іншых брэндаў беларускага машынабудавання: трактароў, камбайнаў, якія добра вядомыя ў Расіі.

«Нашым вучоным ёсць над чым працаваць»

Аляксандр Лукашэнка добра знаёмы з той работай, якую ажыццяўляюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Омскі аграрны навуковы цэнтр у галіне вывучэння, захавання і выкарыстання генетычных рэсурсаў раслін. «Нашым вучоным ёсць над чым працаваць, — перакананы Прэзідэнт. — Галоўнае, каб гэта не былі даследаванні толькі дзеля даследаванняў. Эканоміка павінна штогод атрымліваць эфект ад іх вынікаў. Тым больш мы з году ў год павялічваем фінансаванне на гэтыя мэты ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Кіраўнік дзяржавы цалкам падтрымлівае такое супрацоўніцтва і мяркуе, што бакам па сілах пашырыць спектр сортавыпрабаванняў розных культур, якія праводзяцца.

Адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва Беларусі і Омскай вобласці на злобу дня, па меркаванні Прэзідэнта, можа стаць імпартазамяшчэнне, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Беларускія спецыялісты добра знаёмыя з прадпрыемствам «Омскі навукова-даследчы інстытут прыборабудавання», якое распрацавала аўтаматызаваную сістэму кіравання жывёлагадоўчымі гаспадаркамі «АСУ-АГРА».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што работа па яе ўкараненні на базе беларускага абсталявання вядзецца сёння з нашым прадпрыемствам — ААТ «Гомельагракамплект». У Расію ўжо пастаўлена 15 адзінак даільнага абсталявання. Як запэўніў кіраўнік дзяржавы, да чэрвеня гэтага года пасля тэставых выпрабаванняў яшчэ два камплекты паступяць у Омскую вобласць. 

«Гэта будзе сумесны прадукт, выраблены з выкарыстаннем беларускага абсталявання і сістэмы кіравання, распрацаванай вашым НДІ, — удакладніў Прэзідэнт. — Аналагаў яму няма на постсавецкай прасторы і мы разлічваем на вашу падтрымку ў прасоўванні гэтага сумеснага прадукту».

«Прыкладаў у галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва будзе ўсё больш»

Яшчэ адным з прыкладаў двухбаковага паспяховага інвестыцыйнага ўзаемадзеяння з’яўляецца сумесны праект, які рэалізуецца ў Магілёве, — «Омск Карбон Магілёў». Як расказаў кіраўнік дзяржавы, першапачаткова прадпрыемства было арыентавана на пастаўку прадукцыі ў Заходнюю Еўропу, але пасля ўведзеных санкцый здолела ў найкароткія тэрміны зрушыць вектар продажаў у азіяцкія рэгіёны.

«Экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца больш як у 15 краін, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Блізіцца да завяршэння будаўніцтва трэцяга, чацвёртага тэхналагічных патокаў, увод у эксплуатацыю якіх забяспечыць вытворчасць 200 тысяч тон тэхнічнага вугляроду ў год. Спадзяюся, такіх прыкладаў у галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і вашай вобласцю будзе ўсё больш».

Прэзідэнт нагадаў, што паказальным прыкладам партнёрства ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’яўляецца работа ААТ «Магілёўліфтмаш». «Гэты вытворца вам добра вядомы, — удакладніў ён. — Мяне інфармуюць: толькі ў мінулым годзе забяспечаны пастаўкі ў ваш рэгіён больш за 300 беларускіх ліфтаў. Гэта, вядома, мала. Мы ведаем, што такое ліфты: іх мяняць трэба. І прычым адначасова. Прыйшоў час, калі іх трэба мяняць і ў Беларусі, і ў іншых постсавецкіх дзяржавах». 

Омская вобласць зацікаўлена і ў камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхніцы, якая вырабляецца на ААТ «Амкадор». Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемства паспяхова рэалізуе шэраг праектаў, павялічваючы выпуск тэхнікі без заходніх камплектуючых, і гатова ў найкарацейшыя тэрміны яе паставіць. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, акрамя вытворчай кааперацыі, гандлю і інвестыцый важна падтрымліваць кантакты паміж жыхарамі Беларусі і рэгіёна, пашыраць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы — у культуры, адукацыі, спорце. «Асаблівая тэма — сумесная работа па захаванні гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, — дадаў ён. — Многія ўраджэнцы вашай зямлі прымалі ўдзел у разгроме ворага. На жаль, загінулі, пахаваны ў Беларусі. Праводзім вялікую практычную работу па дакументаванні, увекавечанні. Запрашаем навукоўцаў, даследнікаў з вашага рэгіёна падключыцца да гэтай важнай місіі».

Рэзюмуючы сказанае, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь адкрыта да абсалютна прадметнай размовы па розных напрамках. «Можаце разлічваць на нас ва ўсіх без выключэння сферах супрацоўніцтва, — адзначыў ён. — Думаю, што ёсць магчымасць цяпер і ва ўрадзе, на прадпрыемствах, дзе вы захочаце пабываць, абмеркаваць усе гэтыя тэмы і прыняць адпаведныя рашэнні».

У якасці кіраўніка гэтага расійскага рэгіёна Віталь Хацэнка ў Беларусі ўпершыню. Праграма рабочага візіту ў нашу краіну — насычаная. Па прылёце ў Мінск губернатар і члены дэлегацыі наведалі Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», усклалі вянок да манумента Перамогі ў сталіцы. 

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам нашай краіны дэлегацыя Омскай вобласці правяла перагаворы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанка. На парадку дня — і пасяджэнне Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Омскай вобласцю пад кіраўніцтвам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына. Падчас наведвання гасцямі Магілёўскай вобласці прадугледжаны перагаворы са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. У рамках сустрэчы запланавана падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і ўрадам Омскай вобласці ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, культурнай і іншых сферах. У Магілёве прадстаўнікі расійскага рэгіёна наведаюць шэраг прадпрыемстваў. Па вяртанні ў Мінск запланаваны візіты ў спартыўна-стралковы комплекс імя маршала Савецкага Саюза С. Цімашэнкі, Першы нацыянальны гандлёвы дом, ААТ «Амкадор», Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

У тэму

У размове з журналістамі губернатар Омскай вобласці Віталь Хацэнка адзначыў, што падчас сустрэчы з кіраўнікоўм нашай дзяржавы былі абмеркаваны шматлікія кірункі супрацоўніцтва. «Гэта і працяг развіцця нашай кампаніі па вытворчасці вугляродаў на тэрыторыі Беларусь „Омск Карбон Магілёў“, — канкрэтызаваў ён. — Мы ствараем вялікі мультыбрэндавы цэнтр шматлікіх відаў тэхнікі машынабудаўнічых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі горада Омска. Гэта і МТЗ, і „Гомсельмаш“, і „Амкадор“, і МАЗ — адпаведна, будзем рэалізоўваць гэты праект».

Наступны сумесны праект, які абмеркавалі падчас сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, — гандлёвы дом беларускіх тавараў на тэрыторыі Омскай вобласці, дзе будуць прадстаўлены прамысловыя тавары, прадукцыя аграпрамысловага комплекса, што будзе рэалізоўвацца на тэрыторыі гэтага расійскага рэгіёна. 

«Кажучы ў цэлым аб эканамічным патэнцыяле, Рэспубліка Беларусь традыцыйна займала пятае месца (па аб’ёме тавараабароту. — „Зв“.), да 2022 года ўключна, — паведаміў Віталь Хацэнка. — Падведзены вынікі мінулага года, і Беларусь выйшла на чацвёртае месца пасля Казахстана (у нас граніца з гэтай краінай звыш тысячу кіламетраў), Кітая і Турцыі. Мы бачым, што патэнцыял тавараабароту можна і далей павялічваць. Значна павялічыць яго — у два-тры разы — можна за бліжэйшую пяцігодку». 

Губернатар Омскай вобласці адзначыў, што вельмі прыстойна прадстаўлена санаторна-курортнае лячэнне Беларусі, што выклікае інтарэс у жыхароў гэтага рэгіёна. Таксама на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі прамога авіярэйса Мінск — Омск, пачынаючы з 2025 года. «Падбіраем кампанію, якая магла б лятаць па гэтым авіямаршруце, — дадаў кіраўнік расійскага рэгіёна. — Будзем усё рабіць так, каб такі рэйс у нас быў».

Віталь Хацэнка звярнуў увагу на тое, што складаныя часы ў гісторыі абедзвюх краін былі заўсёды. «Толькі ў адзінстве падыходаў, ва ўзаемадзеянні, у тым ліку чалавечым, кааперацыі прамысловай, культурнай, — наша сіла, — падкрэсліў ён. — І Прэзідэнт Беларусі казаў, што мы, па сутнасці, адзін народ — з адной велізарнай гісторыяй, традыцыямі, сур’ёзным сёння і вялікай будучыняй».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.