Вы тут

Беларускі “Лянок”, што вырас у Даўгаўпілсе


Новы творчы сезон беларусы латышскага горада на Дзвіне-Даўгаве адкрылі прыгожым юбілейным канцэртам — у плыні чарговых Дзён беларускай культуры


Гурт “Лянок” з сябрамі. Фотаздымак на добры ўспамін.

Для нас адкрыццё новага творчага сезона — кожны год свята. І яно адбылося ў суботу, 5 верасня 2020 года, у канцэртнай зале Дома Адзінства, у плыні шэрагу імпрэзаў штогадовых Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у супрацы з Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” зладзілі святочны канцэрт пад знакам 20-годдзя танцавальнага гурта “Лянок”.

Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе — каштоўны наш супольны набытак, важная традыцыя моцнай, творчай, актыўнай мясцовай суполкі беларусаў. Такі фармат штогадовых культурна-асветніцкіх імпрэзаў дае нам дзівосную магчымасць знаёміць жыхароў Латвіі з беларускімі традыцыямі ды звычаямі, з багатай культурнай спадчынай Бацькаўшчыны. Спрадвечныя нашы каштоўнасці, як родная мова, пісьменнасць, павага да ведаў і адукацыі, пазначаны цяпер у беларускім календары: як Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства. І менавіта гэтыя агульнанацыянальныя святы, дарэчы, далі старт новаму творчаму сезону ЦБК.

Святочную імпрэзу сёлета ўрачыста віталі-адкрывалі намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской Думы Яніс Дукшынскі, старшы арганізатар культурных мерапрыемстваў Упраўлення культуры Дыяна Солданэ. У сваіх выступах яны звярнулі ўвагу: беларусы, а таксама й Цэнтр беларускай культуры у шматнацыянальнай прасторы горада маюць вялікую значнасць і заслужаную папулярнасць.

Упершыню пабывалі на Днях беларускай культуры новы Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць, консул Галіна Найдзёнава, Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Юры Колесаў. Беларускія дыпламаты высока ацанілі прафесійны ўзровень арганізацыі святочнай імпрэзы, разнастайнасць канцэртнай праграмы. Пра суквецце культур ды важнасць міжнацыянальнай супрацы казалі ў віншаваннях сваіх консул-саветнік Генконсульства Расіі ў Даўгаўпілсе Наталля Пуставалава, консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч.

А які быў канцэрт! Розныя творчыя калектывы ЦБК — ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца”, танцавальны калектыў “Лянок” — паказалі яркую, незабыўную праграму. Да таго ж прэм’ернымі былі многія з песень. І асновай канцэрта, вядома ж, сталі паказальныя выступленні артыстаў гурта “Лянок” пад кіраўніцтвам харэографа Марыны Медунецкай. Танцавалі ў розных, можна сказаць, стылях: лірычна, гумарыстычна, зухавата. Нашы танцоры-юбіляры пачулі шмат добрых, цёплых слоў, атрымалі падзякі ды граматы ад Упраўлення культуры, Цэнтра беларускай культуры, Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе. Былі й падарункі ад сяброў, калег, праўлення суполкі “Уздым”. Былі запрошаны на юбілей “Лянка” й яго папярэднія харэографы: Вера Кохан і Алег Захарнёў. І гэтыя паважаныя людзі, сустрэтыя бурнымі апладысметамі залы й саміх артыстаў, са сцэны, з цяжкасцю стрымліваючы эмоцыі ды слёзы на вачах, душэўна віншавалі сваіх былых падапечных. І пры тым адзначалі: узрасло майстэрства, ёсць творчы рост!

Артысткі “Лянка” танцуюць на юбілейным канцэрце

Супрацоўнікі, актывісты Цэнтра беларускай культуры па традыцыі на свяце прымалі віншаванні ад сваіх калег. Добрыя словы пачулі мы ад кіраўніцы Цэнтра рускай культуры, дэпутаткі самакіравання Наталлі Кажанавай, кіраўніцы Цэнтра польскай культуры Жанны Станкевіч, кіраўніцы Цэнтра ўкраінскай культуры “Мрія” Надзеі Стахоўскай. Дарэчы, і ансамблі гэтых цэнтраў таксама парадавалі гледачоў сваімі нацыянальнымі песнямі, танцамі. Кіраўніца Дома Адзінства Рэгіна Османэ з букетам белых руж пажадала ЦБК паспяховага старту сезона. Дарэчы, менавіта наш канцэрт стаў першым у зале пасля працяглага перыяду абмежаванняў у сувязі з пандэміяй. Так што — маем гонар!

Святочны торт

Гледачы бурнымі апладысментамі выказвалі свой добры настрой, свой атрыманы пазітыў ад канцэрта. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская расчулілася, дзякавала гасцям, усім аматарскім калектывам, якія выступалі. Ды й гледачам — таксама: якія не адправіліся капаць бульбу, а прыйшлі на беларускі канцэрт. А таксама прынесла прабачэнні ўсім, каму не хапіла месца ў глядзельнай зале. Асаблівыя словы падзякі выказала кіраўніцтву й супрацоўнікам Дома Адзінства.

Жанна Раманоўская

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.