Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь павіншаваў шматдзетных маці з іх «прафесійным» святам. 14 кастрычніка жанчыны, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, разам са сваімі дзецьмі пазнаёміліся з гісторыяй развіцця алімпійскага руху ў Беларусі. Наведвальнікі музея алімпійскай славы на свае вочы ўбачылі ўнікальныя ўзнагароды славутых чэмпіёнак Дар’і Домрачавай, Алены Бяловай і іншых спартсменак, многія з якіх таксама мамы. Усяго ў экскурсіі прынялі ўдзел 25 сямей з дзецьмі ад 10 да 16 гадоў. Кожная маці і дзіця атрымалі памятны падарунак ад НАК Беларусі.
Свае сакрэты спартыўнага і мацярынскага майстэрства расказала бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Афінах, васьміразовая чэмпіёнка свету па веласіпедным спорце Наталля Цылінская. Наталля — маці чатырох дзяцей, таму тэм для размовы з удзельнікамі мерапрыемства знайшлося нямала. Дзеці больш цікавіліся спартыўным жыццём чэмпіёнкі. А мамы, зразумела, актыўна пыталіся, як сумяшчаць спартыўную кар’еру і мацярынства, як расціць дзяцей у любові да спорту і пра іншыя моманты выхавання дзяцей.
«Я ганаруся тым, што ў мяне чацвёра дзяцей. Я не ведаю, добрая я маці ці не. Спадзяюся, што добрая, мае дзеці мне праўду не скажуць, для іх я заўсёды лепшая. Але жанчыны, у якіх яшчэ больш дзяцей — неверагодныя, вялікія людзі. Сённяшняя сустрэча прайшла нібы ў воблаку, яны такія мяккія, цёплыя, утульныя, ад іх ліецца мацярынская любоў. І я адчула сябе маленькай дзяўчынкай побач з імі.
У мацярынства і спорту няма нічога агульнага, акрамя мяне. Спорт — гэта гонка, а мацярынства — любоў. У спорце ты адказваеш сам за сябе, а маці нясе адказнасць за будучае жыццё чалавека. Менавіта ад яе залежыць, якім вырасце дзіця. Усе ж дзеці нараджаюцца аднолькавымі — анёламі. Быць маці цяжэй, чым спартсменкай, але больш прыемна.
Усім мамам я жадаю здароўя, цярпення і не хацець, каб дзеці сталі чэмпіёнамі. Проста любіце іх і накіроўваеце, не ставячы ніякіх мэтаў. Дзеці самі зробяць выбар і тады вы будзеце імі ганарыцца», — адзначыла Наталля Цылінская.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.