Вы тут

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро


Гарадская транспартная сетка ў галоўным мегаполiсе краiны сёння актыўна развiваецца. У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў. Пад зямлёй задзейнiчаны пакуль яшчэ дзве лiнii метрапалiтэна. Таксама па 43 маршрутах працуюць маршрутныя таксi. Для iх абслугоўвання штодня на лiнiю выходзiць каля 1870 адзiнак рухомага саставу, расказаў начальнiк аддзела арганiзацыi пасажырскiх перавозак ДП «Сталiчны транспарт i сувязь» Аляксандр Капцюх.


Парк пастаянна абнаўляецца

У Мiнску яшчэ з 2018 года (у рамках падрыхтоўкi да II Еўрапейскiх гульняў) праводзiцца маштабнае абнаўленне рухомага саставу гарадскога грамадскага транспарту.

Фота: Марцуль Павел / busphoto.eu

«Набыта 370 гарадскiх аўтобусаў МАЗ, 60 электробусаў «Белкамунмаш», 70 тралейбусаў МАЗ з функцыяй павялiчанага аўтаномнага ходу да 15 кiламетраў, дзесяць электрацягнiкоў метрапалiтэна «Штадлер» (у тым лiку шэсць чатырохвагонных для новай трэцяй лiнii i чатыры пяцiвагонныя — для дзеючых)», — расказаў Аляксандр Капцюх.

Зараз iдзе рэалiзацыя заключаных сёлета кантрактаў на пастаўку 330 аўтобусаў МАЗ i 150 тралейбусаў з павялiчаным аўтаномным ходам. «Пры гэтым 75 з iх будзе вытворчасцi МАЗ, а 75 — «Белкамунмаш». Таксама набываецца дзевяць электробусаў «Белкамунмаша». Плануецца, што ў наступным годзе праграма абнаўлення парку працягнецца. Адпаведныя рашэннi гарвыканкама падрыхтаваны», — адзначыў прадстаўнiк ДП «Сталiчны транспарт i сувязь». Ён выказаў надзею на тое, што пытанням абнаўлення парку горад будзе надаваць належную ўвагу i надалей.

Намеснiк генеральнага дырэктара ДП «Мiнсктранс» Вiктар Тозiк падкрэслiў, што будучыня за сучаснымi тралейбусамi з павялiчаным аўтаномным ходам, пры пераходзе да iх як да асноўнага вiду грамадскага транспарту. А на рэплiку карэспандэнта «Звязды» аб тым, што галоўным гарадскiм транспартам павiнен быць электробус, Вiктар Афанасевiч звярнуў увагу на малы аўтаномны ход гэтага вiду транспарту. На яго погляд, электробус павiнен мець, у iдэале, аўтаномны ход да 250 кiламетраў, а не як цяпер — менш чым 15 кiламетраў. Таму даводзiцца ставiць электробусы на маршруты з маленькай транспартнай адлегласцю.

Трэцяя лiнiя метро — ужо хутка

Найблiжэйшая аптымiзацыя сеткi наземных вiдаў грамадскага транспарту ў сталiцы будзе звязана з адкрыццём участка трэцяй лiнii метро. Але гэта адбудзецца паступова, а не
адначасова з запускам цягнiкоў новай веткi.

Аляксандр Капцюх лiчыць, што ў хуткiм часе не варта чакаць нейкiх рэвалюцыйных рашэнняў у плане карэкцiроўкi дзеючых маршрутаў. Таму што першы пускавы ўчастак трэцяй лiнii метрапалiтэна з чатырох станцый — у цэнтры горада. I таму сур'ёзных рэарганiзацыйных змяненняў не патрабуецца. Схема карэкцiроўкi адпрацаваная. У аўторак транспартнае кiраўнiцтва горада прэзентавала яе ў Мiнгарвыканкаме. Пасля прынцыповага ўхвалення будзе вырашацца размяшчэнне яе ў СМI.

Пры гэтым спадар Капцюх адзначыў, што па першым пускавым участку трэцяй лiнii транспартнiкi мяркуюць весцi рэарганiзацыю маршрутнай сеткi нiяк не адначасова з адкрыццём станцый. Неабходны нейкi тэрмiн, каб паглядзець на пераразмеркаванне пасажырапатоку. «Але адназначна можна казаць аб тым, што рух тралейбусных i аўтобусных маршрутаў па вулiцы Мяснiкова — на ўчастку ад Нямiгi да Бабруйскай — будзе арганiзаваны праз кальцо на плошчы Багушэвiча. Такiм чынам, маршруты, якiя раней iшлi з забароненым левым паваротам ад Нямiгi, цяпер будуць iсцi да станцыi метро», — раскрыў некаторыя падрабязнасцi схемы начальнiк аддзела.

Вельмi верагодна, што будзе прынята рашэнне аб закрыццi аўтобуснага маршруту № 10, якi сваёй трасай дублюе першы пускавы ўчастак трэцяй лiнii метро.

Новыя маршруты наземнага транспарту

На працягу гэтага года, са студзеня да верасня, у горадзе адкрыта дзевяць новых маршрутаў — восем аўтобусных i адзiн тралейбусны. «Гэта звязана з развiццём новых жылых раёнаў, — растлумачыў Аляксандр Капцюх. — I вялiкая колькасць маршрутаў звязана з пераводам пасёлка Калодзiшчы ў пералiк населеных пунктаў, якiя абслугоўваюцца гарадскiмi маршрутамi з адпаведным тарыфам».

Далей ён пералiчыў маршруты, якiя звязалi, напрыклад, Азярцо i Бараўляны, Малiнаўку i Атолiна. Акрамя таго, арганiзаваны тралейбусны маршрут № 21, зачынены тралейбусны маршрут № 8 i аўтобусны № 947, якi працаваў як часовы на перыяд будаўнiцтва павароту тралейбуснай лiнii з праспекта Пушкiна на вулiцу Альшэўскага.

Да зiмы горад гатовы

Рамонт вулiчнай дарожнай сеткi Мiнска амаль завершаны, лiчыць намеснiк генеральнага дырэктара па ўтрыманнi аб'ектаў добраўпарадкавання ДВА «Гаррамаўтадар Мiнгарвыканкама» Уладзiмiр Латушкiн. Па яго словах, 90 са 110 запланаваных аб'ектаў абноўлены.

Сёлета рамонт вулiчнай дарожнай сеткi ўжо выкананы на плошчы 1 мiльён 40 тысяч квадратных метраў. Асноўны вiд работ — поўная замена асфальтабетоннага пакрыцця на плошчы 724 тысячы квадратных метраў. «У апошнiя гады пачалi надаваць увагу больш не ямачнаму рамонту, лакальнаму, а поўнай замене пакрыцця. Яна цалкам сябе апраўдвае. Усе замены iдуць з суправаджэннем навуковых iнстытутаў, якiя падбiраюць сумесi, што выключае калейнасць. Пераходзiм плаўна, каб адрамантаваць спачатку ўсе каркасныя вулiцы», — сказаў Уладзiмiр Латушкiн.

Ён дадаў, што ва ўзаемадзеяннi з перавозчыкамi iдуць работы па лiквiдацыi калейнасцi i на прыпынках. Гэтая праблема раней мала вывучалася, але сёння над ёй працуюць навуковыя iнстытуты, яны ж падбiраюць дэфармацыйна ўстойлiвыя сумесi.

Затору магло i не быць

Карэспандэнт нашага выдання (жыве ў Фрунзенскiм райне Мiнска) пацiкавiўся ў транспартнiкаў, як яны бачаць сiтуацыю на дарогах каля вузла Каменная Горка ў будучынi. У буднiя днi ранiцай, перад работай, i ўвечары пасля яе там, як той казаў, нi прайсцi нi праехаць...

Уладзiмiр Латушкiн дасведчаны ў дадзенай сiтуацыi. У Каменнай Горцы ў пiкавыя гадзiны ўзнiкаюць заторы i рашэнне гэтай праблемы горадам ужо прадумана. «Цяпер распрацоўваем праект — у раёне вулiцы Налiбоцкая будзе будавацца развязка, якая разгрузiць выезд з Мiнска праз вулiцу Прытыцкага. Яна дапаможа пазбавiцца ад транспартнага калапсу ў раёне Каменнай Горкi», — сказаў Уладзiмiр Латушкiн.

Праект уключаны ў план на 2021—2026 гады, але ён будзе ў лiку першачарговых з-за выключнай ступенi важнасцi. Хутчэй за ўсё, яго будуць рэалiзоўваць у наступныя два гады.

Намеснiк генеральнага дырэктара ДП «Мiнсктранс» Вiктар Тозiк дадаў, што ў свой час праводзiлася рэканструкцыя двух прыпыначных пунктаў у раёне станцыi метро «Каменная Горка». Дзякуючы лiквiдацыi стаянкi прыватнага транспарту ўдалося крыху палепшыць сiтуацыю. Але ў гадзiны пiк гарадскi грамадскi транспарт усё яшчэ адстае ад графiка.

Вiктар Тозiк адзначыў, што праблему затораў прадбачылi нашмат раней i спрабавалi яе нiвелiраваць. Больш за дзесяць гадоў таму iснавала iдэя стварэння на гэтым месцы двухузроўневай транспартнай развязкi. Не атрымалася. Можа, у будучынi?

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Транспарт вялiкага горада

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.