Вы тут

Клікушы


Клікушы

Пакуль дзед быў жывы, ён з бабуляй жыў за некалькі хат ад маіх бацькоў. І тыя заўсёды верылі кожнаму слову, што пра гэтае жыццё-быццё распавядала бабуля. Шкадавалі яе. Прымалі за праўду самыя шалёныя скаргі. Тым больш дзед маўчаў. Дзед не скардзіўся. А пасля дзед памёр. І бацькі забралі бабулю, каб яна скардзілася на іх.

Я сегодня смеюсь над собой. // Мне так хочется счастья и ласки, // Мне так хочется глупенькой сказки, // Детской сказки наивной, смешной.

Клікушы. Клікушы вядомыя з IX стагоддзя, але найбольш папулярнымі (я не памыліўся ў выбары слова) зрабіліся ў XVII стагоддзі, калі раптам атрымалі новыя магчымасці. Хто такія клікушы? Гэта людзі, з якімі ў змрочныя для навукі часы здараліся прыступы істэрыкі. Цяпер мы можам сумнявацца ў прычынах і выніках. Чаму і што было з тымі людзьмі? Але прэч сумневы, відавочна, што прычына адна — бесы ці д’ябал. Цёмныя сілы захоплівалі целы гэтых слабых істот і выклікалі неадэкватныя, экспрэсіўныя, бескантрольныя паводзіны. Доўгі час да клікуш ставіліся са знявагай, пагардай і… Наогул, як яшчэ ставіцца да такіх людзей, калі да з’яўлення псіхалогіі і псіхіятрыі жыць і жыць? Ёсць варыянты. Напрыклад. Як вядома, цёмныя сілы проста так да чалавека не чапляюцца, хтосьці іх нацкаваў. Хто? Напрыканцы шалёнага з рыканнем, плачам і незразумелымі гукаспалучэннямі неіснуючых моў катання па зямлі ці па падлозе клікушы выдавалі імя таго, хто наслаў на іх пракляцце. Зразумела, яго адразу хапалі і  катавалі, пакуль той не прызнаецца ва ўсім, у чым хацелі б, каб ён прызнаўся. Зразумела, варыянту, што гэты жудасны злачынец не прызнаецца, не існавала. Ахвяры ж тых жудасных злачынцаў маглі далей жыць-пажываць і дабра нажываць, пазбавіўшыся свайго ворага, пакуль не знойдзецца новы, але ненадоўга.

Я устал от белил и румян // И от вечной трагической маски, // Я хочу хоть немножечко ласки, // Чтоб забыть этот дикий обман.

Неяк я чарговы раз хварэў і прапускаў заняткі ў школе, а калі вярнуўся, то пабачыў, што на працоўным навучанні ў нас не той настаўнік. Такі сабе дзядзечка. Не памятаю, з якой нагоды ён спытаў у мяне прозвішча, а калі пачуў, то здзівіў мяне: паведаміў, што я на мінулым уроку (на якім мяне не  было) кепска сябе паводзіў, і ён спадзяецца, што такое не паўторыцца, але пакуль што алоўкавую двойку прыбіраць не будзе.

Я сегодня смеюсь над собой: // Мне так хочется счастья и ласки, // Мне так хочется глупенькой сказки, // Детской сказки про сон золотой…

Клікушы. Быццам бы з часам яны зніклі, бо іх таксама пачалі караць. Мабыць, некаму ў галаву прыйшла думка. Толькі вось па сутнасці сваёй клікушы засталіся клікушамі і, дай ім толькі шанец, яны выпаўзуць зноў. Давайце згадаем наша чароўнае XX стагоддзе. Даносы-даносы-даносыданосы. Хто не данёс, той не патрыёт, той шпіён, перажытак мінулага. Не? Чаму? Так, большасць даносчыкаў былі прафесіяналамі сваёй справы, яны знаходзіліся на дзяржаўнай службе, ім за гэта плацілі, а як яны траплялі на гэтую службу? Правільна. Па асабістай ініцыятыве. Прыходзілі куды трэба, здавалі каго хацелі і атрымлівалі працу згодна са сваімі маральнымі дадзенымі. Навошта высвятляць, каго і чаму яны адпраўляюць пад суд (ведаем мы тыя суды)? Гэта ж нецікава. У нас планавая эканоміка, мы выконваем план. А каб лепш выконваць план, трэба больш вачэй, якія фільтруюць усё, што бачаць, і адкідваюць, і адкідваюць, пакуль раптам не  натрапяць на «ворага народа». Знішчыць-знішчыць-знішчыць. Клікушы XX стагоддзя не каталіся ў істэрыцы па зямлі, яны працавалі ціха. Яны не выкрыквалі імя, яны шапталі.

Я сегодня смеюсь над собой. // Мне так хочется счастья и ласки, // Мне так хочется глупенькой сказки, // Детской сказки наивной, смешной.

Калі размова пачынаецца пра развіццё беларускай літаратуры, то яна не  можа не закрануць сталінскія часы, а разам з тым і прымус, цэнз, страх. Лепшыя рэчы беларускай літаратуры, як, падаецца, і савецкай, ствараліся насуперак абставінам. Насамрэч, я цяпер не пра літаратуру хачу сказаць пару слоў, а пра музыку. На жаль, наша (ці тая ж руская) музыка не можа пахваліцца сваёй аўтэнтычнасцю. Калі мы згадваем гэтае слова, то, хутчэй за ўсё, маем на ўвазе штосьці фальклорнае ці з намёкам на фальклор, але не сучасныя новыя жанры, пабудаваныя на аснове нашага менталітэту, гісторыі нашай культуры. У неабсяжнай большасці наша музыка — толькі калька. Часцей з рускай. А яна, у сваю чаргу, — такая ж калька з заходняй. Нядаўна толькі даведаўся, што ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя раманс быў прызнаны перажыткам царскай Расіі.

Я устал от белил и румян // И от вечной трагической маски, // Я хочу хоть немножечко ласки, // Чтоб забыть этот дикий обман.

Клікушы. Навука развіваецца. Свет развіваецца. Мільёны людзей імкнуцца зрабіць усё, каб сцерці з карты Зямлі нянавісць. Ідуць пошукі справядлівасці. Спробы вырасціць і распаўсюдзіць раўнапраўе, раўназначнасць, узаемапавагу. Якія тут могуць быць клікушы? Такія ж. Дваццаць шостага верасня 1988 года ў Вялікабрытаніі выйшаў раман Салмана Рушдзі «Сатанінскія вершы». Думаю, вы чулі краем вуха, да чаго гэта прывяло. Забароны ў шматлікіх краінах. Вогнішчы з кніг. Патрабаванне ўсіх, хто звязаны з выданнем гэтага твора, пакараць смерцю. Магчыма, вы падтрымліваеце такі радыкалізм. Магчыма, вы ўпэўнена можаце заявіць, што аўтар сам вінаваты, бо ён жа абразіў такую вялізную колькасць людзей. А  я  ў  адказ спытаю: вы чыталі гэтую кнігу? Калі б справа была ў тым, як абражаюцца фундаменталісты на мастацтва, я б згадаў гэтую гісторыю ў іншай калонцы. Справа ў клікушах. Цяпер я раскрыю вам сакрэт. Я не асуджаю гэтых людзей. Яны памыляліся. Яны кіраваліся тымі магчымасцямі, якія мелі. Ім дазволілі карыстацца гэтымі магчымасцямі. Людзі, якія глядзелі на недарэчныя пастаноўкі-пакатушкі, а затым з радасцю кідаліся знішчаць бязвінных людзей, горш. Людзі, якія маўкліва назіралі за тым, як забіраюць іх калег, іх суседзяў, горш. Удзельнікі Міжнароднага ПЭН-цэнтра, якія маўчалі, калі з усіх бакоў на Рушдзі выліваліся тоны нянавісці і пажаданняў смерці, горш. Яны толькі ківалі. Казалі, што той сам вінаваты. Ківалі аўтары, якія ў сваіх творах ставілі на першае месца свабоду, якія высмейвалі абсурдызм вакол, якія выстаўлялі сябе сапраўднымі змагарамі. Ківалі. І нават горш. Яны не чыталі «Сатанінскія вершы». Яны пачулі імя з вуснаў клікушы, і гэтага хапіла, каб нават не правяраць. А навошта, калі і так усё ясна? У даносе ўсё пазначана. Прыбіраем гэтага, ставім галачку і працуем далей. У нас план.

Я сегодня смеюсь над собой: // Мне так хочется счастья и ласки, // Мне так хочется глупенькой сказки, // Детской сказки про сон золотой…

У гэтай калонцы я выкарыстаў фрагменты тэксту песні Аляксандра Вярцінскага «Я сегодня смеюсь над собой». Артысту прыйшлося доўга бадзяцца па свеце, бо ён не разумеў клікуш, а яны былі. Пасля Кастрычніцкага перавароту ён напісаў і спяваў песню-спачуванне юнкерам, якія абаранялі Маскоўскі Крэмль. Спачуванне «ворагам» — непрымальна. Як заўсёды, вывады рабіце самі. Любіце сябе. Давярайце сабе.

Трымайце яшчэ колькі радкоў Вярцінскага, мне яны падаюцца рубінавымі: Боженька, ласковый Боженька, // Что тебе стоит к весне // Глупой и малой безноженьке // Ноги приклеить во сне?

                                                                                                                 Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.