Вы тут

Больш як 250 навуковых распрацовак укаранілі за мінулы перыяд бягучага года


Больш як 250 навуковых распрацовак укаранілі за мінулы перыяд бягучага года айчынныя акадэмічныя арганізацыі. Зараз у НАН Беларусі рыхтуецца зборнік з іх пералікам, які будзе накіраваны ва ўсе міністэрствы і ведамствы для пашырэння кола спажыўцоў прадукцыі, тэхналогій і матэрыялаў, распрацаваных акадэмічнымі навукоўцамі. Пра гэта паведаміў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй ІВАНЕЦ.


У іх ліку, напрыклад, беспілотны лятальны апарат «Буравеснік МН», асвоены ў НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН. Аналагаў яму ў Беларусі няма, прычым комплекс значна ніжэйшы па кошце за замежныя распрацоўкі.

Хімікі і мікрабіёлагі актыўна працуюць над стварэннем новых матэрыялаў і тэхналогій для ачышчэння вады. У прыватнасці, над стварэннем новых мікрабіялагічных прэпаратаў, якія дазваляюць праводзіць ачыстку гаспадарчых і пітных сцёкавых вод, у першую чаргу, прамысловых, ад таксічных прымесяў. Гэта, на думку Андрэя Іванца, дасць магчымасць павысіць як экалагічнасць нашых прамысловых прадпрыемстваў, так і якасць пітнога водазабеспячэння насельніцтва.

На папяровай фабрыцы Дзяржзнака ў Барысаве ўжо наладжана вытворчасць актыўнага біяраскладальнага папяровага матэрыялу. Размова ідзе пра выпуск спецыяльнай устойлівай да тлушчаў і вільгаці паперы з кансервавальнымі ўласцівасцямі.

Вучоны сакратар Інстытута фізіялогіі, старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Маргарыта ДОСІНА расказала пра цікавую распрацоўку Цэнтра мозга, які з'явіўся ў Інстытуце фізіялогіі ў 2018 годзе:

— Мы мадэлюем розныя тыпы паталогій і спрабуем знайсці рашэнні. Адна з нашых распрацовак — біячып, прызначаны для вывучэння нейронных сетак, функцый галаўнога мозга і распрацоўкі ў будучыні новых падыходаў да лячэння і аднаўлення яго структур.

Разам са спецыялістамі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі акадэмічныя вучоныя распрацавалі і ўводзяць у практыку методыку лячэння траўм мозга і інсультаў (ішэмічнага і гемарагічнага) з выкарыстаннем мезенхімальных ствалавых клетак, узятых з тлушчавых тканак самога пацыента. Адметнасць гэтага метаду ў параўнанні з замежнымі заключаецца ў спосабе дастаўкі ствалавых клетак. Апошнія ўводзяцца не ў крывяносную сістэму, а ў вобласць канчаткаў двух чэрапна-мазгавых нерваў у поласці носа або ў трайчасты нерв. Адтуль яны самастойна ўздоўж нерваў мігрыруюць у мозг і размяшчаюцца ў разбураных ачагах. Прычым там яны могуць апынуцца ўжо праз паўгадзіны.

Яшчэ адна важная эксперыментальная распрацоўка Інстытута фізіялогіі — інгалятар, які падае разагрэтую да 70 градусаў кіслародна-геліевую сумесь. Гелій папярэджвае апёк дыхальных шляхоў у пацыента, разам з тым згубна ўздзейнічае на каранавірус. Працягласць лячэбнага сеанса вар'іруецца ад 5 да 30 хвілін, а прыстасаванне можа выкарыстоўвацца як ва ўмовах стацыянара, так і ў дамашніх умовах.

— Сёння Нацыянальная акадэмія навук супрацоўнічае з найбуйнейшымі навуковымі цэнтрамі больш чым ста краін свету: Рэспублікі Карэя, Японіі, Германіі... На базе навуковых арганізацый НАН дзейнічаюць 42 міжнародныя даследчыя цэнтры і лабараторыі розных узроўняў. Вядзецца падрыхтоўка да стварэння яшчэ дзесяці. Найбольш дынамічным з'яўляецца супрацоўніцтва з калегамі з Кітая, нават нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Трывалыя сувязі наладжаны і з расійскімі навукоўцамі, у прыватнасці, з арганізацыямі Расійскай акадэміі навук. «У сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС вельмі важным нам бачыцца ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх фізікаў-ядзершчыкаў. Курчатаўскі інстытут і Аб'яднаны інстытут ядзерных даследаванняў у Дубне — два найбуйнейшыя навуковыя цэнтры, якія шмат у чым з'яўляюцца лідарамі ў гэтай сферы. Мы вельмі дынамічна працуем разам», — дадаў Андрэй Іванец.

А літаральна днямі ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Навукова-вытворчага цэнтра электронна-прамянёвых тэхналогій. Ён аснашчаны ўнікальным тэхналагічным абсталяваннем, прыстасаваным для электронна-прамянёвай зваркі, у тым ліку розных металаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы Нацыянальнай акадэміі навук

Загаловак у газеце: Электронна-прамянёвая зварка і біяраскладальная ўпакоўка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.