Вы тут

Ці паспеюць з рэканструкцыяй храма на Вайсковых могілках у Мінску да 800-годдзя святога Аляксандра Неўскага?


Такім пытаннем задалася карэспандэнт «Звязды», калі рыхтавала артыкул па аднаўленні храма, што пабудаваны больш за 120 гадоў таму ў гонар святога. Матэрыял выйшаў у нумары газеты за 14 кастрычніка пад назвай «Захаваць і ганарыцца». Дарэчы, сам юбілей адбудзецца ў маі 2021 года.


Нагадаем сутнасць пытання. Цяпер у храме ідуць аднаўленчыя работы за кошт ахвяраванняў вернікаў і розных суб'ектаў гаспадарання. Грошы на гэтыя мэты ахвяравалі «Прамагралізінг», «Мінгаз», «Мінэнерга», сталічныя прадпрыемствы «Слодыч», «Камунарка», «Завод пеністых він» і іншыя. Сапраўды, рэканструкцыя можа доўжыцца гадамі, з кожнага, як кажуць, сабраць па нітцы... Але ж і для горада аб'ект не з ліку шараговых — царква адна з найстарэйшых у Мінску, ды і могілкі, над якімі апякуецца прыход, можна аднесці да катэгорыі нацыянальнага пантэона: тут пахаваны героі-вайскоўцы, выдатныя дзеячы культуры, навукі, прадстаўнікі палітычнай эліты.

— Мы не стаім на месцы, прыцягваем сродкі адкуль магчыма, але для заканчэння рэканструкцыі яшчэ неабходна каля двух мільёнаў рублёў, — тлумачыў тады кіраўнік апякунскага савета храма Уладзімір Дражын.

Ён сцвярджаў, што паразуменне з уладамі знойдзена: на гэтыя мэты былі запланаваныя сродкі ў інвестпраграме на 2020 год, але ён хутка скончыцца, а грошай дасюль няма. Як высветлілася, Беларускі экзархат не можа выступаць у якасці заказчыка работ, бо ў яго няма адпаведнай службы. Гэтыя функцыі павінна было ўзяць на сябе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. Здаецца, усё проста — бяры і рабі. Але... год набліжаецца да заканчэння, сродкі могуць застацца неасвоеныя, хваляваўся кіраўнік апякунскага савета.

Атрымліваецца, грошы з боку дзяржавы запланаваны, але пакуль не задзейнічаны ў працэсе рэканструкцыі. Чаго чакаць далей? На гэтае пытанне адказаў «Звяздзе» першы намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый МІКУЛЁНАК. Цытуем:

«У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.12.2019 № 468 «Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2020 год» па аб'екце «Рэканструкцыя храма Аляксандра Неўскага ў г. Мінску» (далей — аб'ект) прадугледжаны долевы ўдзел сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

Рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18.09.2020 № 234 аб'ект уключаны ў інвестыцыйную праграму Мінска на 2020 год па заказчыку УП «УКБ Мінгарвыканкама».

У цяперашні час заказчыкам вядзецца работа па афармленні дазвольнай дакументацыі для будаўніцтва аб'екта.

Тэрмін пачатку правядзення работ на аб'екце і іх завяршэнне будуць вызначаны пасля распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і атрымання дзяржаўнай экспертызы».

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: «Тэрмін будзе вызначаны...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.