Вы тут

Кухараў наведаў будаўнічую пляцоўку стадыёна «Трактар»


У Мінску працягваецца рэканструкцыя стадыёна «Трактар». Увесці ў строй аб’ект, размешчаны ў Заводскім раёне сталіцы, генпадрадчык абяцае ў верасні бягучага года. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў наведаў будаўнічую пляцоўку, каб азнаёміцца з ходам работ, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

«Дзякуючы прынятаму рашэнню аб будаўніцтве на тэрыторыі Заводскага раёна ў межах праспект Партызанскі — вуліца Ванеева Нацыянальнага футбольнага стадыёна, уся прылеглая да яго інфраструктура таксама будзе капітальна адрамантавана. Цяпер рэканструкцыя ідзе на стадыёне „Трактар“, яна падзелена на дзве чаргі. У межах першай 7 лістапада 2023 года мы ўвялі ў строй будынак дзіцяча-юнацкай школы па спартыўнай гімнастыцы „Кольцы славы“», — расказаў кіраўнік Заводскага раёна Сяргей Масляк.

Цяпер актыўна вядзецца рэканструкцыя стадыёна «Трактар». У стадыі завяршэння работы па дэмантажы будаўнічых канструкцый. З ранейшых глядацкіх трыбун, дзе ўмяшчалася больш за 17,5 тыс. гледачоў, захаваецца 5600 месцаў для балельшчыкаў.

«Змяняецца напаўненне падтрыбунных памяшканняў — вядуцца маналітныя работы, манціруюцца перагародкі. Усяго на аб’екце задзейнічана каля 60 чалавек і каля 20 адзінак тэхнікі», — адзначыў Сяргей Масляк.

Прызначэнне стадыёна застанецца ранейшым, аднак яго функцыянальная частка значна пашырэе. Так, упор тут плануюць зрабіць на развіццё дзіцяча-юнацкага футбола, для чаго да асноўнага вялікага поля дабавяцца трэніровачныя са штучным пакрыццём.

«Задача, якую выконвае стадыён, не зменіцца, аднак дадаткова тут з’явіцца магчымасць трэніравацца, і для гэтага будуць служыць не толькі шматфункцыянальныя пляцоўкі са штучным пакрыццём для футбола, валейбола, баскетбола, а таксама бегавыя дарожкі ўздоўж асноўнага поля. Таксама ў падтрыбуннай частцы, дзе размесцяцца трэнерскія, раздзявалкі і душавыя, будуць прадугледжаны кабінеты для працы БРСМ Заводскага раёна. Моладзь тут атрымае магчымасць як трэніравацца, так і праводзіць масавыя мерапрыемствы», — расказаў дырэктар УКБ Завадскога раёна Ігнат Наско.

Але не толькі стадыён закране вялікае абнаўленне: размешчаны побач з ім парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка таксама будзе рэканструяваны. У ім ужо дэманціраваны старыя канструкцыі, якія засталіся пасля атракцыёнаў, а на іх месцы плануецца ўстаноўка дзіцячага гульнявога абсталявання. Пляцоўка для стрытбола, мініфутбола, варкаўта, скейт-парк, а таксама самы вялікі ў горадзе гульнявы комплекс для малых.

На тэрыторыі Нацыянальнага футбольнага стадыёна актыўна ідзе будаўнічы працэс, які рэалізуецца ў межах тэхніка-эканамічнай дапамогі. Цяпер на аб’екце працуе 450 кітайскіх будаўнікоў. Акрамя гэтага на працягу сакавіка-красавіка на пляцоўцы дабавіцца яшчэ 250 рабочых і спецыялістаў. Па плане будаўніча-мантажныя работы будуць завершаны ў бягучым годзе.

Як паведамлялася раней, другі этап рэканструкцыі стадыёна «Трактар» будаўнікі генпадраднага СУ-199 трэста № 35 пачалі ў канцы лістапада 2023 года. Участак плошчай 4,8 га з поўначы абмежаваны вул Ванеева, з захаду прымыкае да Нацыянальнага футбольнага стадыёна, які будуецца, з поўдня і ўсходу — да тэрыторыі парку ім. 50-годдзя Кастрычніка. У работах будаўнікам дапамагаюць студэнты сталічных ВНУ.

Як інфармавалі ў ДВА «Мінскбуд», праектам прадугледжана ўзмацненне пліт перакрыццяў і перагародак. У будучыні на першым паверсе размесцяцца раздзявальні і трэнерскія, пакой для прэсы і зала для прэс-канферэнцый, а таксама медпункт. Усе памяшканні другога паверха будуць аб’яднаны галерэяй. Там адчыніцца буфет на 40 месцаў. На трэцім — прадугледжаны радыёкаментатарская, аператарская платформа і месцы для прэсы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.