Вы тут

Адкрываецца персанальная выстаўка «Скрозь час» мастака па касцюмах Наталлі Смаляк


Вядомы расійскі гісторык касцюма Раіса Захаржэўская казала, што кепскі сцэнічны касцюм можа «забіць» артыста, а добры — «падняць», даць ключ да разумення ролі. Экспанаты персанальнай выстаўкі «Скрозь час» мастака па касцюмах, члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Смаляк, якая адкрыецца ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» 1 снежня 2020 года, сталі і крыніцай натхнення для тых, хто іх апранаў, і прыносяць эстэтычнае задавальненне кожнаму, хто іх разглядае, разгадвае закладзенае ў іх «пасланне». Тут прадстаўлена больш за 30 касцюмаў, 40 эскізаў, распрацаваных аўтарам з 1995-га да 2020 года, і 50 фотаздымкаў, што дазваляе прасачыць творчы шлях мастачкі за 25-гадовы перыяд дзейнасці.


— Гэтая выстаўка — сапраўдная рэтраспектыва ў маю творчасць. Там і першая мая праца, якая выстаўлялася яшчэ ў 1995 годзе, і апошнія работы. Можна ўбачыць мае найлепшыя творы, добра вядомыя, за іх я атрымлівала розныя ўзнагароды, — кажа Наталля Віктараўна. — Я заўсёды ведала, што буду працаваць у сферы касцюма, бо мяне гэтая тэма вельмі цікавіла. Пачалося тое захапленне яшчэ, магчыма, у дзяцінстве, бо мая бабуля была вялікай модніцай і ткала сабе адзенне на кроснах... На пачатку творчага шляху былі розныя памкненні, але мне ў той час пашчасціла супрацоўнічаць з Купалаўскім тэатрам і з Тэатрам музкамедыі. І там я дакранулася да тэмы гістарычнага касцюма, мяне яна вельмі захапіла. Пазней працавала над серыяй касцюмаў «Шляхецкія скарбы». А беларускімі народнымі касцюмамі зацікавілася яшчэ падчас вучобы, калі рабіла строі з ручным рамізным ткацтвам. Гэта вылілася ў калекцыю «Адлюстраванне», якая пастаянна пашыралася і дапаўнялася. Серыя ж «Адлятала птушачка» ўжо дэманструе маю работу, звязаную з вясельнымі касцюмамі. Рабіла шмат і для розных творчых калектываў, якія працуюць з беларускім фальклорам, музыкай і танцамі. Вядома, не ўсё зможам паказаць, але, магчыма, гэты праект стане крокам да таго, каб з'явіліся і іншыя, бо ідэй і задумак у мяне вельмі шмат.

Экспазіцыя выстаўкі складаецца з трох асноўных частак. У першую ўвайшлі сцэнічныя касцюмы, створаныя па матывах гістарычных касцюмаў ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, якія дэманструюць сучасны аўтарскі погляд на багатую і шматгранную культурную спадчыну Беларусі. Другая частка экспазіцыі знаёміць з аўтарскімі сцэнічнымі касцюмамі, распрацаванымі па матывах беларускіх народных строяў і народных вясельных касцюмаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія ўяўляюць сабой сучасную сцэнічную стылізацыю беларускага народнага касцюма, выкананую з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік: ручнога ткацтва, вышыўкі, нашыўкі тасьмой і карункамі. Дапаўняюць выстаўку і складаюць трэцюю частку экспазіцыі эскізы і фатаграфіі аўтарскіх сцэнічных касцюмаў і касцюмаў, распрацаваных мастаком непасрэдна для калектываў, якія працуюць у тэатральным, музычным, харэаграфічным і іншых відах мастацтва. Каб стварыць такі касцюм, патрэбна нямала часу, бо спачатку вывучаецца канцэпцыя, прадумваецца рэалізацыя ідэі, падбіраюцца матэрыялы, і толькі пасля гэтага выконваецца замова заказчыка. У выніку гэта можа заняць і паўгода.

У сферу інтарэсаў мастачкі ўваходзіць вывучэнне культурных традыцый і традыцыйных тэхнік гістарычнага і народнага касцюма, існаванне гэтых традыцый ва ўмовах сучаснасці і іх пераўтварэнне ў сучасныя сцэнічныя вобразы. Кожны касцюм — гэта ўнікальнае злучэнне тэхнічных вынаходак, аўтарскага бачання, непаўторнага эмацыянальна-эстэтычнага
поля, у выніку чаго сцэнічныя касцюмы становяцца прадметам шматузроўневага дыялогу паміж мінулым і будучыняй і сучаснасцю, традыцыяй і навацыяй, праз час даносячы да сучаснага гледача багатую культурную спадчыну беларускай зямлі.

Наталля Смаляк скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (у 1995 годзе), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (у 2000 годзе), аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у 2005 годзе). З 2003 года з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Творча працуе ў галіне мастацкага тэкстылю і сцэнічнага касцюма. Упершыню творчыя работы Наталлі Смаляк былі прадстаўлены ў 1995 годзе. З таго часу яна прыняла ўдзел у больш чым 50 рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаўках, конкурсах і фестывалях, якія праходзілі як у нашай краіне, так і за яе межамі, неаднаразова станавілася іх лаўрэатам і дыпламантам. Акрамя таго, адбыліся шэсць персанальных выставак мастачкі ў Беларусі, а таксама ў Польшчы, найбольш вядомыя з якіх — «Шляхецкі скарб», выстаўка аўтарскіх сцэнічных касцюмаў па матывах гістарычных, «Невычэрпная крыніца» — выстаўка аўтарскіх сцэнічных касцюмаў па матывах беларускіх народных строяў.

Своеасаблівае мастацкае бачанне і выразная канцэпцыя творчасці дазволілі Наталлі Смаляк заняць сваю нішу сярод іншых кірункаў сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сцэнічныя касцюмы, створаныя па яе эскізах, запатрабаваныя творчымі калектывамі Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Узбекістана. Асобныя работы, выкананыя па заказах прадстаўнікоў творчых калектываў і пасольстваў, знаходзяцца ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Амерыцы. Усяго Наталля Віктараўна распрацавала сцэнічныя касцюмы для больш як 150 калектываў з 15 краін свету. Каб пазнаёміцца з палітрай зробленага мастачкай, завітвайце ў мастацкую галерэю да 15 снежня 2020 года.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Наталлі Смаляк

Загаловак у газеце: Касцюм як сведка часу і загадка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.