Вы тут

Лукашэнка супрацоўнікам БНТУ: Вы заўсёды былі асновай і фундаментам нашай дзяржавы


Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе да 100-годдзя БНТУ.


Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на мерапрыемстве, удзел у святкаванні юбілею ўніверсітэта ў яго графіку не быў запланаваны. Але растлумачыў, чаму не змог абмінуць падзею. «Да 200-годдзя ВНУ ніхто ў гэтай зале не дажыве, як бы нам не хацелася, а вось дакрануцца да сівізны нашага вядучага ВНУ хацелася б усім», — сказаў Прэзідэнт.

Сённяшняе мерапрыемства ён назваў данінай павагі і падзеяй у гонар тых, хто праславіў сваімі справамі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Прэзідэнт пахваліў выставу ўзораў беларускай аўтамабільнай тэхнікі, створаных выпускнікамі БНТУ. Паводле слоў Прэзідэнта, беларускія інжынеры ўмеюць ствараць сапраўдныя цуды, але, з другога боку, знаходзяцца ў жорсткай сусветнай канкурэнцыі. «Усё, што мы бачылі тут, у свеце вырабляецца ў велізарнай колькасці. І тое, што вы выстаялі ў гэтай канкурэнцыі, вырабляеце патрэбную на сусветным рынку прадукцыю, дарагога варта», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што заўсёды з павагай адносіўся да выпускнікоў БНТУ і цаніў інжынераў.

«Як палітык, які чвэрць стагоддзя знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі, я заўсёды параўноўваў паводзіны тых ці іншых студэнтаў, выпускнікоў. Вы заўсёды былі асновай і фундаментам нашай дзяржавы. І прызначаючы на нейкія самыя высокія пасады, калі я бачу, што чалавек інжынер, заўсёды кажу, што гэты чалавек дзяржаўны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны акцэнтаваў увагу, што вельмі хоча каб выпускнікі БНТУ і далей трымалі гонар свайго ВНУ і былі апорай дзяржавы.

«Мы перажываем вельмі складаны перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці і суверэнітэту. І гэта звязана перад усім са зменай пакаленняў. Тое пакаленне, што заваявала нам свабоду і незалежнасць, яго, на жаль, амаль няма. Удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны засталося крыху больш за 5000 у нашай дзяржаве. Гэта святыя людзі, якім мы заўсёды пакланяліся. Кожны трэці загінуў у гэтай вайне і там кавалася аснова нашай незалежнасці», —  нагадаў кіраўнік краіны.

На яго думку, змена пакаленняў заўсёды праходзіць складана і ў навуцы ў тым ліку. «Я хачу пажадаць, каб цяперашняе пакаленне выхавала сапраўдных маладых людзей, выхавала пакаленне патрыётаў. Каб, адыходзячы ад актыўнай дзейнасці, мы былі цвёрда перакананыя, што суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы непарушныя, што тая незалежнасць, якая вы ведаеце, як дасталася нам, будзе захавана. Каб мы больш ніколі не жылі на чужой зямлі, каб нашы дзеці і дзеці яшчэ не народжаных маладых людзей адчувалі сябе гаспадарамі на гэтай зямлі. Гэта цяжкая навука, цяжкая будучыня, якая нам мае быць і якая ўжо пачалася. Я звяртаюся да старэйшага пакалення: зрабіце ўсё, каб інжынер заўсёды заставаўся патрыётам і бярог наш суверэнітэт і нашу незалежнасць, пры ўсіх абставінах змог захаваць нашу дзяржаву», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў БНТУ ордэнам Працоўнай Славы. Напярэдадні ён падпісаў адпаведны ўказ. Гэты адметны знак уручаны ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. Навучальная ўстанова ўдастоена гэтай узнагароды за значны ўклад у развіццё інжынерна-тэхнічнай адукацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне машынабудавання, энергетыкі, будаўніцтва і архітэктуры, ўкараненне новых сучасных тэхналогій, падрыхтоўку навуковых кадраў і ў сувязі з 100-годдзем з дня заснавання універсітэта. Таксама з рук кіраўніка краіны дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта.


Узнагароды тым, хто прывёў універсітэт у эліту сусветных універсітэтаў

Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам ВНУ. «Я хачу сёння тут уручыць дзяржаўныя ўзнагароды тым, хто зрабіў (вобразна кажучы) гэты ўніверсітэт, хто падтрымлівае яго імідж на вышэйшым узроўні. Тым, хто прывёў наш універсітэт у эліту сусветных універсітэтаў. Дазвольце мне сёння таксама ўручыць першы ў гісторыі незалежнай Беларусі ордэн (Працоўнай Славы. — Зв.). Ён будзе першым, спадзяюся не апошнім, і ўніверсітэт будзе заўсёды ганарыцца гэтай узнагародай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што з многімі ўзнагароджанымі ён знаёмы. Адным з іх быў лаўрэат ордэну Гонару Армен Сардараў, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, аўтар мемарыяльнага знака «Пачатак дарог Беларусі» на Кастрычніцкай плошчы, архітэктурных праектаў мастоў, пуцеправодаў па ўсёй краіне.

«Мне запомніўся наш архітэктар. Ён мне кажа: „Вы памятаеце, як мы «нулявы кіламетр» усталёўвалі?“ Канечне, памятаю. На яго зараз усе глядзяць, але не ўсе ведаюць, што мы з табою гэту добрую справу зрабілі. Я думаю, сёння ўся Беларусь даведаецца, што бацька гэтага „нулявога кіламетра“ прысутнічае тут, і мы дамовіліся, што гэта не апошняя наша работа. Мы нешта яшчэ павінны добрае зрабіць для нашай краіны, нашай Беларусі», — звярнуўся Прэзідэнт да Армена Сардарава.

Развітваючыся з прысутнымі на сходзе, кіраўнік краіны заўважыў, што на жаль, сёння немагчыма праводзіць мерапрыемствы з удзелам вялікай колькасці людзей, але галоўнае ў святкаванні — душэўнасць і цеплыня.


За ўвесь перыяд гісторыі навучальнай установы падрыхтавалі больш за 220 тысяч інжынерных кадраў па 140 спецыяльнасцях. Тут працуе 91 кафедра.

Зараз у БНТУ вучыцца каля14 тысяч студэнтаў першай ступені дзённай формы навучання, каля сямі тысяч — завочнай формы, у каледжах — яшчэ каля дзесяці тысяч, а таксама каля тысячы чалавек навучаюцца ў магістратуры і ліцэі. Штогод павышаюць кваліфікацыю каля дзесяці тысяч чалавек. Для замежных краін выпусцілі больш за дзевяць тысяч спецыялістаў для 90 краін свету.

Універсітэт штогод удасканальваецца. За апошнія дзесяць гадоў тут змяніліся і актуалізаваліся прыкладна 30 спецыяльнасцяў.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.