Вы тут

Пра што расказала старая паштоўка


Супрацоўнікам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча апошнім часам шанцуе на прыемныя сустрэчы і цікавыя знаходкі. Зусім нядаўна да нас прыязджалі родзічы паэта па лініі яго цёткі Марыі Ягораўны Галаван (Багдановіч). Супадзенне ці не, але ў хуткім часе пасля гэтай сустрэчы прыйшла навіна з Ніжняга Ноўгарада, ад нашчадкаў другой цёткі М. Багдановіча — Магдаліны Ягораўны Гапановіч (Багдановіч).


Дом, у якім жылі цёткі Максіма Багдановіча. Фота з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

На сувязь выйшаў даўні сябра музея Максім Аркадзьевіч Бараховіч, унучаты пляменнік Максіма Багдановіча, захавальнік сямейнага архіва. Многія каштоўныя дакументы і здымкі ўжо перададзены ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, але пошукі працягваюцца. І вось новы, выяўлены Максімам Бараховічам дакумент  — паштоўка зводнага брата пісьменніка Паўла Адамавіча Багдановіча з Яраслаўля да стрыечнай сястры Веры Іванаўны Кунцэвіч, якая жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Датуецца паштоўка 1 чэрвеня 1944 года. Ішла вайна, таму ёсць штамп «Праверана ваеннай цэнзурай». Павел цікавіцца ў сястры жыццём сям’і, паведамляе скупыя звесткі пра сябе, маці і брата Мікалая. Пасля разводу ён жыве разам з маці Аляксандрай Апанасаўнай Багдановіч, працуе выкладчыкам у Яраслаўскім хіміка-механічным тэхнікуме. Па стане здароўя Паўла Адамавіча на фронт не ўзялі, а вось яго малодшы брат Мікалай пайшоў ваяваць — пра гэта таксама згадваецца ў паштоўцы. У фондах музея беларускага паэта захоўваюцца дакументальныя сведкі гэтага — франтавыя здымкі Мікалая Адамавіча і намаляваны алоўкам яго партрэт у  ваеннай форме. Павел піша таксама пра цяжкія ўмовы жыцця сям’і, адсутнасць ацяплення, асвятлення. Выказвае клопаты пра маці, якая знаходзіцца ў сталым веку і вымушана днямі быць у холадзе і голадзе альбо стаяць на рынку, спрабуючы прадаць хатнія рэчы, каб купіць крыху бульбы.

Звяртаем увагу на адрасы, пазначаныя на паштоўцы, і адзін з іх — Яраслаўль, Флоцкі зав., д. 4, кв. 2. Сям’я Багдановічаў засялілася ў гэтую кватэру ў другой палове 1920-х. Тут дажываў свой век Адам Багдановіч, менавіта сюды прыходзілі лісты ад яго пляменніц, Вацлава Ластоўскага, Кацярыны Пешкавай. Сёння частка з іх у фондах музея, як і чарнавыя варыянты лістоў Паўла Адамавіча да К.  Пешкавай, дзе ён распавядае пра апошнія дні жыцця бацькі і яго адыход у вечнасць. Лісты напісаны ў красавіку 1940 года, паштоўка — на чатыры гады пазней, але почырк Паўла не пераблытаць — тонкі, бісерны. Пазней ён поўнасцю страціць зрок, і шматлікія лісты да беларускіх навукоўцаў, даследчыкаў і музейных супрацоўнікаў па яго просьбе будуць пісаць знаёмыя і суседзі.

Адрас Веры Гапановіч — Ніжні Ноўгарад, вул. Заломава, д. 36/3, кв.  4 — таксама добра знаёмы супрацоўнікам музея. Вуліца размяшчаецца ў гістарычнай частцы горада, раней яна насіла назву Пахвалінская. Дом меў падвойны нумар, таму што знаходзіўся на рагу Пахвалінскай вуліцы (д. 36) і Піваварнага завулка (д. 3). Дом не захаваўся — тут пабудаваны жылыя шматпавярховыя дамы і гасцініца «Ніжагародская». На працягу доўгага часу менавіта ў гэтым доме, толькі ў розных кватэрах, жылі сем’і цётак Максіма Багдановіча, тут неаднаразова бываў і ён сам. Пасля заканчэння ў 1916 годзе Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя паэт пакінуў бацькоўскі дом і прыехаў у Мінск, але папярэдне разам са стрыечным братам Пятром Гапановічам разглядаў розныя варыянты месцажыхарства, у тым ліку і Ніжні Ноўгарад.

Паштоўка П. А. Багдановіча да В. І. Кунцэвіч, 01.06.1944. З архіва сям’і М. Бараховіча.

Калі б Максім выбраў не Мінск, а горад на Волзе, няма сумненняў, што жыў бы ён па гэтым адрасе альбо здымаў кватэру дзесьці побач. Бо так было і раней. Адам Багдановіч і яго сёстры пасля пераезду ў Ніжні Ноўгарад нават геаграфічна імкнуліся быць бліжэй адно да аднаго. Яны выбіралі кватэры ў  адным раёне, а  сем’і сясцёр доўгі час жылі ў адным доме па вуліцы Пахвалінскай: Гапановічы — на другім паверсе, Галаваны — на першым. Нашчадкі цёткі Марыі перабраліся ў Маскву, а дзеці цёткі Магдаліны засталіся ў Ніжнім Ноўгарадзе — Пеця, Наталія, старэйшая Вера з дочкамі. Яны беражліва захоўвалі сямейны архіў  — фотаздымкі, лісты, прадметы побыту. Менавіта Вера, а потым яе дачка Наталля захоўвалі рукапісны сшытак перакладаў М. Багдановіча «Зеленя» і яго фатаграфіі. Цяпер гэта каштоўныя музейныя прадметы. Сёння важную справу па захаванні сямейнага архіва і папаўненні фондаў музея працягвае ўнук Веры  — Максім Бараховіч.

Паштоўка — толькі першая ластаўка з восеньскіх знаходак Максіма Аркадзьевіча. Якія яшчэ незвычайныя рэчы знойдзены ім у сямейным архіве, распавядзём у найбліжэйшы час. Спадзяёмся, што сяброўства з нашчадкамі Максіма Багдановіча працягнецца далей. Новыя пакаленні яго родзічаў гэтак жа ўважліва будуць ставіцца да спадчыны паэта, дапамагаць у папаўненні фондаў каштоўнымі матэрыяламі.

Ірына МЫШКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.