Вы тут

Музыка цуду ўзнікнення


Беларуская паэтка і эсэістка Таня Скарынкіна некалькі тыдняў таму атрымала расійскую літаратурную прэмію Андрэя Белага за кнігу «И все побросали ножи». Раней яе тэксты з’яўляліся ў часопісах «Воздух», «Сибирские огни», «Маладосць», «Крещатик», сеткавых выданнях «Полутона», TextOnly, «Двоеточие», «Лиterraтура» і многіх іншых. У 2016 годзе яе зборнік эсэ трапіў у шорт-ліст прэміі Гедройца, у 2017-м аўтарка стала фіналісткай расійскай Грыгор’еўскай паэтычнай прэміі. Пра эмоцыі ад прэміі Белага і тое, як ствараюцца вершы, Таня Скарынкіна распавяла карэспандэнту «ЛіМа».


Фота з асабістай старонкі ў facebook.

— Памятаеце свой першы тэкст? Калі і чаму ён з’явіўся?

— Я напісала яго 8 сакавіка для мамы. Гэта быў 3 ці 4 клас. Той верш памятаю да сёння.

— А калі вы сталі ўспрымаць сябе як сур’ёзнага аўтара? Чаму пачалі пісаць?

— Гадоў у 18. Ранейшыя дзіцячыя вершы былі пра выдуманы свет, героямі чамусьці заўсёды былі жывёлы. Калі пішаш, можна выдумаць новы свет, якога да цябе не было. Такі цуд узнікнення да гэтага часу мяне здзіўляе.

У нашым двары была бабуля, ветэран вайны. Яна збірала нас і давала заданні: мы вялі чытацкія дзённікі, пісалі вершы. Нас было 6—7 дзяўчынак, але ніхто не працягнуў, акрамя мяне.

Пасля ў юнацтве я трапіла пад уплыў Лоркі. Мяне зачапіла яго свабода, яркія іспанскія вобразы. Пачытаўшы, усю ноч пісала, а раніцой вырашыла, што я паэт і вучыцца мне ні ў якім інстытуце не трэба, таму што паэтаў нідзе не вучаць.

— Якія яшчэ аўтары на вас так моцна паўплывалі?

— І дагэтуль я пад уплывам Чэслава Мілаша. Ёсць аўтары, якіх прачытаў і праз нейкі час забыўся, а ёсць тыя, хто суправаджае пастаянна. У 2002 годзе прывезла з Польшчы яго зборнік «Другая прастора» і нават пераклала частку вершаў. У раёнцы надрукавалі пераклады, і  я падала іх на журналісцкі конкурс імя Гедройца — не пісьменніцкі, а іншы, які разглядаў менавіта журналісцкія публікацыі з раёнак. Атрымала дадатковую намінацыю, мяне запрасілі ў амбасаду і нават далі 50 еўра. Гэта, напэўна, быў самы дзіўны выпадак заробку на літаратурнай справе.

— З чаго пачынаюцца вашы вершы: з першага ці апошняга радка? Ці заўважаеце вы якія-небудзь асаблівасці ў гэтым працэсе?

— Часцей за ўсё я спачатку чую рытм. І адбываецца гэта звычайна падчас засынання або прачынання. Свядомасць мутная, у галаве невядома што, нейкія ўрыўкі. І прыходзіць нейкая фраза, я хапаюся за яе, выцягваю. Звычайна гэта першы радок, верш дапісваецца да яго нібы сам па сабе. Для мяне галоўнае — захаваць гэтае гучанне, словамі як нотамі. І пішу за адзін раз, апошнім часам нічога не выпраўляю.

— Ці заўважылі нейкія змены ў тэкстах, калі перасталі рэдагаваць?

— Можа, яны і ёсць, але не звяртаю на іх ўвагі. Мне проста няма калі, ды і ўсё роўна. Цяпер я пішу няшмат, няма падстаў для натхнення. Калі атрымліваецца, то апісанне нейкіх простых сітуацый, размоў, каб трохі адцягнуць увагу ад цёмных думак.

— У вас ёсць публікацыі ў многіх расійскіх літаратурных выданнях і цяпер — прэмія Андрэя Белага. Вас можна лічыць аўтарам, упісаным у рускі літпрацэс. Ці заўважаеце істотныя адрозненні ў рускім і беларускім літаратурных працэсах? Які вам бліжэй?

— Не ведаю, куды я ўпісана. Я выступала і ў Мінску, і ў Піцеры, і ў Маскве, і ў Рызе, у Цюмені і Кіеве. Усюды блізкія людзі, сябры. Мне здаецца, што калі прыходзяць чытаць і слухаць вершы, заўсёды збіраюцца свае, усе адно аднаму рады, усе гавораць па-руску. У Мінску — і па-беларуску. І не бачу і не адчуваю ніякіх адрозненняў. Паэт піша не для таго, каб быць кудысьці ўпісаным.

А наконт прэміі Белага, я дагэтуль не магу паверыць. Займаешся нейкімі звычайнымі справамі, ідзеш у краму, гатуеш ежу, і раптам успамінаеш: а ў мяне прэмія Андрэя Белага.

— Ці ёсць у Беларусі прэміі або часопісы, у якіх вы былі б гэтак жа рады перамагчы або надрукавацца?

— Усе мараць пра прэмію Гедройца. Я таксама. Ніколі не друкавалася ў «Нёмане». Рэцэнзія на мой зборнік друкавалася, а тэксты — не, хаця было б лагічна. Істотней за друкаваныя выданні, прэміі і ўсё астатняе калі атрымліваецца верш, за які не сорамна перад сабой.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.