Вы тут

​Навошта лён у вашым меню?


Ці ведаеце вы, што льняное семя дыетолагі называюць першай у свеце біядабаўкай? Людзі ўжываюць у ежу яго ўжо на працягу 6000 гадоў. Як паказвае хімічны аналіз, насенне лёну — самая багатая на сёння крыніца раслінных амега-3 тлустых кіслот.


Таксама лён змяшчае багата рэчыва лігнін, якое дапамагае прадухіліць развіццё ракавых клетак. Наступны па колькасці лігніну сярод расліннай ежы — кунжут, але ў ім лігніну ўтрымліваецца ў 7 разоў менш.

У дыетычных мэтах з-за высокай адчувальнасці да акіслення рэкамендуецца семя льну выкарыстоўваць свежазмолатым або драблёным. Гэта ж тычыцца і льнянога алею: яго спажываюць выключна ў халодных стравах — ён змяшчае вялікую колькасць поліненасычаных, хімічна актыўных тлустых кіслот, якія раскладаюцца пры тэмпературах вышэй за 100°C, пры гэтым могуць утварацца шкодныя для здароўя канцэрагены.

Ільняны алей для нас з'яўляецца мясцовым прадуктам, ён экалагічна чысты, бо не транспартуецца на вялікія адлегласці, і таму без дадаткаў-кансервантаў. Свежы льняны алей мае крыху рэзкі пах, смак злёгку арэхавы, могуць узгадвацца нібы рыбныя ноткі. Традыцыйна нашы продкі алей выкарыстоўвалі для запраўкі гатовай ежы: кашы і бульбы, малочных страў з тварагом, свежых салатаў з зеляніны і гародніны.

  • Памятаем, што льняны алей не пасуе для тушэння і смажання.

У трох сталовых лыжках ільнянога алею ўтрымліваюцца:

  • Амега-3 — 6,338 мг
  • Клятчатка — 8 г
  • Бялок — 6 г
  • Вітамін В1 — 31% РСН (рэкамендаванай сутачнай нормы)
  • Марганец — 35% РСН
  • Магній — 30% РСН
  • Фосфар — 19% РСН
  • Селен — 10% РСН

Акрамя таго, насенне лёну ўтрымлівае вялікую колькасць вітаміна В6, жалеза, калію, медзі і цынку. Цяпер вам зразумела, чаму гэта адзін з самых карысных і пажыўных прадуктаў на планеце?

ТОП-7 КАРЫСНЫХ ЯКАСЦЕЙ

1. Здаровая скура і валасы. Калі вы хочаце палепшыць стан вашых скуры і пазногцяў, рэкамендуем дадаваць не менш чым 3 разы на тыдзень 2 сталовыя лыжкі перамолатага насення лёну ў ранішнюю кашу або 1 сталовую лыжку льнянога алею ў абедзенную салату. Амега-3 тлустыя кіслоты вельмі дабратворна ўплываюць на тургор скуры. А вітаміны, якія ўваходзяць у склад лёну, памяншаюць сухасць і лушчэнне. Карысныя рэчывы таксама мінімізуюць сімптомы акнэ, розацэі, экзэмы, нават памяншаюць сіндром «сухога вока».

У льняным алеі карысных тлушчаў змяшчаецца больш, чым у насенні. Вы можаце наносіць яго на скуру перад сном для надання мяккасці і ззяння (лішкі здымаць салфеткай).

2. Карэкцыя вагі. Навукова даказана, што ўжыванне насення лёну дапамагае прадухіліць залішні набор вагі і спрыяе пахудзенню. Найперш таму, што паскараюцца абменныя працэсы, а карысныя тлушчы даюць адчуванне сытасці на вельмі працяглы час. Вы ў цэлым будзеце з’ядаць менш ежы.

Апроч усяго, ільняны алей выдатна здымае запаленні — гэта спрыяе ўзмацненню кровазвароту і, адпаведна, паскарэнню рэгенерацыі. Так што, калі сабраліся худзець, абавязкова ўключыце ў меню льняны алей.

3. Зніжэнне халестэрыну. Дадаўшы лён у рацыён, можна натуральным шляхам знізіць узровень халестэрыну ў арганізме. Клятчатка, якую ўтрымлівае ў вялікай колькасці лён, з'яўляецца «пасткай» для дрэннага тлушчу. Яна таксама выводзіць жоўць з арганізма, выкарыстоўваючы для гэтага лішак халестэрыну, такім чынам паніжаючы яго ўзровень.

4. Мінус глютэн. Глютэн сёння выклікае занепакоенасць у медыкаў, бо садзейнічае запаленчым працэсам. А ў некаторых людзей існуе непераноснасць глютэна. Семя лёну — гэта выдатны спосаб зменшыць шкоду ад глютэна дзякуючы высокім супрацьзапаленчым уласцівасцям прадукта. А льняны алей — натуральны спосаб зняць запаленне ў хворых на цэліакію (непераноснасць клейкавіны). Акрамя таго, дзякуючы вялікай колькасці амега-3 тлустых кіслот ільняны алей становіцца выдатнай альтэрнатывай спажыванню рыбы для тых людзей, у якіх на яе алергія.

5. Насычэнне антыаксідантамі. Сярод іншых вартых увагі фактаў пра лён, які з'яўляецца сапраўды скарбніцай карысных элементаў, можна назваць высокае ўтрыманне антыаксідантаў, найперш лігнінаў. Гэта ўнікальныя валокны, якія рэгулююць гарманальны баланс і змагаюцца са свабоднымі радыкаламі, што выклікаюць старэнне. Лігніны таксама спрыяюць росту колькасці прабіётыкаў у кішэчніку і перашкаджаюць працэсу закісання ў страўніку. Акрамя таго, яны вядомыя сваімі супрацьвіруснымі і антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі, таму, уключыўшы восенню льняны алей у свой рацыён, вы засцерагаеце сябе ад сезонных прастуд.

6. Паляпшэнне стрававання. Адна з самых каштоўных уласцівасцей насення лёну — паляпшэнне стрававання дзякуючы высокаму ўтрыманню расліннай слізі. Гэта, па сутнасці сваёй, гель, які, раствараючыся ў страўніку, аказвае пазітыўны ўплыў на яго працу. Дзве сталовыя лыжкі перамолатага насення ўтрымліваюць каля 5 г клятчаткі, а гэта ¼ дзённай нормы. Валокны з’яўляюцца своеасаблівым дэтоксам для кішэчніка, а слізь абараняе страўнікава-кішэчны тракт ад запаленняў. Таксама насенне лёну мае велізарную карысць для тых, хто пакутуе на запоры, дзякуючы клятчатцы, што дапамагае пазбавіцца ад гэтай праблемы.

7. Прафілактыка жаночых хвароб. Ільняное насенне таксама зніжае рызыку рака грудзей. Справа ў тым, што гарманальны дысбаланс — адна з прычын развіцця анкалогіі ў жанчын. Вышэй названыя рэчывы, лігніны, рэгулююць узровень гармонаў, тым самым процідзейнічаюць развіццю рака малочнай залозы. А яшчэ лігніны дапамагаюць палегчыць непрыемныя сімптомы клімаксу: пачашчанае сэрцабіццё, прылівы і галаўныя болі. Усё таму, што гэтыя злучэнні па сваім дзеянні падобныя да жаночых гармонаў. Вядома, налягаць на льняное семя карысна і для жанчын, якія сутыкнуліся з праблемай нерэгулярнага менструальнага цыклу.

Як правільна ўжываць лён у ежу?

Дактары рэкамендуюць ужываць насенне лёну на сняданак — такая загартоўка арганізма з самай раніцы забяспечвае надзейнае супрацьстаянне бактэрыям, што асабліва важна ў асенне-зімовы перыяд. Ужываць можна здрабнёным — з творагам ці ёгуртам, або дадаючы ў кашу, мюслі, геркулесавыя ці кукурузныя шматкі з малаком. Можна выпіваць на сняданак ці падвячорак з кефірам ці сыраваткай.

Комплекснае ачышчэнне арганізма можна правесці, некалькі дзён запар папіўшы нашча адвар з насення лёну, які па тэкстуры нагадвае кісель. Адвар рыхтуецца так: 1 ст. л. насення лёну заліваецца 0,5 л кіпеня, на сярэднім агні вытрымліваецца ля паўгадзіны і затым 10-15 хвілін таміцца пад цёплай коўдрай. Ужываць варта не больш за 250 мл за дзень.

Пажадана таксама дадаваць семя лёну ў перамолатым выглядзе ў хатнюю выпечку: пры тэрмаапрацоўцы карысныя ўласцівасці яго не губляюцца

  • Ці абавязкова льняное насенне перамолваць? Так, абавязкова. Наш страўнік не ў стане яго пераварыць цэлым, і калі з’есці як яно ёсць, то ніякай карысці не атрымаеце. У апошні час у аддзелах здаровага харчавання з'явілася ільняная каша, да якой раім вам прыгледзецца.

Захоўванне. Ільняны алей вельмі адчувальны да святла. Поліненасычаныя тлустыя кіслоты акісляюцца на працягу кароткага часу, і алей набывае горкі (прагорклы) смак. Прычынамі з'яўляюцца кісларод з паветра, святло і вільготнасць. Таму ільняны алей трэба захоўваць у прахалодным і цёмным месцы (напрыклад, у халадзільніку пры 4°C). Мэтазгодна купляць ільняны алей у невялікіх бутэльках і выкарыстоўваць яго на працягу 3-4 тыдняў.

  • Нечаканая парада: калі у вас раптам аказалася льнянога алея больш, чым вы можаце спажыць у бліжэйшы час, — яго можна замарозіць! Пры замарозцы алей не павялічваецца ў аб'ёме і шкло бутэлькі не лопне. Калі захоўваць ільняны алей у цвёрдым стане, то яго якасці не губляюцца і тэрмін яго старэння запавольваецца.

Марыя МАРОЗ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.