Вы тут

Да трох працэнтаў усёй прадукцыі — падробка


А шкода сусветнай эканоміцы ад такога кантрафакту за мінулы год перавысіла 500 млрд долараў.

Пра гэта паведаміў на VІІІ Міжнародным форуме «Антыкантрафакт-2020» (які праводзіцца сёлета ў гібрыдным — вочным і віртуальным — фармаце) старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях краіны Аляксандр Шумілін.


Па яго словах, рынак незаконнай прадукцыі імкліва расце. Шкода ад кантрафакту ў сусветнай эканоміцы — да 3 % ВУП. Старшыня Дзяржкамітэта звярнуў увагу, што пытанні кантрафакту і антыкантрафакту актуальныя для ўсяго свету. Калі гэтаму злу не процідзейнічаць, то, паводле ацэнак экспертаў, толькі ў ІT-сферы, якая хутка развіваецца, да 2022 года шкода можа перавысіць 850 млрд долараў.

Гэта вялікія лічбы, менавіта таму пытанні процідзеяння падробленай прадукцыі важныя для ўсіх дзяржаў. Нягледзячы на тое што сітуацыя ў Беларусі складваецца дастаткова спрыяльная, гэтая праблема агульная.

«Як спажыўцы, мы хацелі б купляць прадукцыю, у якой упэўненыя на 100 %, — падкрэсліў Аляксандр Шумілін. — Напрыклад, купіць хтосьці кантрафактныя лекі — яны не толькі не будуць лячыць, але і нашкодзяць».

Ён адзначыў, што сярод традыцыйных сфер, дзе квітнеюць падробкі, — алкагольная прадукцыя (у некаторых краінах — да 40 % рынку), тытунёвыя вырабы (15 %), адзенне і бытавая тэхніка. «Як ні парадаксальна, да 30 % дзіцячых цацак на сусветным рынку — гэта кантрафакт. Дзеці — наша будучыня, і тое, з чым яны гуляюць, важна для нас. Таму экспертам неабходна разглядаць падобныя пытанні і выпрацоўваць механізм процідзеяння незаконнаму абароту», — адзначыў спадар Шумілін. Паводле яго слоў, у Беларусі прадаецца кантрафактная прадукцыя, але яе няшмат. Затое за мяжой нярэдка падрабляюць якасныя прадукты харчавання беларускіх вытворцаў. «Мы з гэтай з'явай змагаемся. А пра сябе адзначаем: раз іх падрабляюць на іншых рынках, то гэта пацвярджае іх якаснасць і запатрабаванасць».

Старшыня камітэта расказаў, што за апошні час адзначаны сур'ёзныя зрухі ў абароне інтэлектуальнай уласнасці, у прыватнасці ўсё часцей выкарыстоўваецца ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне. Што датычыцца фальшывай алкагольнай прадукцыі, то тут беларусам таксама няма патрэбы хвалявацца: рынак надзейна абаронены ад падробак.

У нашай краіне дзейнічае каля 10 законаў, якія рэгламентуюць агульныя пытанні інтэлектуальнай уласнасці. З 24 міжнародных дагавораў наша краіна падпісала 17. У найбліжэйшы час будзе падпісаны 18-ы — дагавор аб прамысловых узорах. Акрамя таго, у Беларусі пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці і Еўразійскай патэнтнай камісіі распрацоўваецца канцэпцыя развіцця інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: gazeta.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.