Вы тут

Наталля Качанава ўзяла ўдзел у сесіі Маладзёжнага савета


Спікер верхняй палаты Парламента Наталля Качанава ўзяла ўдзел у сесіі Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, на якой былі падведзены вынікі яго работы ў другім паўгоддзі.


Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла каштоўнасць ініцыятыў, якія прагучалі на сесіі, назвала іх сапраўды карыснымі для краіны і грамадства. У прыватнасці, гэта платформа «Рух наперад», арганізацыя правядзення грамадскіх прыёмных, якія дзейнічаюць на пастаяннай аснове. Яна асабліва падкрэсліла значнасць абмеркавання ў маладзёжным асяроддзі прапаноў да Усебеларускага народнага сходу і маючай адбыцца канстытуцыйнай рэформы — сёння Маладзёжны парламент выступае пляцоўкай для камунікацыі розных прадстаўнікоў моладзі.

Наталля Качанава з цікавасцю ўспрыняла шэраг прапаноў выступоўцаў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У прыватнасці, у яе выклікала пытанне ідэя стварэння дзяржаўнага агенцтва па рабоце з моладдзю, якія, па словах маладых парламентарыяў, добра сябе зарэкамендавалі ў Расіі і Узбекістане. Узнікла дыскусія. Спікер верхняй палаты парламента параіла больш мэтанакіравана і эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці БРСМ.

Старшыня Савета Рэспублікі ў час выступлення на сесіі адзначыла, што ёй прыемна працаваць з Маладзёжным парламентам і за паўгода існавання яго ўжо ведаюць у краіне. Яна пажадала маладым парламентарыям больш актыўна ўдзельнічаць у рэгіянальных справах, не праходзіць міма негатыўных момантаў на месцах, разам з раённымі выканкамамі спрыяць іх вырашэнню. А ў дачыненні пытанняў, якія турбуюць людзей і не вырашаюцца на мясцовым узроўні, рэкамендавала паведамляць у Савет Рэспублікі, там дапамогуць.

Наталля Качанава таксама параіла часцей сустракацца з юнакамі і дзяўчатамі ў навучальных установах і разглядаць кожную такую сустрэчу як дыялогавую пляцоўку, адказваць на вострыя пытанні тых маладых людзей, якія маюць іншае меркаванне. Бо работа з людзьмі — галоўнае ў дзейнасці любога парламентарыя, у тым ліку і прадстаўніка Маладзёжнага парламента, гэта краевугольны камень, падмурак іх працы, звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі.

Думаецца, цёплыя словы Наталлі Качанавай у адрас Маладзёжнага парламента цалкам заслужаныя. Вынікі яго дзейнасці ў другім паўгоддзі гавораць самі за сябе. Пры гэтым варта адзначыць удзел маладых парламентарыяў у барацьбе з распаўсюджваннем COVІD-19. Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, спорце і турызме Маладзёжнага парламента Уладзіслаў Воўчак расказаў журналістам, як студэнты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта змагаюцца з пандэміяй у рэгіёне. Яны распрацавалі рэкамендацыі для правядзення масавых мерапрыемстваў. У абласным цэнтры адкрыты валанцёрскі штаб па барацьбе з COVІD-19. Студэнты імкнуцца актыўна дапамагаць медыкам супрацьстаяць каранавіруснай навале.

Так, моладзь неабыякавая да ўсяго. На сесіі Маладзёжнага парламента зацвердзілі план яго работы на 2021 год, унеслі прапановы па ўкараненні грантаў у дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў, акрэслілі абагульненыя ініцыятывы па выніках праекта «Беларусь будучыні» ад моладзі з рэгіёнаў.

Як паведаміў старшыня Маладзёжнага парламента Ягор Макарэвіч, ён і яго аднадумцы прапануюць у наступным годзе заняцца больш актыўнай папулярызацыяй дзяржаўнай сімволікі сярод моладзі. У прыватнасці, выкарыстоўваць такі просты спосаб: дзяржаўны сцяг дарыць кожнаму выпускніку ўстановы адукацыі.

Маладыя парламентарыі паклапаціліся і аб тэматычнай назве наступнага года. Прапаноў на сесіі прагучала шмат. Так, у мэтах захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў прапаноўвалася аб'явіць 2021 год Годам сям'і ці, з улікам спробы некаторых заходніх аналітыкаў і даследчыкаў перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны, назваць 2021 год Годам захавання гістарычнай памяці.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Карысныя ініцыятывы, дзелавы настрой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.