Вы тут

Не зусім падарунак


У доўгія выхадныя на адным з сайтаў трапілася на вочы гісторыя, якая не дае спакою вось ужо колькі дзён. Аўтары прэзентавалі яе як аповед пра няўдачную сямейную вячэру і рэкамендавалі дарослым быць уважлівымі з падлеткамі, улічваць іх інфармаванасць, інтарэсы, светапогляд і ўсё такое. У мяне ж узніклі іншыя думкі і асацыяцыі.


Справа ў тым, што дзядуля запрасіў у госці сына з сям'ёй. Можа, на свята, а можа, і так. Галоўнае, што ён падрыхтаваў для ўнучкі не зусім звычайны падарунак — сямейную рэліквію. Гэта быў адмысловы рэцэпт джэму, які жонка гаспадара атрымала ў спадчыну ад сваёй маці, а тая — ад сваёй бабулі. Такім чынам, гэтым рэцэптам жанчыны роду карысталіся стагоддзе, а то і больш. Варта сказаць, што пажылы чалавек пражыў з жонкай шмат гадоў у шчаслівым шлюбе, некалькі гадоў таму аўдавеў, вельмі беражліва і трапятліва захоўваў усё, што звязана з ёй, ганарыўся сямейнымі рэліквіямі. І, вядома, сакрэты прыгатавання на першы погляд простага прадукту ўдасканальваліся пакаленнямі гаспадынь, таму і атрымліваўся ён смачны. Пра сямейны рэцэпт часта гаварылі, успаміналі продкаў, у чым праяўлялася пэўная сувязь пакаленняў. У многіх жа сем'ях кулінарныя кнігі перадаюць у спадчыну. Словам, ён доўга рыхтаваўся да сустрэчы, спадзяваўся. што ўнучка ацэніць бабулін скарб...

Але 15-гадовая акселератка нечакана для ўсіх заявіла, што ёй непатрэбныя векавыя пісулькі, таму што цяпер у любым супермаркеце можна набыць джэм, папярэдне вывучыўшы яго склад і каларыйнасць. А потым дадала, што паездка наогул бессэнсоўная, і што яна хоча вярнуцца дадому.

Пажылы чалавек не знайшоў, што сказаць. Ён горка расплакаўся проста за сталом. Можна нават дапусціць, што такая вось «цёплая» сямейная сустрэча істотна скараціла жыццё пенсіянера.

Далей аўтар паста асцярожна апраўдвае тую паненку. Маўляў, сёння дзеці асвойваюць камп'ютар у дашкольным узросце, колькасць даступнай інфармацыі ў разы перавышае досвед чалавека. А замест таго каб ганарыцца сямейнай рэліквіяй, унукі разглядаюць падобнае як перажытак мінулага і глядзяць на сваіх продкаў як на апошніх кансерватараў. І гэта сур'ёзны выклік нашага часу, з якім трэба лічыцца. Абмеркавала сітуацыю з калегамі, некаторыя таксама шукаюць апраўданні ўнучцы ў гэтай гісторыі: маладое пакаленне цяпер іншае, яны прывыклі гаварыць, што думаюць.

Пра што вы, людзі? Гаварыць праўду, даносіць сваю пазіцыю, аргументаваць, адстойваць яе — гэта зусім іншае. Але хіба такт, культуру, дабрыню і павагу ў нашым грамадстве нехта адмяняў? Вядома, гэтай дзяўчаці-падлетку прапрабабулін рэцэпт джэму сто гадоў не патрэбны. Яна, хутчэй за ўсё, паняцця ніякага не мае, як зварыць варэнне ці наогул любую іншую страву, як памыць уласную бялізну, а то і прышыць гузік. А можа, і зусім, пачуўшы загадзя пра падарунак, адразу ўявіла пэўную суму гатоўкай. Але ў 15 гадоў яна павінна мець элементарныя навыкі ўзаемадзеяння з пажылым, тым больш родным, чалавекам. Ну, магла б сказаць, напрыклад: «Ой, мне не вельмі пакуль патрэбна, аддайце маме», альбо: «Перадам маме», калі той не было побач. Але дзяўчына адразу прадэманстравала грубасць, калі хочаце, нявыхаванасць.

Апісаная гісторыя адбылася, калі не памыляюся, у польскай вёсцы. Але яна магла б здарыцца дзе заўгодна. Усё гэта зразумела, што маладыя цяпер дасведчаныя, прасунутыя. Але ж інфармацыйныя рэсурсы, аказваецца, не могуць навучыць іх звычайным рэчам, напрыклад, як не крыўдзіць чалавека на пустым месцы, як праяўляць элементарную спагаду. І гэта наш з вамі абавязак, бацькоў, дзядоў з бабулямі. Гэта не проста — убіць у галаву юнаму чалавеку ўсведамленне, што словам можна параніць не менш, чым дурным учынкам. Але ж гэта трэба рабіць.

Калі кожны з нас задумаецца, прааналізуе, а затым прызнаецца хоць бы сабе, колькі разоў за апошні тыдзень, месяц, нават за доўгія выхадныя пакрыўдзіў іншага, думаю, зробіць нечаканыя адкрыцці. І галоўнае, якія высновы зробіць потым, пасля гэтых адкрыццяў. Не ведаю, якую гутарку правялі бацькі з той 15-гадовай няўдзячнай госцяй свайго дзядулі і ці правялі наогул, але ж думаю, што гэтае здарэнне — нагода кожнаму пагаварыць са сваімі дзецьмі. Бо часам для спакою, ладу ў сям'і, трэба няшмат. Трэба толькі жадаць слухаць і чуць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: kopilka-kulinara.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.