Вы тут

Такія розныя жанчыны, або Выбар ёсць заўсёды


Гэтыя нататкі спачатку хацела назваць нешта накшталт «Радкі ненапісанага артыкула». Але ж пра гераіню радкоў — у канцы. Цяпер хачу сказаць і пра іншых жанчын, якіх, хоць і з пэўнай нацяжкай, можна аб’яднаць у адну тэму.


Фота: pixabay.com

Асобныя рысы гэтага тыпу кабет некалі Андрэй Макаёнак увасобіў у камедыі «Лявоніха на арбіце». Яго гераіня, хоць і не наша сучасніца, але ж даволі эмансіпіраваная калгасніца, якая не захацела мірыцца з роляй хатняй гаспадыні, галоўным чынам, хатняй работніцы, і абазначыла для сябе «арбіту» незалежнасці, самадастатковасці, самарэалізацыі. Духоўныя паслядоўніцы той Лявоніхі ў пазнейшы час даволі актыўна рабілі кар’еру, дасягалі вышынь у навуках, мастацтвах, вытворчасці. І ў савецкі час, і ў постсавецкі перыяд з падачы медыя ўзорам для дзяўчынак станавіліся жанчыны, якія паспяхова спалучалі мацярынства з вытворчай і грамадскай дзейнасцю. І тыя, каму ўдавалася гэта зрабіць, мусіць, сапраўды станавіліся шчаслівымі.

Не так даўно мне давялося пісаць пра такую. Шмат гадоў на кіруючай пасадзе, грамадскіх нагрузак — цэлы воз. А яна, маці пяці сыноў, не скардзіцца, усё паспявае, заўсёды з прычоскай-манікюрам. Пры гэтым хлопцы — спрэс выдатнікі, спортам-музыкай займаюцца. Шчыра кажучы, для мяне загадка — такая працавітасць, такое ўменне арганізоўваць і размяркоўваць час, каб усё паспяваць. Такая жанчына, несумненна, заслугоўвае захаплення і пажадання ўсялякіх поспехаў. Але такіх, мусіць, не надта многа сярод нас. Часцей жанчыне даводзіцца рабіць выбар паміж кар’ерай і сям’ёй, асабліва калі сям’я вялікая.

Вясной мінулага года ў Івацэвіцкім раёне пачула гісторыю адной калгасніцы. Перадавога брыгадзіра паляводчай брыгады за ўдарную працу вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Пасля выбараў жыццё 24-гадовай маладой маці карэнным чынам змянілася. Яна ездзіла на сесіі ў Маскву, вечна засядала ў прэзідыумах, удзельнічала ў мерапрыемствах рознага кшталту ў сваёй краіне. Ёй прапаноўвалі вучыцца — завочна атрымліваць адукацыю — і прарочылі светлую будучыню, што было цалкам верагодным. Шчаслівы білет, як выглядала, Антаніна ўжо выцягнула. Але, на ўсеагульнае здзіўленне, маладая жанчына раптам рэзка спыняе ўсялякую грамадскую работу і цалкам прысвячае сябе сям’і. Як пазней яна раскажа сваёй унучцы, з цяжкасцю перажывала расставанні са сваім першынцам-немаўляткам. Яго даводзілася пакідаць на сваякоў. А па меры таго як яе грамадская дзейнасць набірала абароты, пакідаць даводзілася ўсё часцей і на даўжэйшыя прамежкі часу. Гэта і стала апошняй кропляй... Потым Антаніна нарадзіла яшчэ траіх дзяцей. Да пенсіі працавала ў калгасе, а на заслужаным адпачынку дапамагала гадаваць унукаў.

Антаніны даўно няма. А яе ўнучка Святлана гаварыла мне, што раней, у дзявоцтве, са шкадаваннем ацэньвала нерэалізаваныя магчымасці бабулі. Зразумела яе, калі сама стала шматдзетнай маці. Ганарыцца ж яе рашэннем стала, калі аднойчы па тэлевізары ўбачыла інтэрв’ю Ноны Мардзюковай, дзе актрыса ў роспачы даводзіла, што з-за сваіх раз’ездаў, шматлікіх кінароляў упусціла сына, не заўважыла момант, калі ён пакаштаваў наркатычнай атруты. Не аказалася мамы побач у цяжкі для падлетка перыяд.

Хоць, здавалася б, у таго хлопца было ўсяго ў параўнанні з равеснікамі... Дарэчы, не так даўно адзін знаёмы, 60-гадовы чалавек, расказаў, як ён пакутаваў, пакуль яго маці раз’язджала па форумах і сімпозіумах, да якіх абавязвала пасада. Хто б мог падумаць? Знешне іх сям’я выглядала ўладкавана-шчаслівай. А яму, аказваецца, бракавала мамінай увагі.

Вось і тая мая гераіня, дзве гадзіны запісу размовы з якой захоўваецца на дыктафоне, спачатку дала згоду напісаць пра яе, а ў апошні момант перадумала. Вельмі цікавая яе гісторыя, у многім паказальная. Колькі сябе памятае, заўсёды была занятая на рабоце, уключаючы выхадныя. Кіраўнічая пасада абавязвала. Двое дзяцей раслі без асаблівых праблем: паспяхова вучыліся ў школе, атрымалі адукацыю. Кажа, што лічыла гэта самым лепшым выхаваннем: дзеці бачаць, як яны з мужам многа і сумленна працуюць, і вучацца ў іх менавіта працавітасці... Цяпер яна адна. Дзеці жывуць у далёкім замежжы. Ад іх яна атрымлівае добра калі адзін званок на месяц. Кажа, што зараз зразумела, колькі ім недадала ўвагі, калі знаходзілася ў камандзіроўках па тыдні ці нават больш, а яны самі арганізоўвалі сваё жыццё, бацька ж таксама шмат працаваў. «Мяне заўсёды акружала мноства людзей. Здавалася, гэтыя адносіны шчырыя. А калі пакінула работу, усё адвалілася нібы шалупінне. Засталася пустэча». Я паказала ёй цытату са свайго даўняга матэрыялу пра 90-гадовую калгасную ўдарніцу. Тая гаварыла: «...Але ж я любіла, калі поўныя залы, калі ўсе святочна апранутыя, мне граматы даюць, а потым і ордэн. Маладыя сілы былі, стомы не адчувалася...»

— Во, і я так, — падхоплівае мая гераіня. — А што з тых грамат зараз, хіба печ на лецішчы падпаліць?

Цяпер яна амаль ні з кім не сустракаецца, шмат чытае і вырошчвае кветкі на маленькім лапіку зямлі каля свайго пад’езда. І лічыць, што ў жыцці трэба рабіць правільны выбар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.