Вы тут

Гюнэш Абасава: Мне здаецца, што мы муж і жонка не сем гадоў, а нашмат болей


У рабочым графіку беларускай спявачкі Гюнэш, нягледзячы на няпростую сітуацыю з пандэміяй, вольных гадзін усё роўна не хапае — яна працуе ў студыі гуказапісу, піша музыку, робіць прадакшн, рыхтуе маладых артыстаў да конкурсаў, выступае ў якасці члена журы... Аднак усё гэта не можа задавальняць артыстку, калі побач няма галоўнага — падтрымкі, апоры — яе сям'і. Пра гэта мы пагаварылі са спявачкай, сустрэўшыся з ёю пасля канцэрта ва ўтульнай кавярні недалёка ад яе роднага Маладзёжнага тэатра эстрады…


— Як так адбылося, што вы, генетычная азербайджанка, нарадзіліся і жывяце ў Беларусі?

— Мой бацька нарадзіўся ў Азербайджане, а калі надышоў час ісці ў армію, яго накіравалі ў Ленінград. Аднойчы, на выхадныя, ён прыехаў у госці да свайго старэйшага брата, які жыў на той момант у Баранавічах, яму вельмі спадабаўся гэты горад. Пасля ён вярнуўся ў Азербайджан, там сустрэў маю маму, яны пабраліся шлюбам, і бацька прывёз яе сюды, у Беларусь. Ужо больш за 40 гадоў яны жывуць у гэтым горадзе і жыцця не ўяўляюць у іншым месцы.

Калі намаляваць маё дзяцінства, то колер аранжавы. Калі сказаць, што ў дзяцінстве я была вельмі ціхім дзіцем у адрозненне ад майго брата, зараз ніхто не паверыў бы. Звычайна бацькі атрымлівалі лісты падзякі за добрае выхаванне і старанную вучобу дачкі ды чарговую заўвагу за дрэнныя паводзіны сына. Аднак усё змянілася: брат стаў цішэйшы, а я — наадварот. Я наведвала розныя гурткі, вязала шыдэлкам — да гэтага часу матуля захоўвае мае работы, у доме былі і хамячкі, і вожыкі, і папугайчыкі. Займалася фехтаваннем — ледзь не забралі ў вялікі спорт. Аднак музыка перамагла, цяпер займаюся толькі ёй (смяецца).

— Цікавая гісторыя сустрэчы вашых бацькоў, вашага дзяцінства... А вы ўяўлялі, якой будзе ваша сям'я і хто будзе абраннікам?

— Мяне заўсёды прывабліваў усходні тыпаж мужчыны, аднак тое, што маім мужам будзе футбаліст з Турцыі, я нават уявіць не магла. Увогуле, не важна, якой нацыянальнасці абраннік, галоўнае, каб гэта быў твой чалавек, твая другая палавінка.

Мой каханы, Гёкхан, знайшоў мяне праз інтэрнэт, аднак убачыў упершыню па тэлевізары, калі я выступала на конкурсе Іstаnbul Sоngs: я здзівіла яго і ягоных сяброў сваім голасам і тым, што цудоўна спявала па-турэцку. Калі надышоў час прапановы рукі і сэрца, я паставіла Гёкхану ўмову — калі не пераедзе ў Мінск, значыць, мы разыходзімся (на той момант ён працаваў футбольным трэнерам на Кіпры і лічыў гэтае месца неверагодным). Пасля такога канфлікту мы не размаўлялі месяцы тры. І ў адзін цудоўны момант каханы проста сабраў чамаданы, прыехаў і сказаў: «Ну, паказвай свой край!» (смяецца). Вось ужо сем гадоў, як мы жанатыя, і калі спытаеце ў майго мужа, у якую краіну паедзем жыць, ён адкажа, што адсюль нікуды не паедзе, каханы палюбіў сталіцу, так што Беларусь — наш край.

«Ты мая, ўсё тут!»

— Як Гёкхан зрабіў вам прапанову?

— Ведаеце, як усходнія мужчыны робяць прапанову? Ты мая, і ўсё тут! (Смяецца.) А калі сур'ёзна, то пасля двух гадоў адносін і паездак адно да аднаго (а гэта складана і фізічна, і фінансава) неабходна было нешта вырашаць, бо хацелася ўжо стварыць сям'ю. Пазнаёміліся з бацькамі, пачалі рыхтавацца да вяселля. А вось рукі і сэрца, ды так, каб на калена — такога не было. Дарэчы, неабходна спытаць, чаму? (Смяецца.)

Мы распісаліся ў Мінску, а вяселле згулялі ў Стамбуле, бо ў Гёкхана шмат сяброў, родных — гасцей было каля 600—700, святкавалі наш дзень у вялікім палацы, як прынята ў Турцыі. Дарэчы, у туркаў ёсць цікавая традыцыя — пасля ўрачыстай цырымоніі госці адорваюць нявесту: на яе надзяваецца белая стужка з кішэнькамі, куды кладуць грошы альбо чапляюць спецыяльныя залатыя манеты на шпільцы. Уяўляеце, колькі ўсяго было на мне — стаяла нібы навагодняя ёлка! (Смяецца.)

— Ці ўдалося Гёкхану знайсці сябе ў Беларусі?

— Гёкхан — прафесійны футбаліст, іграў у вышэйшай лізе за знакаміты турэцкі клуб «Галатасарай». Цяпер пры садзейнічанні пасла Турцыі ў Рэспубліцы Беларусь муж стварыў футбольную каманду «Цюркспорт». У Беларусі гэта першая і пакуль адзіная турэцкая каманда, куды ўваходзяць супрацоўнікі пасольства Турцыі, а таксама турэцкія грамадзяне, што жывуць у Беларусі. Гэтай справай Гёкхан падкрэслівае сяброўства паміж нашымі роднымі краінамі. Каманда прымае ўдзел у дабрачынных турнірах і акцыях, дапамагае дзіцячым дамам. У мужа ёсць мара стварыць сваю футбольную школу, каб перадаваць веды беларускім дзецям, якія ў будучым змогуць прадстаўляць нашу Беларусь на футбольнай арэне.

Сямейныя стасункі

— Якія якасці мужа больш за ўсё шануеце?

— Мой абраннік добра выхаваны, у яго цудоўная сям'я, адукацыя. Мне падабаецца, што сужэнец не ўмешваецца ў маю прафесію, што падтрымлівае, таксама, як і я яго. Падабаецца, што Гёкхан добры сямейнік, у яго цудоўна атрымліваецца выхоўваць сына, прывіваць пяцігадоваму Гёкдэнізу паводзіны сапраўднага джэнтльмена, павагу да старэйшых. Я вельмі цаню тое, што муж дапамагае мне па доме. Звычайна з ім усё робім разам, іншы раз дапамагае мая мама, калі я, напрыклад, на гастролях. Вось зараз муж з сынам дома, мы чаргуем, так ужо прызвычаіліся рабіць, я прыеду дамоў — Гёкхан паедзе па сваіх справах. А яшчэ ён можа вяртаць мяне з нябёсаў на зямлю, бо я з гарачым тэмпераментам (усміхаецца), умее сказаць, што правільна, а што не. Мне неабходны быў такі чалавек, які гаворыць акуратна, каб не пакрыўдзіць. Хоць ёсць і іншы бок, які мне не вельмі падабаецца, — ён запальчывы, як і я. Спачатку мы нават моцна сварыліся з-за гэтага, а пасля яго матуля мяне навучыла: «Калі ён злы, ты маўчы, а калі астыне, зноў гавары яму, што лічыш неабходным, і ён усё зробіць для цябе». Я навучылася, гэта працуе, і сёння мне здаецца, што мы муж і жонка не сем гадоў, а нашмат болей. Мяне засмучае, калі маладыя кахаюць, жэняцца, а праз год разводзяцца. Ну, не атрымалася — такога не можа быць. Калі вырашылі быць разам, неабходна саступаць.

— Гюнэш, раскажыце пра сямейныя абавязкі і бюджэт.

— Кухня, натуральна, на мне, хоць мой муж вельмі добра гатуе, асабліва ў яго атрымліваецца салодкае — усе, хто да нас прыходзіць у госці, просяць ад яго фірменнае цірамісу. Толькі што я злавіла сябе на думцы, што ўсё-ткі Гёкхан больш за мяне выконвае абавязкі па доме. Я гатую, мыю, усё, што датычыцца дзіцяці — гэта я, астатняе — пыласосіць, выносіць смецце, купляе прадукты і ездзіць за рулём — муж.

Наконт сямейнага бюджэту — у нас адразу ўсё ідзе ў агульную скарбонку. У мяне ёсць свае грошы, якія я магу патраціць на сябе, і ў яго ёсць таксама. Аднак мы абмяркоўваем, што павінны купіць, што неабходна для маёй творчасці, вядома, у яго дзейнасці таксама патрэбны немалыя сродкі, каханы шмат мне дапамагае, дзякуй яму.

Асаблівыя каштоўнасці

— Мацярынства вас неяк змяніла?

— Змяніла. Я ўвогуле па жыцці вельмі актыўны чалавек, напэўна, няма такога артыста, музыканта, які мяне не ведаў бы асабіста, таму што я люблю з усімі знаёміцца, стасавацца — была паўсюль. А калі стала мамачкай, з'явіліся новыя каштоўнасці — хочацца дамоў, хутчэй да дзіцяці. На свет стала глядзець па-іншаму, часцей прыязджаю ў бацькоўскі дом, напэўна, стала лепш разумець, што такое сям'я, цаніць бацькоў і родных людзей. У мяне цяпер на першым месцы сям'я.

— Вашага сына завуць Гёкдэніз, хто выбіраў імя?

— Муж. Гёкдэніз — такое рэдкае імя, значыць «нябеснае мора», я доўга сумнявалася. Аднак, ведаеце, складана пераканаць усходняга мужчыну (усміхаецца). Сыну вельмі падабаецца яго імя, і калі ў садку гавораць, маўляў, такое імя складанае, давай ты будзеш Дзяніска, — сын адказвае — «Не, ніякі я не Дзяніска!» Ён у нас Леў па гараскопе, самастойны. Нядаўна прызнаўся мне, што ў садку дзяўчынку пацалаваў. Актыўна дапамагае нам па доме, любіць мыць посуд, мне здаецца, ён вырасце сапраўдным усходнім мужчынам. Пакуль я не ваджу яго ў гурткі, імкнуся зразумець, чаго ён хоча. Спачатку ён хацеў быць артыстам, як мама, хадзіў на ўсе канцэрты, на рэпетыцыях танчыў разам з балетам. Потым яму надакучыла, і ён стаў хадзіць з татам на трэніроўкі, на некаторы час яго зацікавіў футбол, аднак і да гэтага стаў знікаць інтарэс. Мне здаецца, што ён будзе, як дзядуля, бухгалтарам ці эканамістам, таму што яму падабаецца ўсё падлічваць. Калі ходзім у краму, Гёкдэніз мне тлумачыць, што трэба браць, а што не варта, што лепш купіць па зніжцы, такі гаспадарлівы хлопчык.

— Якія святы, нагоды абавязкова адзначаюць у вашай сям'і?

— Мы адзначаем усе святы — беларускія, азербайджанскія, турэцкія. Калісьці абмяркоўвалі ідэю сустрэць Новы год удваіх, а наш хлопчык кажа: «Як удваіх, а я?» І мы вырашылі, што будзем адзначаць гэтае свята толькі ў коле сям'і, за адным вялікім сталом, дзе будуць і мама, і тата, і дзядуля з бабуляй. Мы адпачываем душой, калі ўсе разам.

— На вашу думку, сям'я — гэта...

— Сям'я павінна быць на першым месцы ў чалавека, калі чалавек адказвае, што на першым месцы кар'ера, — тады няма сэнсу ствараць сям'ю. Мы, творчыя людзі, такія эмацыянальныя і ўспрымаем усё па-іншаму, не ведаю, што са мной было б, калі б не гэты маленькі сусвет. Таму важна, каб побач знаходзіліся людзі, якія цябе падтрымліваюць. Сям'я — гэта мая дапамога і апора.

— Дзякуй за гутарку!

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва спявачкі

Загаловак у газеце: Беларуская «дачка Усходу»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.