Вы тут

Аляксандра Урбановіч: Хацелася б, каб лёгкая атлетыка атрымала дадатковы стымул для развіцця


Аляксандры Урбановіч — 24 гады, з якіх 15 яна займаецца спортам. Цяпер дзяўчына — інструктар-метадыст спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 2 горада Ліды. Трэці год працуе трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы. Ад спартыўнай галіны абрана дэлегатам на VІ Усебеларускі сход. Гэту падзею адзначае як вельмі важную ў сваім жыцці, бо ўпершыню бярэ ўдзел у такім значным для дзяржавы мерапрыемстве.


Пачынала сваю спартыўную кар'еру Аляксандра з футбола. Бацька прывёў яе ў спартыўны клуб у шэсць гадоў. Так і займалася дзяўчынка футболам, пакуль яе не заўважыў трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы падчас школьных спаборніцтваў. Ён і перацягнуў школьніцу ў лёгкую атлетыку. З таго часу менавіта гэты спартыўны кірунак стаў галоўным у кар'еры Аляксандры. У 9-м класе яна паступіла ў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, зараз працягвае вучобу ў ВНУ і вядзе спартыўную падрыхтоўку будучых чэмпіёнаў.

У самога трэнера нямала спартыўных дасягненняў. Яна — кандыдат у майстры спорту, удзельніца чэмпіяната Еўропы сярод юніёраў, неаднаразовая пераможніца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сёлета стала пераможніцай міжгаліновай алімпіяды работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму, выступае за Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт.

Значныя намаганні Аляксандра прыкладае ў рабоце з дзецьмі. Па словах маладога трэнера, вельмі важна падабраць матываваных дзяцей, якія жадаюць будаваць сваю спартыўную кар'еру. І тут многае залежыць ад трэнера. Бо гэта яго задача — убачыць у дзіцяці задаткі спартсмена і развіваць іх.

— Галоўнае — зацікавіць дзяцей, каб яны былі скіраваны на вынік, зрабіць правільную расстаноўку. Кагосьці паставіць на доўгія дыстанцыі, кагосьці — на кароткія, іншага — на скачкі. Вядома, ёсць і методыка адбору, для трэнера існуе нямала дапаможнікаў, але нельга не ўлічваць асабістыя якасці трэнера, інтуіцыю, у спорце гэта таксама важна, — лічыць суразмоўніца. — Ну і з бацькамі наладжваць кантакт. Бо цяпер як бацькі скажуць, так дзіця і робіць. А многія хочуць бачыць сыноў і дачок знакамітымі спартсменамі.

Вядома, як дзіцячага трэнера яе цікавіць і хвалюе развіццё дзіцяча-юнацкага спорту. У яе група школьнікаў з 4-га да 6-га класа. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны на базе сярэдняй школы.

— Хацелася б, каб лёгкая атлетыка атрымала падтрымку. Лічу, што пакуль у нас недастаткова спартыўных лёгкаатлетычных збудаванняў. Займацца з вялікай колькасцю дзяцей у спартыўных залах не вельмі зручна. Хацелася б, каб былі такія збудаванні спецыяльна для лёгкай атлетыкі. Асабліва ў невялікіх гарадах.

Што датычыцца трэнерскага саставу, дэфіцыту кадраў няма. Тут працуе нямала знакамітых спартыўных педагогаў. Адметна, што працаваць вяртаюцца былыя выхаванцы дзіцяча-юнацкай школы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і спрабуюць сябе на трэнерскай рабоце. Такая магчымасць ім даецца. Усе яны любяць сваю работу і працуюць самааддана. Гэтаму спрыяе і той факт, што трэнеры мясцовыя, таму клапоцяцца аб гонары свайго роднага краю, імкнуцца праславіць яго спартыўнымі дасягненнямі. На думку Аляксандры Урбановіч, на Усебеларускім сходзе варта закрануць і гэтае пытанне, каб выхаванцы спартыўных школ вярталіся працаваць менавіта ў свае родныя ўстановы.

— Спорт у краіне развіваецца вельмі актыўна, яго пастаянна папулярызуюць — як масавы спорт, так і прафесійны. Будуецца вельмі шмат спартыўных аб'ектаў. Напрыклад, у Лідзе пабудаваны адкрыты футбольны манеж, ёсць Лядовы палац, нядаўна адкрыўся для наведвання вялікі спартыўны комплекс «Алімпія», працуе басейн, трэнажорныя залы. Створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам, і гэта вельмі запатрабавана.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.