Вы тут

Ігар Сівадзедаў: Спартсмены разумелі, што выступаюць за краіну


Юныя беларускія лёгкаатлеты здалі свой першы спартыўны экзамен. І здалі яго на «выдатна» — на 39 медалёў. Менавіта столькі ўзнагарод сабралі беларусы ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ІІ Гульняў краін СНД.


Фота Віктара Іванчыкава.


Працягваюцца спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы


11 разоў у гонар нашых лёгкаатлетаў гучаў гімн Беларусі. Іх імёны варта запомніць. Лізавета Сіткевіч перамагла ў вельмі складанай дысцыпліне — пяціборстве. Ілья Карэба фінішаваў першым на дыстанцыі 60 метраў з бар'ерамі. Эльміра Лаўрова перамагла ў кіданні дыска. Ілья Гушча стаў чэмпіёнам у кіданні кап'я. Ілья Шылец стаў чэмпіёнам у скачках у даўжыню. Анатолій Хоміч далей за ўсіх штурхнуў ядро. У жаночым фінале на 300 метраў з бар'ерамі не было роўных беларусцы Марыі Харчанцы. У спаборніцтвах па кіданні кап'я найлепшы вынік паказала беларуска Валерыя Грыцкова. Ганна Арлоўская — двухразовая чэмпіёнка ІІ Гульняў краін СНД: яна перамагла на дыстанцыях 60 метраў і 300 метраў. Беларуска Сафія Каралёнак далей за ўсіх закінула молат.

У скарбонцы беларускай каманды таксама дзевяць сярэбраных і 19 бронзавых медалёў. На п'едэстал беларусы падымаліся амаль ва ўсіх дысцыплінах. І што вельмі важна — пераможцамі і прызёрамі ІІ Гульняў краін СНД сталі юныя спартсмены з усёй Беларусі. Амаль год спецыялісты праглядалі таленавітых і перспектыўных лёгкаатлетаў з розных куткоў краіны, каб адабраць найлепшых з найлепшых. Пра тое, наколькі ім тое ўдалося, можна разважаць доўга, але найбольш красамоўна пра гэта скажуць лічбы.

Па словах дзяржаўнага трэнера па лёгкай атлетыцы Ігара Сівадзедава, медалістамі ІІ Гульняў краін СНД сталі 96 працэнтаў каманды. Таму выступленне каманды ён ацэньвае станоўча. «Тая колькасць медалёў, якія заваявалі нашы дзяўчаты і хлопцы, сведчыць аб тым, што яны справіліся з пастаўленай задачай на сто працэнтаў», — падкрэсліў Ігар Сівадзедаў.

У ІІ Гульнях краін СНД удзельнічалі лёгкаатлеты да 15 гадоў. Летнія канікулы ў падлеткаў атрымаліся зусім не такімі, як у іх аднакласнікаў. Але ж гэта спартсмены, якія ставяць перад сабой вялікія мэты. Праўда, па словах Ігара Сівадзедава, казаць пра іх перспектывы ў вялікім спорце пакуль заўчасна — за два-тры гады можа многае змяніцца. Але вопытнае вока спецыялістаў самых адораных убачыла. «У нашай камандзе сёння ёсць шэраг спартсменаў, якія ў будучыні могуць трапіць у нацыянальную каманду і добра выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Думаю, на Алімпіядзе 2032 года мы іх убачым», — падкрэсліў Ігар Сівадзедаў.

Убачым мы гэтых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях 2032 года ці не — пакажа час. А цяпер можна паглядзець на тое, як юныя героі спорту паказваюць свае найлепшыя вынікі. Па словах дзяржаўнага трэнера, медалісты ІІ Гульняў краін СНД прадэманстравалі нават больш, чым ад іх чакалі. «І гэта вельмі радуе, што на самым галоўным старце яны змаглі сабрацца і ўдасканаліць свае найлепшыя вынікі. Гэта добры бок падрыхтоўкі спартсменаў, у першую чаргу псіхалагічны, а затым фізічны і тэхнічны», — сказаў ён.

Поспех беларускай лёгкаатлетычнай зборнай на ІІ Гульнях краін СНД бачыцца больш значымым яшчэ і ад таго, што для спартсменаў гэта першы буйны міжнародны старт. Атрымліваецца, што родныя сцены сапраўды дапамагаюць. На гэта звярталі ўвагу і самі спартсмены. «Вельмі шмат эмоцый! Да апошняга не верыла, што выйграю, але вельмі рада, што атрымалася. Цяжэй за ўсё было бегчы 800 метраў. Стомленасць назбіралася, ногі балелі. Змагаліся на дыстанцыі, але я змагла вырваць перамогу. Самымі сур'ёзнымі саперніцамі, напэўна, былі сёстры Ветравы з Расіі і наша Яна Аксёнава. Думаю, што калі б мы выступалі ў іншай краіне, то ў мяне б не атрымалася справіцца з усімі цяжкасцямі і паказаць добры вынік. Бо на трыбунах не было б маёй сям'і, маіх сяброў. А тут у Мінску мяне падтрымлівалі блізкія людзі і гэта надавала мне сіл», — падзялілася Лізавета Сіткевіч.

Нягледзячы на першы падобны вопыт, да дамашніх стартаў спартсмены падышлі вельмі адказна. Ігар Сівадзедаў падкрэсліў, што ў сваім юным узросце яны разумеюць усю ступень адказнасці. «З 20 ліпеня мы праводзілі навучальна-трэніровачны збор і імкнуліся данесці дзецям важнасць мерапрыемства. Зразумела, мы стараліся іх не задушыць, каб яны не прымалі ўсё блізка да сэрца. Яны ўсе разумелі, што выступаюць за краіну, і імкнуліся паказаць свой найлепшы вынік. Яшчэ раз паўтару, 96 працэнтаў спартсменаў паказалі свае найлепшыя вынікі, гэта сведчыць аб многім, — сказаў Ігар Сівадзедаў. — Так, мы крыху саступаем Расійскай Федэрацыі па колькасці залатых медалёў, але Расія вялікая, у іх больш таленавітых спартсменаў і праз гэта нам бывае складана з імі спаборнічаць. Але мы канкурыруем з імі як роўныя і паказваем дастойную барацьбу».

Асноўная барацьба ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы сапраўды разгарнулася паміж камандамі Беларусі і Расіі. У камандным заліку спартсмены з Расійскай Федэрацыі набралі 235 балаў, што дазволіла ім заняць першае месца. На другім месцы — беларусы, у актыве нашых спартсменаў 221 бал. І замыкаюць тройку лідараў прадстаўнікі Узбекістана, якія набралі 162 балы.

Аналізуючы вынікі і робячы прагнозы, не варта забываць, што гэта ўсё ж такі пакуль дзеці. Таму ІІ Гульні краін СНД сталі для іх і святам, і магчымасцю адчуць сябе часткай важнай спартыўнай падзеі. Кожны, хто не пабаяўся выйсці на вялізны знакаміты стадыён і паказаць на ім свае найлепшыя вынікі — ужо пераможцы. У гэтым перакананы і Ігар Сівадзедаў. «Вядома, мяне найбольш парадавалі тыя дысцыпліны, дзе нашы спартсмены сталі чэмпіёнамі. Але атлеты, якія паказалі другі і трэці вынікі, — таксама вартыя пахвалы. Яны ўвогуле ўсе вялікія малайцы».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.