Вы тут

«Які будзе настаўнік, такая будзе і краіна»


Вікторыя Кумішча, дырэктар сярэдняй школы ў аграгарадку Занарач, дэпутат Занарачанскага сельскага Савета Мядзельскага раёна.


— Да Усебеларускага народнага сходу, зразумела, рыхтуюся актыўна. Да яго ўдзельнікаў хачу данесці не толькі свае думкі і прапановы, але таксама ідэі, меркаванні і падыходы аднавяскоўцаў і калег па педагагічнай рабоце, расказаць аб тым, што людзей хвалюе больш за ўсё. Лічу, што на сходзе разам трэба моцна падумаць над тым, як узняць на новы ўзровень эфектыўнасць школьнай адукацыі.

Так, размоў на гэтую тэму шмат, але і пытанняў без адказаў застаецца таксама не менш. Вядома, усе мы, дарослыя, і не толькі настаўнікі, заклапочаны выхаваннем падрастаючага пакалення. І ў гэтай справе, безумоўна, галоўная роля належыць сям’і. Тут закладваюцца рысы характару будучай асобы, адбываецца яе станаўленне. Роля сям’і — тэма асобнай вялікай размовы, а сёння хочацца пагаварыць пра школьную адукацыю і месца настаўніка ў ёй. Яно, гэтае месца, безумоўна, ключавое, цэнтральнае і г. д. Але, думаю, што далёка не ўсе нашы суграмадзяне выразна ўсведамляюць ролю педагога не толькі ў навучанні іх дзяцей, але і ў цэлым у грамадстве.

Праўда, апошнім часам сітуацыя змяняецца, дзяржава аддае больш увагі вырашэнню праблем школы ўвогуле і настаўнікаў у прыватнасці. У ходзе падрыхтоўкі да сходу нельга не прыгадаць усё тое добрае, што адбылося ў нашым аграгарадку Занарач за час пасля папярэдняга Усебеларускага народнага сходу. І адразу ўспамінаецца, як летась у святочнай атмасферы мы адкрывалі новы будынак сярэдняй школы. Аб тым, што гэта падзея далёка не мясцовага маштабу, сведчыць і той факт, што ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Будынак старой школы, у якой дзеці вучыліся ў дзве змены, ужо даўно ўстарэў фізічна і маральна, быў цесны і нязручны. На яго рамонт і рэканструкцыю прыйшлося б выдаткаваць сродкаў амаль столькі ж, колькі на ўзвядзенне новага аб’екта. Дарэчы, будаўніцтва школы абышлося ў суму больш за 4,5 мільёна рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Немалыя грошы для сельскай мясцовасці. Але, думаю, было прынята правільнае рашэнне будаваць у Занарачы сучасную школу, якая адпавядала б сённяшнім высокім патрабаванням да ўмоў для навучання дзяцей і падлеткаў.

Мяркуйце самі. Новая школа разлічана на 108 месцаў. У ёй створаны сучасныя навучальныя кабінеты, лінгафонны кабінет, камп’ютарны клас, спартыўная зала, бібліятэка, ёсць харчовы блок са сталовай, медыцынскі кабінет, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, куток «Сямейная гасцёўня» для работы «бацькоўскага ўніверсітэта». Вучні старэйшых класаў побач са школай залажылі сад: пасадзілі 45 яблынь і груш.

Што казаць, цудоўныя ўмовы для работы вясковага настаўніка. І тым не менш, мяне хвалюе пытанне, як надалей павышаць яго прэстыж у грамадстве? Пра гэта дэлегатам сходу варта падумаць разам. На мой погляд, ліміт часу на заклікі ўжо скончыўся. Упэўнена, што ў тэкст выніковых дакументаў сходу варта запісаць рашэнні, якія маглі б аблягчыць работу настаўніка і павысілі б прэстыж прафесіі, што звязана не толькі з ростам зарплаты, пашырэннем ільгот для сельскіх педагогаў. Гэта толькі частка праблемы.

На сходзе трэба будзе абмеркаваць наступныя пытанні: як палепшыць прафесійны адбор для жадаючых паступіць у педагагічныя ВНУ краіны і павялічыць колькасць бюджэтных месцаў на педагагічныя спецыяльнасці. Як шырэй выкарыстоўваць магчымасці сродкаў масавай інфармацыі, кіно і сацыяльнай рэкламы для фарміравання пазітыўнага вобраза настаўніка, як вызваліць яго ад «мора» папер для абавязковага запаўнення.

Сваечасовыя адказы на гэтыя пытанні дазволяць значна ўзмацніць кадравы патэнцыял настаўніцкага корпуса краіны, прыцягнуць на работу ў школы таленавітую моладзь.

Леанід ТУГАРЫН

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.