Вы тут

Магілёўскія фотамастакі прапануюць далучыцца да традыцыі абменьвацца навагоднімі PF-паштоўкамі


Пейзажы, партрэты, нацюрморты — чаго толькі няма на гэтых фота! Прабачце, не проста на фота — на віншаваннях. Бо на ўсіх іх абавязкова стаяць дзве маленькія літары PF. У перакладзе з французскай гэтая абрэвіятура азначае «Каб павіншаваць» (Pour Felіcіtіer), а на італьянскай гучыць яшчэ больш мілагучна — Po Felіcіta — «На шчасце». У магілёўскіх фотамайстроў ёсць шматгадовая традыцыя ў студзеньскія дні збірацца разам у народным фотаклубе «Вясёлка» і рабіць свята ў стылі PF — абменьвацца аўтарскімі паштоўкамі і выбраць з іх найлепшую. Гэты год не стаў выключэннем.


Фотамастак FІAP Зіновій Шэгельман дасылаў кранальныя «пээфкі» нават з Ізраіля.

— Традыцыя рабіць PF-паштоўкі ў народным фотаклубе «Вясёлка» існуе з пачатку 1980 гадоў, — расказвае адна з арганізатараў конкурсу, магілёўскі фотамайстар і ўладальніца багатай калекцыі «пээфак» Ірына Савосіна. — Фота абавязкова павінна быць памерам 9 на 12 або 10 на 15 сантыметраў з пазначанымі на ім надыходзячым годам і значком PF. Мы прачыталі пра гэтае мастацтва ў чэшскім часопісе «Рэвю-фатаграфія». Цяпер я нават і не ўспомню, хто нам яго прынёс. З яго мы даведаліся і пра тое, што «пээфкі» ўжо рабілі ў СССР. І адразу ж вырашылі паспрабаваць. Выбіралі, каб і сюжэт быў цікавы, і якасць, і нейкія дэталі. Усё павінна было быць элегантна. У маёй калекцыі якраз захавалася некалькі такіх віншаванак таго перыяду ад маіх настаўнікаў Зіновія Шэгельмана і Паўла Цішкоўскага. Самая ранняя — 1983 года — ад нашага калегі Аляксандра Гаражанцава, які цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу. Быў год Свінні, і на яго «пээфцы» вясёлы лычык выглядвае праз шчыліну ў агароджы. Зроблена ў духу ўсходніх календароў, якія тады якраз увайшлі ў моду.

Першую «пээфку» Ірына зрабіла ў таксама модным у 1980-я стылі «ню». Асабліва складана было зрабіць подпіс, і фотамастак Мірон Шчудло, з якім яна працавала ў той час на «Магілёўхімвалакне», вывеў ёй каліграфічным почыркам на гатовым здымку запаветныя літары — PF. Арыгінал быў памерам 24 на 30 сантыметраў, з яго Ірына потым зрабіла мініяцюру ў форме паштоўкі. Улічваючы, што пра лічбавыя апараты тады нават яшчэ і не марылі, а праяўляць плёнку і рабіць усё астатняе прыходзілася ўручную, работа сапраўды атрымлівалася штучная. Гэта сёння «Фоташоп» у дапамогу кожнаму, паставіць значок PF ды і любы іншы — не праблема, а ў 1980-я было хоць гвалт крычы. Не дзіўна, што Ірына вярнулася да гэтай традыцыі толькі пасля 15-гадовага перапынку. Хоць некаторыя яе калегі працягвалі рабіць «пээфкі», у яшчэ аднаго магілёўскага фотамайстра Аляксандра Ліціна, напрыклад, ёсць здымкі пачатку «нулявых».

«Пээфка» вядомага беларускага фотамастака з Мінска Віктара Бутры, знятая на плёнку і надрукаваная ўручную пад фотапавелічальнікам.

Дарэчы, традыцыя PF-віншаванняў нарадзілася не на пустым месцы, ёй спадарожнічала далёкая гісторыя. «Прабацькамі» сучасных «пээфак» былі паштоўкі ў стылі «адкрыты ліст». У пачатку ХХ стагоддзя можна было заказаць у фотаатэлье фотапаштоўку са сваім партрэтам. Яна друкавалася на спецыяльнай паперы, на адваротным баку яе можна было напісаць тэкст, прыклеіць марку і адправіць роднаму чалавеку па пошце. А вось значок PF з'явіўся, па некаторых даных, у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Фотааматары друкавалі свае шэдэўры ўручную пад фотапавелічальнікам і праяўлялі ў спецыяльных кюветах — фотаванначках.

— Тыраж «пээфак» заўсёды быў абмежаваны — 10—20 штук, больш ніхто ніколі не друкаваў, — кажа Ірына Савосіна. — Навошта? Ды і дорага. Сёння фатаграфічная мініяцюра стала прадметам абмену і калекцыянавання. І папоўніць калекцыю пакуль магчыма толькі адзіным спосабам: абмяняць неабходны экзэмпляр на Новы год на ўласны твор!

Магілёўскія фатографы з задавальненнем абменьваюцца «пээфкамі» і са сваімі калегамі са сталічнага фотаклуба «Мінск», дзе гэта традыцыя таксама вельмі развітая. Там многія аўтары дасюль аддаюць перавагу чорна-белай плёнцы і ручной класічнай апрацоўцы. Без усялякай «лічбы».

Той самы здымак са Святым возерам Ганса Штольца з колішняй ГДР.

— Мне падабаецца, што «пээфка» — гэта мініяцюра, аўтарская работа, — кажа Ірына. — А аўтар заўсёды стараецца паказаць свае найлепшыя рэчы, адлюстраваць уласны стыль. Сёння можна любую «штучку» смачна падаць. Мне асабіста важнае афармленне значка, прозвішча, агульны выгляд — ёсць вельмі арыгінальныя ідэі. Хоць некаторыя фота ўжо самі па сабе цікавыя і самадастатковыя, і вельмі прывабна выглядаюць у маленькім фармаце. З часам можна сабраць шыкоўную калекцыю добрых фота ад розных аўтараў.

У альбоме Ірыны Савосінай 400 «пээфак», сярод якіх можна сустрэць вельмі незвычайныя. Ёсць, напрыклад, фотапаштоўкі ад немцаў, якія ў 1980-х прыязджалі працаваць на «Магілёўхімвалакно» і здымалі Магілёў. Яны, дарэчы, былі членамі нямецкага фотаклуба ў горадзе Вільгельм-Пік-Штадт-Губен.

— На іх наш Магілёў не пазнаць, — заўважае Ірына. — На здымку Святое возера, але знятае з таго берага, адкуль мы ніколі яго не здымалі. На пярэднім плане старая лодка і подпіс ад Ганса Штольца: каб карабель быў зноў на плаву. У іх было прынята ўкладваць пэўную філасофію ў свае паштоўкі. Яго калега зняў дарогу, паказальнік і падпісаў: знайсці правільны шлях.

Найлепшая «пээфка» — 2021 ад Анатоля Мельнікава.

Апошнім часам «пээфка» трапіла ў разрад элітарнага віду мастацтва, якое існуе ў асноўным сярод фотамастакоў. Сёння зрабіць фота не праблема, трэба яшчэ чымсьці зачапіць. У пачатку кожнага года ў Магілёве вось ужо пяць сезонаў праводзіцца конкурс на найлепшую «пээфку». Летась у Магілёўскім музеі этнаграфіі Ірына Савосіна арганізавала выстаўку найбольш цікавых работ з калекцый магілёўскіх фотамайстроў Аляксандра Ліціна, Анатоля Талкачова, Андрэя Місючыка і іншых. Рэзананс быў моцны. Многія пажадалі прычыніцца да гэтага віду мастацтва.

Актыўным захавальнікам традыцыі з'яўляецца кіраўнік народнага фотаклуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў, ён адказны за клубную калекцыю. Ірына дапамагае яму апрацоўваць тыя работы, якія прыходзяць на конкурс па пошце. А сёлета наогул шмат хто прыслаў «пээфкі» ў электронным выглядзе, вырашыўшы паўдзельнічаць дыстанцыйна. Пандэмія як-ніяк. Але на творчасці гэта не вельмі адбіваецца. Тым больш што зіма нарэшце парадавала нас прыгожымі марознымі дзянёчкамі, ёсць з чаго натхніцца. Цікава, што ніводны не прысвяціў сваё фота гаспадару года — Быку. Найбольш актыўна ўпрыгожвалі сімваламі свае «пээфкі» ў гады Свінні, Пеўня, Сабакі, Зайца, Каня і нават Авечкі. Цяпер гэта не так папулярна. Больш сталі рабіць пейзажных здымкаў, філасофскіх, рэпартажных, канцэптуальных…

«Пээфка» канца 80-х Ірыны Савосінай, якую яна зрабіла са свайго здымка для міжнароднага фотасалона гумару ў балгарскім горадзе Габрава.

— Фотаздымкаў сёння ў кожнага шмат, трэба яшчэ ўмець выбраць найлепшы, — кажа Ірына. — Для гэтага не пашкодзіць ведаць, што такое кампазіцыя і святло, што такое добра і дрэнна, мець свой індывідуальны почырк. Калі асвятленне працуе і «пээфкі» выглядаюць цікава, адчуваецца рука аўтара. Нас заўсёды вучылі думаць над будучым шэдэўрам цэлы год. Я да конкурсу пачынаю рыхтавацца ўжо восенню. У апошні момант такія справы не робяцца. Якая будзе пара года на здымку, не вельмі важна. Сюжэты PF могуць быць самыя разнастайныя. Сэнс такіх карцін часцей за ўсё сімвалічны, бо Новы год — гэта мяжа, этап, пераход ад чагосьці старога да нечага новага. Таму ўпадабаныя тэмы — скрыжаванні, павароты, дарога да гарызонту, усход або захад сонца, як мяжа адыходзячага і таго, што прыходзіць, святло ў цемры, адкрытае акно або дзверы. Але колькасць падобных сімвалаў абмежаваная, і, каб не паўтарацца, многія аўтары аддаюць перавагу разнастайным асацыяцыям, камбінацыям прадметаў, мантажу, пераздымцы гістарычных дакументаў або рэпрадукцый з часопісаў. Часта гэта нават спецыяльна зробленыя пастановачныя здымкі, нацюрморты або гульня акцёраў.

PF-«прышэчпка» ад аўтара.

Сёлета работы былі ў асноўным ад магілёўскіх аўтараў, але некаторыя прыляцелі на конкурс з Мінска і нават Масквы. А «пээфкамі» года — найлепшымі падчас галасавання — сталі гэтым разам работы вядомых магілёўскіх фотамайстроў Анатоля Мельнікава, Аляксандра Ліціна і Анатоля Талкачова. Калекцыя клуба папоўнілася новымі цікавымі здымкамі, а кожны з аўтараў захаваў нешта цікавае асабіста для сябе. З гадамі гэтыя пакуль што звычайныя, на першы погляд, «пээфкі» набудуць значнасць і перададуць нашчадкам дух цяперашняй нашай сучаснасці. Дарэчы, фотааматарам з боку таксама не забараняецца браць удзел у конкурсе «пээфак». Я вось таксама рызыкнула. Асаблівай філасофіі ў маіх здымках пакуль няма, але прафесіяналам спадабалася мая прышчэпка на фоне зімовага пейзажу. Ірына дапамагала мне аформіць шэдэўр у выглядзе «пээфкі». Так што я ўжо трапіла ў гісторыю. Далучайцеся на наступны год!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Ірыны САВОСІНАЙ

Загаловак у газеце: Настрой падорыць «пээфка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.