Вы тут

«Сярод «набалелых» пытанняў — транспартныя зносіны паміж вёскамі»


Людміла Уладзіміраўна без малога 28 гадоў загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам у вёсцы Баравікі на Лунінеччыне. У зоне яе ўвагі яшчэ дзве вёскі — Лугі і Кормуж. Да раённага цэнтра адсюль 40 кіламетраў. Па меддапамогу ў Лунінец з гэтых ледзве не самых аддаленых пунктаў раёна не наездзішся. Таму Людміла Уладзіміраўна для мясцовых жыхароў, а пераважная большасць з іх — людзі сталага веку, бадай, самы важны чалавек.


У 1993 годзе яна скончыла медвучылішча № 1 у сталіцы і вярнулася на малую радзіму. Ад фельчарска-акушэрскага пункта ў Баравіках, куды ўладкавалася малады спецыяліст, да яе роднай вёскі Чучавічы, дзе яна жыве і сёння, — дзевяць кіламетраў. Да вёсак Лугі і Кормуж таксама няблізка. Але дабірацца туды медык прызвычаілася ў любое надвор'е і ў любы час сутак:

— І на машыне, і на ровары, калі надвор'е дазваляе, і на папутках, і на вазах, і пешшу — за гэтыя гады якім толькі транспартам я не карысталася, — усміхаецца суразмоўніца.

Агулам у трох вёсках сёння жыве больш за 250 чалавек.

— За доўгі час работы я ведаю не толькі ўсіх жыхароў, але і іх дзяцей і ўнукаў. Добра памятаю, хто чым хварэе, якія лекі прымае.

Да абеду Людміла Уладзіміраўна, як правіла, прымае пацыентаў у ФАПе. Змераць ціск, зрабіць укол, выпісаць рэцэпт, накіраваць да ўрача, калі патрабуецца больш сур'ёзнае абследаванне ці лячэнне, ды проста выслухаць пажылога чалавека — куды без гэтага? Пасля абеду — візіты да тых, хто не можа прыйсці самастойна.

— Пры неабходнасці звязваюся з урачом па тэлефоне ці праз «Вайбер», кансультуюся — сёння гэта вельмі дапамагае, — кажа суразмоўніца.

Перыядычна на ФАП прыязджаюць і акушэрка, і лабарант, каб узяць аналізы, і ўрач агульнай практыкі з участковай бальніцы, якая знаходзіцца ў Чучавічах. Ён аглядае пажылых пацыентаў і прызначае нескладаныя абследаванні, у прыватнасці, тую ж кардыяграму, якія робяцца на месцы. Калі патрэбна дапамога ўрача-спецыяліста — дае накіраванне ў раённую бальніцу.

На ФАПе можна набыць і неабходныя лекі:

— Акрамя пераліку прэпаратаў, якія ў нас пастаянна ў наяўнасці, прывозім тое, што заказваюць людзі.  Хтосьці просіць больш дарагі прэпарат, некаму ўрач прапісвае лекі, якія нячаста патрабуюцца, таму іх няма ў нашым асартыменце, — расказвае Людміла Уладзіміраўна.

Сярод штодзённых клопатаў медыка і не зусім звычайныя. Чаму не былі пачышчаны і пасыпаны дарогі, чаму не прыехала аўтакрама. Апошнія гады Людміла Уладзіміраўна яшчэ і дэпутат Чучавіцкага сельскага Савета, і з гэтымі пытаннямі да яе звяртаюцца жыхары.

Акрамя таго, яна яшчэ і шматдзетная мама — выхавала чацвярых дзяцей. Старэйшай дачцэ — 27 гадоў, малодшаму сыну — 20. І ўжо мае дваіх унукаў.

Нягледзячы на тое, што яна выдатна ведае клопаты і праблемы і вясковых жыхароў, і сельскай медыцыны, прызнаецца: той факт, што яе абралі дэлегатам на VІ Усебеларускі народны сход, стаў нечаканасцю:

— Адразу ўзнікла думка: чаму я? Я звычайная вясковая жанчына, якая робіць сваю работу, як і ўсе астатнія. Канешне, гэта прыемная, хоць і надзвычай адказная для мяне місія. Атрымала наказ ад аднавяскоўцаў — падзякаваць кіраўніцтву краіны за бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і пенсійнае забеспячэнне. Тое, як наладжана медыцынскае абслугоўванне ў нашых вёсках, у людзей не выклікае нараканняў. Сярод пытанняў, якія патрабуюць удасканалення, — транспартныя зносіны з аддаленымі населенымі пунктамі. Хацелася б, каб аўтобус хадзіў часцей. У прыватнасці, у нашу вёску ён прыязджае вельмі рана — у 5.50, назад вяртаецца ў 15 гадзін. Забеспячэнне вялікіх вёсак рабочымі месцамі — таксама актуальнае пытанне. Моладзь з іх з'язджае, бо няма работы. Як шматдзетная матуля, я не магу заставацца абыякавай да будучыні нашай краіны, таму планую паўдзельнічаць у абмеркаванні самых розных пытанняў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.