Вы тут

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве


У Беларусі завяршаецца распрацоўка праекта Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Дакумент будзе размешчаны на афіцыйным сайце Мністэрства адукацыі для абмеркавання, а ў далейшым вынесены на разгляд Рэспубліканскага педагагічнага савета, які плануецца правесці ў жніўні гэтага года. У аснову канцэпцыі будуць пакладзены даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя ім на Усебеларускім народным сходзе. Галоўныя прынцыпы застануцца нязменныя: гэта дзяржаўна-грамадскі характар кіравання сістэмай адукацыі, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі і павышэнне яе якасці. Аб прыярытэтах у адукацыі, вопыце работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса і ідэалагічным складніку ў выхаванні мы задалі пытанні міністру адукацыі нашай краіны Ігару КАРПЕНКУ.


Фо­та прэс-служ­бы Мі­ніс­тэр­ства аду­ка­цыі.

— Чалавечы патэнцыял — менавіта той драйвер развіцця эканомікі, які непасрэдна залежыць ад адукацыі і які знаходзіцца ў фокусе нашай увагі. У сучасным свеце менавіта адукацыя з'яўляецца асноўнай умовай устойлівага развіцця дзяржавы і, як паказалі падзеі апошняга часу, гарантам сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве.

Сёння ў Беларусі кожны можа рэалізаваць сваё права на адукацыю для таго, каб быць паспяховым і запатрабаваным у грамадстве. І гэта не пустыя словы: кожны трэці жыхар нашай краіны вучыцца! Не ўсе дзяржавы могуць сабе гэта дазволіць.

У нас на практыцы рэалізуецца найважнейшы прынцып — «адукацыя праз усё жыццё». Мы выбудоўваем сістэму адукацыі пад патрэбы эканомікі, падрыхтоўку адпаведных кадраў, інавацыйны шлях развіцця і лічбавую эканоміку.

Уражальныя вынікі былі атрыманы беларускімі падлеткамі па выніках іх удзелу ў праграме РІSА-2018. У рэйтынгу чытацкай адукаванасці яны апынуліся на 36-й пазіцыі, у матэматычнай — на 38-й, а прыродазнаўча-навуковай — на 37-й. Усяго ў даследаванні ўдзельнічалі 79 краін і адміністрацыйна-эканамічных тэрыторый. А для беларускіх падлеткаў гэта быў першы вопыт удзелу ў міжнародным даследаванні, прычым паспяховы.

Сусветным банкам Беларусі быў прысвоены рэйтынг у Індэксе чалавечага капіталу — 36-е месца сярод 174 краін. Індэкс склаў 0,7. Гэта вышэй за сярэдні паказчык для рэгіёна Еўропы, Цэнтральнай Азіі і краін з узроўнем даходу, вышэйшым за сярэдні. Для параўнання — такі ж індэкс у ЗША.

Аб прэстыжнасці і якасці беларускай адукацыі сведчыць і рост экспарту адукацыйных паслуг. У нашых установах навучаецца каля 27 тысяч замежных грамадзян са 109 краін.
Разам з тым задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі і патрабуюць вырашэння, яшчэ досыць шмат. Яны закранаюць усе кампаненты, узроўні і ступені адукацыі.

Урок афлайн і анлайн

— Ігар Васільевіч, мінулы год стаў годам выпрабаванняў і праверкі на трываласць для ўсіх, у тым ліку і для сістэмы адукацыі. Чацвёртая вучэбная чвэрць знаходзілася пад пагрозай зрыву. Гучалі прапановы абвясціць аб заўчасным заканчэнні навучальнага года для ўсіх, акрамя навучэнцаў выпускных класаў.
У педагогаў узніклі праблемы з атэстацыяй дзяцей, якія не наведвалі навучальныя ўстановы. Не ўсе настаўнікі і выкладчыкі маглі арганізаваць навучальны працэс у дыстанцыйным рэжыме. Ці былі зроблены з усяго гэтага нейкія высновы?

— Давайце прызнаем, што нягледзячы на крытыку, якая гучыць часам у адрас нацыянальнай сістэмы адукацыі, яна працуе стабільна. Ва ўмовах напружанай эпідэмічнай сітуацыі без гадавых адзнак не застаўся ніхто. Выпускныя экзамены прайшлі ў звычайным рэжыме. А ўступная кампанія ў вышэйшых навучальных установах хоць і пасунулася нязначна па часе, тым не менш завяршылася паспяхова. У супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя быў прыкладзены максімум намаганняў для таго, каб школы і дзіцячыя садкі заставаліся адкрытыя, а адукацыйны працэс не перарываўся. Праблемы, што ўзнікалі, мы вырашалі кропкава. І час паказаў правільнасць абранага намі шляху. Паводле інфармацыі ЮНІСЕФ, ад закрыцця школ пацярпела 90 працэнтаў вучняў па ўсім свеце. А ў Беларусі было забяспечана права выпускнікоў атрымаць атэстаты сталасці і ўступіць у дарослае жыццё.

Але пэўныя высновы, канешне, былі зроблены. Для папярэджання непрадказальных сітуацый у будучыні на аснове вывучэння вопыту суседніх краін і ўласных распрацовак мы стварылі сваю адукацыйную платформу для індывідуальнага навучання — Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. З 1 студзеня яна працуе ў тэставым рэжыме. Платформа не замяняе класна-ўрочную сістэму, а дапаўняе яе. Да яе можна звяртацца ў выпадку адсутнасці асобных вучняў, а таксама пры правядзенні заняткаў у аддаленым рэжыме для ўсяго класа. І, што важна, — вучань незалежны ад інтэрнэту! Атрымаўшы матэрыял на флэшцы, ён можа працаваць у зручны для яго час, напрыклад, калі вызваліцца дамашні камп'ютар, бо калі ў сям'і некалькі дзяцей школьнага ўзросту, узнікае пытанне, як ім усім займацца ў анлайн-рэжыме? Гэта каштоўна таксама для дзяцей работнікаў пасольстваў за мяжой, дзе часта няма рускамоўных школ, асабліва пры засваенні вучэбных праграм па беларускай мове і літаратуры і гісторыі Беларусі.

Навучальныя матэрыялы для платформы распрацоўваюцца з улікам узроставых асаблівасцяў вучняў, неабходнасці ўключэння іх у практычную дзейнасць, дазваляюць арганізаваць асноўныя этапы працэсу навучання (ад тлумачэння матэрыялу да яго замацавання і кантролю). Сабраны вопыт найлепшых настаўнікаў, якія самі асвоілі розныя праграмы, вывучылі методыку анлайн-урока, запісалі і адрэдагавалі матэрыял. Няхай кантэнт пакуль яшчэ не зусім дасканалы, але ён будзе пастаянна паляпшацца. Змест матэрыялаў платформы ўжо цяпер карысны маладым спецыялістам у плане павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці і вывучэння вопыту старэйшых калег. Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс падтрымліваецца Нацыянальным інстытутам адукацыі і Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Міністэрства адукацыі. Дарэчы, «прагнозы», што ён не вытрымае нагрузку, калі ўсе адначасова ўвойдуць на яго, не спраўдзіліся. Платформа працуе стабільна...

Каб разгрузіць старшакласнікаў

— Ёсць меркаванне, што той аб'ём ведаў, які даюць у школе, проста немагчыма ўпіхнуць у галаву. Адсюль і праблемы з перагружанасцю школьнікаў. Не сакрэт, што старшакласнікі не могуць ахапіць усё, таму канцэнтруюць сваю ўвагу толькі на некалькіх школьных прадметах, якія ім давядзецца здаваць пры паступленні...

— У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі зараз завяршаецца абнаўленне зместу: поўны пераход на новыя навучальныя праграмы, уключаючы базавы і павышаны ўзроўні вывучэння вучэбных прадметаў, адбудзецца ў наступным навучальным годзе.

А з гэтага навучальнага года ў рамках эксперыментальнага праекта ў 34 установах адукацыі апрабуюцца розныя варыянты ўдасканалення навучальных планаў і праграм, увядзенне інтэграваных навучальных курсаў. У тым ліку ў кантэксце падыходаў, што рэалізуюцца ў міжнародным даследаванні РІSА. У цэлым, апрабуемыя тэхналогіі даюць магчымасць навучэнцам сканцэнтраваць намаганні на вывучэнні профільных прадметаў, сэканоміўшы сілы і час на вывучэнні няпрофільных, выпрацаваць індывідуальную траекторыю навучання кожнага вучня. Пры гэтым істотна скарачаецца колькасць абавязковых прадметаў, якія вывучаюцца адначасова, кампактна фарміруюцца невялікія па аб'ёме навучальныя курсы. Прадметы, на вывучэнне якіх адводзіцца, напрыклад, адна гадзіна ў тыдзень на працягу двух гадоў, лепш засвойваць на працягу аднаго вучэбнага года, калі заняткі праводзяцца па дзве гадзіны ў тыдзень. Такім чынам можна палепшыць засваенне матэрыялу, пры гэтым навучэнцы змогуць сканцэнтраваць свае намаганні на паглыбленні ў профільныя прадметы.

Сёння ў нас створана сур'ёзная база для арганізацыі профільнага навучання. Дзейнічае вялікая колькасць класаў эканамічнай і гуманітарнай скіраванасці. Між іншым, існуе патрэба ў класах фізіка-матэматычнай, хіміка-матэматычнай, хіміка-біялагічнай і інфарматыка-матэматычнай скіраванасці. Лічу, што профільныя класы павінны фарміравацца не толькі зыходзячы з пажаданняў бацькоў і навучэнцаў, як гэта часта адбываецца, а ў першую чаргу пад спецыяльнасці, запатрабаваныя рэальным сектарам эканомікі канкрэтнага рэгіёна. Профільнае навучанне павінна матываваць вучняў на атрыманне тых прафесій, якія запатрабаваны на рынку працы. Ідучы ў профільны дзясяты клас, вучань ужо павінен ведаць сваю адукацыйную траекторыю пасля заканчэння сярэдняй школы. Для гэтага органы мясцовай выканаўчай улады павінны стварыць аптымальную адукацыйную сетку ў сваіх раёнах.

У краіне адкрыты класы педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай і ваенна-патрыятычнай скіраванасці. Значны крок зроблены ў развіцці дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання. Для навучэнцаў базавых 10—11 класаў у рамках працоўнага навучання рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых. Пералік прафесій уключае ўжо больш як 100 пазіцый. Па завяршэнні навучання даецца магчымасць здаць кваліфікацыйны экзамен. Лічу, што ў будучыні кваліфікацыйны экзамен павінен стаць абавязковым для ўсіх навучэнцаў базавых класаў. Зараз у гэтым кірунку трэба праводзіць тлумачальную, прафарыентацыйную работу з вучнямі і іх бацькамі. І, што важна, — распрацаваць праграмы, інтэграваныя з праграмамі прафесійна-тэхнічнага і сярэдняга спецыяльнага навучання. Для таго каб, атрымаўшы ў школе асновы прафесіі, чалавек мог у больш кароткія тэрміны прайсці навучанне і атрымаць дыплом.

— Ігар Васільевіч, а калі мы дачакаемся ўвядзення незалежнай атэстацыі на выхадзе са школы?

— Нюансы новага механізму правядзення выніковай атэстацыі выпускнікоў усё яшчэ абмяркоўваюцца, але асноўная сутнасць змен — у скарачэнні нагрузкі на выпускнікоў за кошт сумяшчэння выпускных і ўступных іспытаў. Даныя праведзенага незалежнага даследавання паказалі, што больш за 65 працэнтаў апытаных бацькоў, настаўнікаў і саміх вучняў падтрымліваюць такі падыход.

Намі таксама было прапанавана выстаўляць у атэстат толькі тую адзнаку, якая будзе атрымана па выніках здачы Нацыянальнага экзамену. Гэта значыць, аб'ектыўную, рэальную, як кажуць, не «нацягнутую», і вось тут мы сустрэлі супраціўленне. Прычым у найбольшай ступені ад настаўнікаў, якія кажуць: «Не хочам толькі адзнаку за Нацыянальны экзамен. Давайце сярэднюю, з улікам гадавой адзнакі па прадмеце».

А чаму? Каб схаваць слабую падрыхтоўку вучня, а, значыць, і дрэнную работу самога настаўніка? А можа, каб была магчымасць завышаць асобным вучням балы ў атэстаце, нівеліруючы «ліпавай» гадавой адзнакай аб'ектыўны вынік незалежнага экзамену? Але так мы якасць школьнай адукацыі ніколі не палепшым. І не трэба хавацца за выхаваўчай і стымулюючай функцыяй ацэнкі. Гэтыя функцыі павінны рэалізоўвацца ў бягучай атэстацыі, а не ў выніковай.

З улікам неабходнасці апрабацыі новай мадэлі, унясення змяненняў у нарматыўныя акты, правядзення інфармацыйна-растлумачальнай работы, падрыхтоўкі саміх настаўнікаў лічым найбольш апраўданым рэалізаваць новыя падыходы пасля іх дбайнай прапрацоўкі, даўшы час на іх метадычную адаптацыю.

Таксама плануецца ўдасканаленне правілаў прыёму ў ВНУ і каледжы з такім разлікам, каб ацэньваць не толькі пададзеныя ў прыёмную камісію балы і лічбы, але перш за ўсё чалавека, яго індывідуальныя якасці і здольнасці. Пры гэтым захаваюцца прынцыпы
празрыстасці і справядлівасці пры правядзенні ўступных іспытаў і залічэнні.

Асабісты прыклад

— На выніковай калегіі свайго ведамства вы сказалі, што школа, ліцэй, каледж, універсітэт — не пляцоўкі для палітычных баталій. Сістэма адукацыі — не бізнес-асяроддзе і не сфера паслуг, а інстытут сацыялізацыі моладзі, які забяспечвае выхаванне асобы, фарміруе яе светапогляд і шырокую эрудыцыю…

— Эфектыўнасць вырашэння выхаваўчых задач, якія стаяць перад намі, залежыць ад многіх фактараў, перш за ўсё, ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, узораў сапраўднай маральнасці і духоўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму,
якія выкарыстоўваюцца педагогам на ўроках, а, значыць, ад яго прафесіяналізму. Кожны школьны прадмет, кожная ўніверсітэцкая дысцыпліна аказваюць значны ўплыў на фарміраванне светапогляду дзяцей і моладзі, але найбольш моцнае — сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны.

Жнівеньскія падзеі паказалі, наколькі важна не дапусціць уплыву дэструктыўных сіл на неакрэплыя маладыя розумы, зберагчы іх ад пратэсных заклікаў да дэстабілізацыі ў грамадстве, ад удзелу ў антыдзяржаўных акцыях. Таму разам з традыцыйнымі патрабуюцца новыя падыходы да выхаваўчай работы. Задача ў тым, каб аб'яднаць разрозненыя ініцыятывы ў цэласную сістэму, дасягнуць адзінства ўсіх сацыяльных інстытутаў (школы, сям'і і грамадскасці) у пытаннях выхавання.

Для каардынацыі дзейнасці розных структур ствараецца Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, які будзе забяспечваць работу з моладдзю праз падтрымку дзейнасці студэнцкага самакіравання, маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў пры шырокім інфармацыйным суправаджэнні дадзенай работы.

Да актыўных формаў работы падключылася студэнцкая і працоўная моладзь. Па іх ініцыятыве былі створаны дыскусійныя пляцоўкі, клубы выпускнікоў. У 2020 годзе на дыялогавых пляцоўках у рэгіёнах прайшло шырокае абмеркаванне пытанняў удасканалення работы з моладдзю, абмеркаванне Стратэгіі маладзёжнай палітыкі. Новай формай арганізацыі выхаваўчай работы стаў адкрыты дыстанцыйны марафон праектаў «Мы дзейнічаем!». Для яго рэалізацыі на Нацыянальным адукацыйным партале
адкрыта інтэрнэт-пляцоўка для ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў праекта «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна).

Сёння дзяржавай створаны неабходныя ўмовы для самарэалізацыі і развіцця маладых людзей. Але, як паказала практыка, патрабуюцца дадатковыя «сацыяльныя ліфты», новыя формы дыялогу ўлады і моладзі. У сувязі з гэтым у рэгіёнах актыўна развіваецца абласны і гарадскі маладзёжны парламенцкі рух. Летась быў створаны Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Прапрацоўваецца таксама пытанне па пашырэнні формаў падтрымкі сацыяльна значных ініцыятыў моладзі. Адной з іх стане сістэма адкрытых конкурсаў і вылучэнне грантаў на рэалізацыю маладзёжных праектаў.

Зразумела, што сацыяльныя і асобасныя кампетэнцыі навучэнцаў і студэнтаў фарміруюцца перш за ўсё асабістым прыкладам настаўніка, выкладчыка і выхавальніка. Іх па звычцы лічаць асноўнымі носьбітамі ведаў, духоўных і культурных каштоўнасцяў. Але давайце прызнаем: сёння ў сістэму адукацыі прыходзіць зусім іншае пакаленне педагогаў. Нярэдка іх саміх прыходзіцца вучыць і ідэалам, і адказнасці за даручаную справу. Таму хацеў бы звярнуцца да мудрых і дасведчаных педагогаў, якія ёсць у кожнай установе адукацыі: вазьміце нашу маладую змену пад асаблівую апеку. Трэба адрадзіць традыцыі настаўніцтва ў педагагічных калектывах.

З выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў запланавана стварэнне адзінай інфармацыйнай інтэрактыўнай платформы па патрыятычным выхаванні, на якой будуць прадстаўлены нарматыўная база, метадычны матэрыял, найлепшы вопыт і найлепшыя практыкі.

Педагог павінен не толькі атрымліваць інфармацыю з сацыяльнай сеткі, а працаваць у ёй. Калі гэтага не будзе, то знойдуцца іншыя, чыё меркаванне для падлеткаў і маладых людзей стане вырашальным. На працягу года адкрылася шмат дэструктыўных анлайн-пляцовак, у тым ліку для педагагічнай, бацькоўскай і маладзёжнай аўдыторыі, асноўнай мэтай якіх з'яўляецца раскол педагагічнай супольнасці і ўцягванне яго прадстаўнікоў у дэструктыўную дзейнасць. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што педагогі сёння недастаткова валодаюць вопытам работы ў сацсетках. І гэты прабел трэба тэрмінова ліквідаваць: Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, РІПА, РІВШ, абласныя інстытуты развіцця адукацыі павінны арганізаваць навучанне класных кіраўнікоў, куратараў груп з наступным ахопам настаўнікаў-прадметнікаў, каб паказаць на практыцы, на што звяртаць увагу пры аналізе старонак дзяцей і моладзі, як арганізаваць работу з класам ці групай праз віртуальную суполку.

Сацыяльныя сеткі перастануць быць стыхійнай і некіруемай з'явай толькі ў тым выпадку, калі педагог будзе прыняты і запатрабаваны падлеткамі і моладдзю ў інтэрнэт-прасторы. Наогул жа да сацыяльных сетак трэба ставіцца не як да альтэрнатывы традыцыйнай сістэме выхавання, а як да яе працягу. Тут ёсць мноства нюансаў: недапушчальна, калі ва ўстанове адукацыі педагог кажа літаратурнай мовай, распавядае дзецям пра поспехі краіны, вучыць добраму і прыгожаму, а ў сеціве паводзіць сябе непрыстойна.

Хачу дадаць, што ў гэтым годзе плануецца таксама стварэнне Фонду маладзёжных ініцыятыў — інфармацыйнай сеткі ў інтэрнэце, праз якую моладзь будзе атрымліваць звесткі аб праектах і мерах дзяржаўнай падтрымкі.

Мяркую, правільна будзе падтрымаць ініцыятыву маладых людзей па арганізацыі інфармацыйнага цэнтра, задачамі якога стануць інтэграванне тэлеграм-каналаў, прасоўванне такіх інтэрнэт-рэсурсаў, як «Маладзёжны цягнік», «Настаўніцкая газета», стварэнне ў іх чатаў з мэтай зваротнай сувязі, абмеркавання надзённых праблем сістэмы адукацыі і ўнясення канструктыўных прапаноў.

Будуць стварацца інфармацыйныя пулы, куды ўвойдуць лідары грамадскіх меркаванняў, папулярныя блогеры, яркія прадстаўнікі педагагічнай супольнасці. Менавіта яны павінны стаць актыўнымі мадэратарамі анлайн- і афлайн-пляцовак.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».