Вы тут

Што і пачым прапануюць на вясну і лета аздараўленчыя ўстановы


Як беларускія санаторыі адчувалі сябе ў перыяд пандэміі? Наколькі бяспечны быў адпачынак у іх? Чым прываблівалі яны расіян і жыхароў іншых краін? Як санаторыі плануюць працаваць сёлета і калі варта пачынаць думаць пра пуцёўкі, каб адпачыць летам 2021-га? Пра гэта і іншае расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.


Пандэмія з мінімальнымі наступствамі

Нягледзячы на тое што мінулы год быў праблемны для дзейнасці сістэмы санаторна-курортнага лячэння, санаторыі з мінімальнымі негатыўнымі наступствамі прайшлі перыяд першай і другой хваль пандэміі. Нават улічваючы той факт, што ў перыяд з 1 мая да 15 чэрвеня 2020 года іх дзейнасць прыйшлося часова прыпыніць.

— Сярэднегадавая запаўняльнасць санаторна-курортных арганізацый склала летась каля 60 %, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Зыходзячы з рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, згодна з якімі працавалі ўстановы, максімальная запаўняльнасць мусіла складаць 70-80 %, каб захоўваць сацыяльную дыстанцыю і прытрымлівацца іншых мер бяспекі. З улікам таго, што дзейнасць была прыпынена намі з 1 мая да 15 чэрвеня, на мой погляд, гэта нядрэнны паказчык.

Летась у беларускіх санаторыях прайшло аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне каля 800 тысяч чалавек. У тым ліку за кошт бюджэту — больш за 450 тысяч, а звыш 300 тысяч пуцёвак грамадзяне набылі за ўласны кошт. У больш паспяховым 2019 годзе ў санаторыях пабывала больш чым 1 мільён 300 тысяч чалавек.

Прыярытэт — дзіцячаму аздараўленню

Прыярытэт у аздараўленні за кошт бюджэту летась традыцыйна аддаваўся дзецям. Больш за 80 % бюджэтных сродкаў было накіравана на іх аздараўленне і лячэнне. У 2020 годзе аздаравілася 173 тысячы дзяцей. Улічваючы той факт, што да 15 чэрвеня дзіцячыя лагеры таксама не працавалі, першая змена па сутнасці была страчана.

— Ніякіх планавых аб'ёмаў у аздараўленні дзяцей не даводзілася і не даводзіцца, мы працуем па заяўным прынцыпе на працягу некалькіх апошніх гадоў. Усе дзеці, якія маюць патрэбу ў аздараўленні, яго праходзяць. Попыт нарастаў да канца летняй кампаніі. У нас былі адзінкавыя завозныя выпадкі каранавіруснай інфекцыі, якія лакалізаваліся ў кароткія тэрміны з мінімальнымі наступствамі. Ніякіх надзвычайных сітуацый (прытым, што ў лагерах пабывала 173 тысячы чалавек) адзначана не было, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

У бягучым годзе ў аздараўленні дзяцей плануюць выйсці на аб'ёмы паспяховых гадоў. Напярэдадні правядзення летняга аздараўлення сабраны заяўкі па абласцях. Пажаданне пабываць у лагеры выказала больш чым 344 тысячы дзяцей.

На май забраніравана больш як палова месцаў

Зрэшты, паводле інфармацыі суразмоўніка, у санаторна-курортным лячэнні дарослых выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй не было. Рэспубліканскі цэнтр штодзённа маніторыць сітуацыю ў кожнай санаторна-курортнай установе, а іх сёння 106 амаль на 29 тысяч ложка-месцаў, і больш за 60 аздараўленчых устаноў.

На працягу першага квартала бягучага года запаўняльнасць складае 60 %.

— Адзначаецца павелічэнне глыбіні продажаў пуцёвак на наступныя месяцы. На май сёння забраніравана больш за 50 % месцаў у санаторыях. Гэта выклікае аптымізм, спадзяёмся, што 2021 год будзе больш паспяховы і мы выйдзем на аб'ёмы, супастаўныя з папярэднімі перыядамі работы.

Сёння беларусы не маюць магчымасці выезду ў беларускія санаторыі за мяжой — у Юрмалу, Друскінінкай, Туапсэ і Сочы. Вызваленыя грошы ідуць на набыццё пуцёвак на тэрыторыі Беларусі.

Для непрацуючых грамадзян (пенсіянераў і інвалідаў) летась было набыта каля 22 тысяч пуцёвак. У іх ліку каля 40 % інвалідаў І і ІІ груп. Яны ў адпаведнасці з заканадаўствам на 100 % рэалізуюць сваё права на санаторна-курортнае аздараўленне адзін раз на два гады. З году ў год расце колькасць устаноў, якія забяспечваюць доступ да сваіх паслуг інвалідам. Безбар'ернае асяроддзе маюць сёння каля 40 санаторыяў (для параўнання, яшчэ дзесяцігоддзе таму налічвалася ўсяго два дзясяткі месцаў). Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што мэтанакіравана ўзмацняецца сістэма атэстацыі санаторыяў, дзе адным з крытэрыяў ацэнкі з'яўляецца наяўнасць безбар'ернага асяроддзя.

Замежнікаў стала менш, але іх чакаюць

Летась у Беларусі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне прайшло больш за 100 тысяч замежнікаў (у 2019-м — 242 тысячы). Больш за 90 % — грамадзяне Расіі. Выручка па экспарце паслуг скарацілася на 55 % і склала больш чым 95 мільёнаў рублёў.

— Казаць пра экспарт ва ўмовах закрытых граніц не вельмі карэктна. Але можна канстатаваць, што нават пры такіх абставінах мы дасягнулі нядрэнных паказчыкаў. У лютым у санаторна-курортных установах адпачывала ад 800 да тысячы замежных грамадзян штодзень, пры гэтым агульная колькасць усіх пастаяльцаў складае каля 15 тысяч, — падкрэсліў суразмоўнік.

Дарэчы, у перыяд навагодніх свят, калі запаўняльнасць перавышала 80 %, колькасць замежнікаў была большая, чым на працягу ўсяго года.

— Прыцягненне экспарту — адна з прыярытэтных задач, і яна для нас актуальная. У паспяховыя гады ў нас адпачывала каля 240 тысяч замежных грамадзян, і мы бачым адтэрмінаваны попыт на гэты від паслуг. Мяркую, што з паляпшэннем эпідсітуацыі адновіцца турпаток, прычым не толькі з усходняга, але і заходняга напрамку, бо шмат было зроблена па лібералізацыі візавага рэжыму. І першыя водгукі, і вопыт наведвання грамадзянамі Заходняй Еўропы нашай краіны былі станоўчыя.

Цэны павышаць не будуць

Па выніках студзеня-лютага 2021 года кошт размяшчэння ў двухмесным нумары ў санаторыі з комплексам санаторна-курортных паслуг (лячэнне, пражыванне і харчаванне) складаў 63,3 рубля за суткі.

— У параўнанні са снежнем 2020-га гэтая лічба нават на пару працэнтаў ніжэйшая. Таму сёння ва ўмовах паніжанага попыту і няпоўнай запаўняльнасці цэны не павышаюцца і не будуць павышацца, — пракаментаваў Генадзь Балбатоўскі. — На працягу 2020 года дзякуючы цанавой палітыцы, добрай рабоце маркетынгавых службаў, мы прыцягнулі беларусаў, чым кампенсавалі адсутнасць часткі замежнікаў. Цанавы крытэрый спрыяў таму, што запаўняльнасць была стабільная, цэны не павышаліся, санаторыі давалі зніжкі і праводзілі акцыі.

Генадзь Балбатоўскі расказаў, што сітуацыю з пандэміяй санаторыі выкарысталі для рамонтаў, рэканструкцыі і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. У 2020 годзе на гэтыя мэты было затрачана 108 мільёнаў рублёў — амаль у 1,5 раза больш, чым пазалетась.

— Штогод дадзеная лічба расла і ў 2019-м дасягнула максімуму — 78 мільёнаў рублёў. А ў 2020 годзе ў гэтым плане ўвогуле адбыўся значны прагрэс.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Час падумаць пра адпачынак

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.